Вядома пра затрыманьне 15 чалавек, якія працуюць альбо працавалі ў «Белгазпрамбанку», а таксама блізкіх да яго структурах. Свабода першай са СМІ пагаварыла са сваякамі затрыманых у менскім офісе банку.
11 чэрвеня стала вядома пра ператрусы ў галоўным офісе «Белгазпрамбанку», які да нядаўняга часу ўзначальваў патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. У той жа дзень затрымалі 15 чалавек. Некаторыя зь іх на момант затрыманьня былі дзейнымі супрацоўнікамі банку, а таксама ўваходзілі ў ініцыятыўную групу Віктара Бабарыкі.
Родныя дваіх з затрыманых супрацоўнікаў банку, Дзьмітрыя Жардзецкага і Ўладзімера Дразда, расказалі Свабодзе, што адбывалася 11 чэрвеня.
«Скруцілі рукі так, што я ня мог павярнуцца, адчынілі дзьверы і выштурхалі»
Дзьмітры Жардзецкі працуе ў менскім офісе «Белгазпрамбанку» спэцыялістам у абслугоўваньні будынкаў. З словаў яго старэйшага брата Ўладзімера, зь фінансамі Дзьмітры ніяк ня быў зьвязаны, заробак у банку меў зусім невялікі. Раніцай 11 чэрвеня Дзьмітры пазваніў свайму брату і папрасіў выйсьці з пад’езду і вынесьці яму ключы ад кватэры, якая некалі належала бацькам Жардзецкіх і ў якой цяпер жыве Дзьмітры.
«Брат мне пазваніў раніцай, каля 10 гадзін, — расказвае Ўладзімер Жардзецкі. — Сказаў, што яму патрэбны ключ ад кватэры. Я спытаўся, што зь ягоным ключом. Ён адказаў, што потым растлумачыць. Я выйшаў да пад’езду, пабачыў брата. Побач былі і іншыя людзі. Падумаў, што ён з работнікамі банку разам, там яшчэ быў аўтамабіль, мікрааўтобус. Зь цёмнымі шыбамі і чамусьці без нумароў. Даў яму ключ і толькі тады даведаўся, што разам зь ім супрацоўнікі фінансавай міліцыі. Больш яму нічога не далі расказаць, заштурхалі ў аўтамабіль і зьехалі».
Уладзімер разам з жонкай вырашылі паехаць на адрас брата і паглядзець, што будзе далей. Ля пад’езду ён пабачыў ужо знаёмы мікрааўтобус без нумароў, у ім сядзелі тры чалавекі.
«Заходжу ў кватэру, налічыў там восем чалавек, акрамя майго брата, — расказвае Ўладзімер Жардзецкі. — Пакой невялікі там. Усе ў масках былі. Некаторыя яшчэ ў цёмных акулярах, усе маладыя. Пацікавіўся, што адбываецца, хто яны такія. Пачалі патрабаваць дакумэнты ў мяне. Назвацца адмаўляліся.
Адзін зь іх усё ж паказаў у выніку сваё пасьведчаньне. Там было прозьвішча Кажамякін альбо Кажамяка. Іншыя адмовіліся паказваць дакумэнты. Я прасіў, каб запрасілі панятых. Выявілася, што панятых яны ўжо прывезьлі з сабой. Брата адштурхнулі ў іншы кут пакою. Панятыя таксама былі ў масках, паказваць свае дакумэнты яны адмовіліся».
Уладзімер спрабаваў здымаць усё, што адбываецца, на тэлефон. Яго жонка хацела зрабіць тое самае. У выніку, з словаў Уладзімера, іх абодвух груба выштурхнулі з памяшканьня, хаця сам Уладзімер дагэтуль зарэгістраваны ў бацькоўскай кватэры.
«Маю жонку першую пачалі выштурхоўваць з кватэры, потым мяне, — расказвае ён. — Выштурхалі гвалтам. Я пахадзіў крыху каля дому, паспрабаваў зноў трапіць у кватэру. У мяне былі свае ключы. Сказаў ім, што я там прапісаны і хачу назіраць за тым, што будзе адбывацца, што будуць выносіць з кватэры. Пасьля гэтага да мяне ўжылі грубую фізычную сілу. Скруцілі рукі так, што я ня мог павярнуцца, адчынілі дзьверы і выштурхнулі. Дзьверы зачынілі за мной. Я пайшоў званіць у міліцыю».
Калі на месца прыехаў нарад міліцыі, людзі ў масках паказалі ім свае пасьведчаньні. Міліцыянты паведамілі Ўладзімеру, што ўсё адбываецца законна.
«Я пэўны час яшчэ пачакаў на лавачцы, потым сышоў, — працягвае ён. — Невядома было, колькі яны будуць заставацца там. Прыехаў на наступны дзень, дзьверы ў кватэру не былі зачыненыя. Проста прыкрытыя, вакно адчыненае было. Так было ўсю ноч. Гэта ўсё адбывалася 11 чэрвеня.
А ўчора раніцай прыехалі і ў маёй прысутнасьці апісалі маёмасьць. Тэлевізар і тумбу пад тэлевізарам. Перадалі мне на адказнае захоўваньне. Таму яны арыштоўваюць усю маёмасьць пад адрасам пражываньня майго брата. А таксама аўтамабіль „Шкода Рапід“. Так усё адбывалася».
Трохдзённы тэрмін папярэдняга зьняволеньня Дзьмітрыя Жардзецкага ўжо скончыўся, ён застаецца за кратамі.
«Тата пазваніў з чужога нумару і сказаў, што ён у СІЗА КДБ»
Уладзімер Дрозд працуе памочнікам намесьніка старшыні праўленьня «Белгазпрамбанку». Стаж працы ў банку большы за 15 гадоў. Пасьля заявы Віктара Бабарыкі аб жаданьні ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі Уладзімер запісаўся ў яго ініцыятыўную групу, адначасова працуючы на ранейшай пасадзе.
«Як праходзіла затрыманьне майго бацькі, я не ведаю, — расказвае Свабодзе пра падзеі 11 чэрвеня дачка Ўладзімера Дразда Аксана. — Тата проста пайшоў на працу і з працы не вярнуўся.
Удзень у дзьверы настойліва пачалі званіць. Я адчыняю, а там стаяць людзі, шэсьць чалавек. Я тады адна была дома, мне забаранілі званіць каму-небудзь. Хацела затэлефанаваць бацьку, яны адказалі мне, што тата ўсё адно ня здыме слухаўку. Ператрус адбываўся без прысутнасьці таты. У нас два пакоі ў кватэры, гэтыя людзі стараліся ўсе быць у адным пакоі са мной. Гэта быў моцны стрэс. Папрасіць некага прысутнічаць я не змагла».
З словаў Аксаны, ператрус працягваўся больш за тры гадзіны. Па яго выніках складзены пратакол, дзяўчына яго падпісала.
«Тата пазваніў з чужога нумару ў 18.05 таго ж дня, 11 чэрвеня, — працягвае Аксана Дрозд. — Сказаў, што ён затрыманы на трое сутак, знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Мы адразу ж паехалі туды, там усё было зачынена, перадачу зрабіць было немагчыма. На наступны дзень мы нанялі адваката, адвакат бачыў майго тату адзін раз. Тата працягвае знаходзіцца ў СІЗА КДБ, праз трое сутак яго не выпусьцілі. 15 чэрвеня, у панядзелак, у кватэру прыйшлі яшчэ два чалавекі, яны апісалі маёмасьць».
Як гаворыць Аксана Дрозд, родныя змаглі перадаць затрыманаму бялізну і іншыя неабходныя рэчы. Больш падрабязнай інфармацыі аб стане свайго бацькі дзяўчына не мае. У бліжэйшыя дні яны з маці паспрабуюць занесьці ў КДБ яшчэ адну перадачу.