Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кіравацца агульным дабром грамадзтва, а ня толькі прасоўваньнем свайго іміджу», — Арцыбіскуп Кандрусевіч пра перадвыбарчую сытуацыю


мітрапаліт Менска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
мітрапаліт Менска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

19 чэрвеня мітрапаліт Менска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч закрануў сытуацыю ў Беларусі падчас імшы ў менскім катэдральным касьцёле Найсьвяцейшага Імя Марыі з нагоды сьвята Найсьвяцейшага Сэрца Ісуса, піша catholic.by.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Кіраўнік каталіцкага эпіскапату ў Беларусі адзначыў, што ўсе непаразуменьні неабходна вырашаць шляхам дыялёгу і ў духу ўзаемнай павагі.

Гаворачы пра сёньняшнюю сытуацыю ў Беларусі, мітрапаліт Менска-Магілёўскі адзначыў:

«Мы розныя, што натуральна, і таму маем розныя меркаваньні адносна тых самых праблемаў і пытаньняў. І ў сям’і ўсе розныя, але гэта — адна сям’я, і ўсе клапоцяцца адзін пра аднаго, пра супольнае дабро. Так і ў грамадзтве мы перш за ўсё павінны кіравацца агульным дабром грамадзтва, а ня толькі прасоўваньнем свайго іміджу. Таму ў гэты складаны і нават неспакойны час нашай гісторыі напярэдадні выбараў усім палітычным і грамадзкім сілам неабходна перш за ўсё думаць пра агульнае дабро грамадзтва і нашу супольную будучыню, каб яна будавалася перадусім на ўзаемапавазе і любові да бліжняга, а складаныя пытаньні вырашаліся шляхам узаемнага дыялёгу», — падкрэсьліў кіраўнік беларускага каталіцкага эпіскапату.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG