У Валера Цапкалы прызналі сапраўднымі менш за патрэбныя 100 тысяч подпісаў. Барацьбу за крэсла прэзыдэнта Беларусі працягнуць 6 чалавек, у тым ліку Аляксандар Лукашэнка і Віктар Бабарыка, паведаміла 30 чэрвеня Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
ЦВК абвясьціла дадзеныя пра колькасьць прынятых у падтрымку вылучэньня кандыдатаў у прэзыдэнты подпісаў:
- Аляксандар Лукашэнка — 1 939 572 подпісаў
- Віктар Бабарыка — 165 744
- Ганна Канапацкая — 146 588
- Сяргей Чэрачань — 143 109
- Андрэй Дзьмітрыеў — 106 841
- Сьвятлана Ціханоўская — 104 757
- Валер Цапкала — 75 249
Як вынікае зь лічбаў ЦВК, былы кіраўнік ПВТ Валер Цапкала выбывае з выбарчай гонкі, бо для рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты неабходныя 100 тысяч подпісаў.
Цікава, што былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая і старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Сяргей Чэрачань пасьля падачы подпісаў у ЦВК называлі СМІ меншую колькасьць сабраных подпісаў, чым зарэгістравала ЦВК: Ганна Канапацкая заявіла, што сабрала «больш за 110 тысяч подпісаў», Сяргей Чэрачань казаў, што падаў у ЦВК 106 тысяч.
Колькі подпісаў адхілілі
Калі суаднесьці колькасьць прынятых ЦВК подпісаў з колькасьцю, якую называлі самі кандыдаты, лічбы выглядаюць так:
- Аляксандар Лукашэнка — залічылі 97% ад пададзеных 2 млн подпісаў
- Віктар Бабарыка — залічылі 45% ад пададзеных 365 тысяч
- Валер Цапкала — залічылі 37,6% ад пададзеных 200 тысяч
- Сьвятлана Ціханоўская — залічылі 95% ад пададзеных 110 тысяч
- Ганна Канапацкая — залічылі 133% ад пададзеных 110 тысяч
- Сяргей Чэрачань — залічылі 135% ад пададзеных 106 тысяч
- Андрэй Дзьмітрыеў — залічылі 106 841, падаў «105–107 тысяч»
29 чэрвеня на паседжаньнях тэрытарыяльных камісій па выбарах прэзыдэнта Беларусі адхілілі дзясяткі тысяч подпісаў за Валера Цапкалу, а таксама Віктара Бабарыку.
30 чэрвеня паступаюць новыя зьвесткі пра адхіленьне подпісаў. У штабе Валера Цапкалы заявілі, што ведаюць пра 38 тысяч забракаваных подпісаў. Агулам Цапкала падаў на рэгістрацыю 160 тысяч подпісаў.
Як вынікае зь лічбаў ЦВК, забракавалі большую іх палову.
Таксама больш за палову подпісаў забракавалі ў Віктара Бабарыкі. Паводле ягонага штабу, у ЦВК здалі 365 тысяч (а ўсяго сабралі значна больш — 434 985).
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.