Міністар унутраных справаў Беларусі Юры Караеў 25 чэрвеня выступіў у Акадэміі МУС і расказаў пра затрыманьні на акцыях у Менску.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Што казаў Караеў:
- «Падзеі ў Менску часам накіраваныя на разгойдваньне сытуацыі, і пад выглядам нібыта мірных пратэстаў і такіх выказваньняў нязгоды зь нейкімі дзеяньнямі ўлады тоіцца часам велізарная небясьпека».
- «Калі пікеты ператвараюцца ў несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы, яны закранаюць вялікую колькасьць староньніх людзей, якія ня маюць дачыненьня да гэтага і не жадаюць у гэтым удзельнічаць».
- «Сваім месцам правядзеньня ілжэпікетаў, якія ператвараюцца ў гэтыя ланцугі і нейкія іншыя рэчы, гэтыя людзі падстаўляюць тых, хто ня хоча ў гэтым удзельнічаць, пад нядобрыя рэчы».
- «Тыя, хто гэта арганізоўваў, дасягаюць сваёй мэты прыцягнуць на свой бок як быццам закранутых уладай або праваахоўнымі органамі».
- «Я ў гэтай сытуацыі патрабую ад супрацоўнікаў міліцыі, каб мы лепш недаціснулі, чым пераціснулі, каб да нас не траплялі людзі, якія не хацелі ў гэтым удзельнічаць».
- «Таму я кажу супрацоўнікам АМАП, калі яны кагосьці выцясьняюць, то лепш хай яны падставяцца самі, але нікога, ня дай бог, ня б'юць, не ўжываюць фізычнай сілы, тым больш не дастаюць спэцсродкі».
- «Дастаўлялі ў органы ўнутраных справаў для разбору толькі тых, хто спэцыяльна, наўмысна, ігнаруючы шматразовыя патрабаваньні і нават намёк зь фізычным выштурхваньнем, але ласкавым такім, негвалтоўным. Тых, хто ўсё роўна імкнецца працягнуць гэтыя мерапрыемствы, дэстабілізаваць сытуацыю, дарожны рух, рух па ходніках, і ўцягнуць у гэтыя падзеі недатычных людзей».
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.