Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можа міліцыянт адмовіцца выконваць загад аб ужываньні зброі


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Дзень Волі ў Менску, 25 сакавіка 2017 году
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Дзень Волі ў Менску, 25 сакавіка 2017 году

І якое пакараньне чакае такога міліцыянта.

Ці можа супрацоўнік органаў унутраных спраў адмовіцца выконваць загад аб ужываньні зброі супраць мірных грамадзян? І якое пакараньне чакае такога міліцыянта — звальненьне са службы, суд і турма, ці адказнасьць увогуле не прадугледжана? Свабода зьвярнулася з такімі пытаньнямі да былога сьледчага пракуратуры, праваабаронцы Алега Воўчака, да падпалкоўніка міліцыі ў адстаўцы Мікалая Казлова і да генэрал-лейтэнанта міліцыі ў адстаўцы, экс-старшыні Вярхоўнага Савету Мечыслава Грыба.

Алег Воўчак: «Ні ў кога зь міліцыянтаў не падымецца рука»

Былы сьледчы, а цяпер праваабаронца Алег Воўчак выключае сытуацыю, пры якой праваахоўнікам будзе аддадзены загад на ўжываньне зброі супраць мірных дэманстрантаў і яны будуць выбіраць паміж выкананьнем такога загаду ці невыкананьнем.

Алег Воўчак
Алег Воўчак

«Па-першае, любы супрацоўнік унутраных спраў адпаведна з Законам „Аб міліцыі“ і службовымі інструкцыямі выконвае толькі законныя загады», — сказаў Алег Воўчак і спаслаўся на тое, што незаконны загад міліцыянт можа абскардзіць і патлумачыць, з чым гэта зьвязана. Паводле Алега Воўчака, падобны парадак прадугледжаны Законам «Аб міліцыі» і Палажэньнем аб праходжаньні службы ў праваахоўных органах і ўнутраных войсках МУС.

«Такога супрацоўніка нельга прыцягнуць да адказнасьці за адмову выконваць загад, калі ён лічыць, што загад незаконны. А такі загад абавязкова будзе прызнаны незаконным», — перакананы праваабаронца.

Алег Воўчак пералічыў службовых асобаў, якія могуць аддаць адмысловыя загады, у тым ліку аб ужываньні зброі.

«Магчыма, міністар МУС, камандзір СОБРа. Але, зразумела, калі да гэтага дойдзе, дык загад будзе вусны, а ў пісьмовай форме ніхто такую рэч не падпіша, каб не пакідаць сьлядоў. У нас ёсьць адмысловыя падразьдзяленьні, як „Альфа“, „Алмаз“, якія рыхтуюцца да абясшкоджваньня тэрарыстаў, узброеных злачынцаў — вось ім можна аддаць загад на ліквідацыю меркаванага стралка, чалавека са зброяй, але толькі гэтых. А калі мірныя людзі будуць стаяць? Гэта абсурд, што аддадуць такі загад і ў кагосьці зь міліцыянтаў падымецца рука. Перакананы, не давядзецца і адмаўляцца», — мяркуе праваабаронца Алег Воўчак.

Мікалай Казлоў: «Ад удзелу ў правакацыі супраць Ціханоўскага таксама павінны былі б адмовіцца, але не...»

Несьці службу ў міліцыі немагчыма, калі не выконваць загады, пагаджаецца былі супрацоўнік менскай гарадзкой міліцыі Мікалай Казлоў. Але прапаноўвае былым калегам прытрымлівацца ня толькі правілаў, прапісаных інструкцыямі.

Мікалай Казлоў
Мікалай Казлоў

«Заўсёды трэба вызначаць для сябе, які загад атрымліваеш: законны ці не. Супрацоўнік міліцыі мае права не выконваць злачынны загад», — мяркуе Мікалай Казлоў і спасылаецца на Крымінальны Кодэкс, які забараняе зьдзяйсьняць злачынствы і прадугледжвае адказнасьць за злачынныя дзеяньні.

«Калі ты выконваеш злачынны загад, дык таксама робісься саўдзельнікам злачынства. Да прыкладу, на маю думку, злачынным загадам была правакацыя супраць Сяргея Ціханоўскага, і супрацоўнікі тых праваахоўных органаў, якія яго выконвалі, таксама ўдзельнічалі ў злачынстве.

Калі праводзілі правакацыю, калі фальшавалі справы — рабілі злачынствы. Яны мелі права адмовіцца, але не адмовіліся. Сьледчы меў права адмовіцца заводзіць справу з надуманых прычын. Міліцыянт, які карцінна паваліўся на асфальце, таксама мог адмовіцца выконваць гэтую ролю, бо відавочна забясьпечваў фальшывыя доказы віны невінаватага чалавека.

Мяркую, прыйдзе час, і яны за гэта адкажуць. А вось калі б адмовіліся, ім бы нічога не было. Закон на іх баку, няма такога артыкула, за які іх маглі б прыцягнуць да адказнасьці, калі б яны адмовіліся ў гэтым удзельнічаць. Вядома, маглі б узьнікнуць нейкія праблемы па службе: не дадуць прэміі за нешта, яшчэ што такое ж дробнае. Але трэба выбіраць: альбо сёньня праблемы, альбо заўтра крымінальная справа», — мяркуе Мікалай Казлоў.

«У нас магчымасьць страляць строга абмежаваная, гэтыя сытуацыі расьпісаныя».

Што да сытуацыі, калі міліцыянт атрымае загад ужываць зброю супраць мірных дэманстрантаў, дык яе Мікалай Казлоў таксама ўвогуле выключае.

«У адносінах да супрацоўніка, які адмовіўся ўжываць зброю супраць мірных дэманстрантаў, могуць завесьці крымінальную справу, але гэта будзе незаконна. Наадварот, камандзір, які аддаў такі загад, можа пайсьці пад суд, бо закон забараняе ўвогуле ўжываць зброю пры вялікай колькасьці людзей, якія могуць пацярпець. Гэта ў законе „Аб міліцыі“, у 29-м артыкуле ясна запісана. „Пры значным зграмаджэньні людзей“, калі пры гэтым могуць пацярпець староньнія людзі, нельга ўжываць і страляць. І калі ў такіх умовах аддаюць загад страляць, дык такі загад якраз і становіцца злачынным, і людзі, якія аддалі такі загад, становяцца злачынцамі», — мяркуе Мікалай Казлоў.

Лідэр АГП Мікалай Казлоў спадзяецца, што цягам выбараў удасца мірна зьмяніць уладу і выключыць нават тэарэтычныя магчымасьці ўжываньня зброі супроць мірных пратэстоўцаў.

Мечыслаў Грыб: «У прэзыдэнта няма паўнамоцтваў аддаваць загад на ўжываньне зброі»

Былы Старшыня Вярхоўнага Савету, генэрал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб перакананы, што супрацоўнік міліцыі, які адмовіцца выконваць загад аб ужываньні зброі супраць мірных дэманстрантаў, ня можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці, бо такі загад злачынны.

Мечыслаў Грыб
Мечыслаў Грыб

«Максымум, што яму можа пагражаць у такім выпадку, — гэта звальненьне са службы з фармулёўкай аб „страце даверу“. Але гэта лепш, чым потым несьці адказнасьць за саўдзел у злачынстве па факце ўжываньня зброі супраць народу», — мяркуе Мечыслаў Грыб.

Як былы старшыня Вярхоўнага Савету і дэпутат Мечыслаў Грыб добра ведае закон «Аб міліцыі», у 29 артыкуле якога вядзецца пра парадак ужываньня і выкарыстоўваньня зброі. Ці ня могуць стаць падставай для загаду на ўжываньне зброі супроць дэманстрантаў тыя палажэньні закону, дзе вядзецца пра «напад на супрацоўніка», у тым ліку ў складзе групы? Хіба ня могуць правакатары падкінуць мірным дэманстрантам «жалезныя пруты» або нават агнястрэльную зброю, каб потым абвінаваціць у падрыхтоўцы да нападу і гэтак абгрунтаваць загад аб ужываньні зброі?

Мечыслаў Грыб згодны, што такія правакацыі магчымыя. Але зьвяртае ўвагу на асаблівасьць закону «Аб міліцыі»:

«Каб ужываць зброю ў выпадку нападу, супрацоўніку непатрэбны загад, ён сам павінен гэта вызначаць, прычым прадугледжана адказнасьць за ягоныя незаконныя дзеяньні. Але гэтая сытуацыя ўвогуле ня тычыцца масавых мерапрыемстваў. Ужываць зброю магчыма толькі супраць асобных узброеных людзей, ад якіх ёсьць пагроза бясьпецы, і ўвогуле забаронена гэта рабіць пры масавым зграмаджэньні людзей, якія могуць пацярпець», — мяркуе Мечыслаў Грыб.

У 29 артыкуле Закону «Аб міліцыі» рэдакцыі 2007 году ёсьць такі пункт. «Супрацоўнік органаў унутраных спраў мае права на ўжываньне зброі, у тым ліку агнястрэльнай, і на выкарыстоўваньне агнястрэльнай зброі таксама ў іншых выпадках, якія вызначае Прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь». Ці вядома былому старшыні Вярхоўнага Савету, якія гэта «іншыя выпадкі»?

«Гэты пункт зьявіўся пазьней, у першым варыянце закону, які прымаў Вярхоўны Савет, яго не было. Але згодна з Канстытуцыяй у Прэзыдэнта няма такіх паўнамоцтваў, каб аддаваць загад на ўжываньне зброі. Ягоныя паўнамоцтвы выкладзеныя ў Канстытуцыі, і там няма такіх артыкулаў наконт выкарыстаньня зброі. Калі мянялі закон „Аб міліцыі“, у новы варыянт упісалі такі пункт, я лічу, каб дагадзіць Лукашэнку. Але Канстытуцыя, нават новая, 1996 году, гэтага не прадугледжвае. І калі такі загад будзе аддадзены, ён будзе незаконны», — мяркуе Мечыслаў Грыб.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG