Сакрэтныя пагадненьні, шантаж і пагрозы, раскол элітаў, подкуп і выкарыстаньне «пятай калёны», правакацыі, абвінавачаньне ахвяры ў нападзе, разьмяшчэньне войскаў на мяжы, ультыматумы, недапушчэньне міжнароднай падтрымкі, увод вайсковага кантынгенту, фікцыйныя выбары, стварэньне марыянэткавых урадаў, дэмантаж дзяржаўнасьці і рэпрэсіі — гэта мэханізм гібрыднай агрэсіі, які СССР выкарыстоўваў шмат разоў і выкарыстоўвае сучасная Расея пры Ўладзіміру Пуціну.
80 гадоў таму, у чэрвені 1940 году, Савецкі Саюз заняў краіны Балтыі. Піша Ірына Штогрын з украінскай службы Радыё Свабода.
У адпаведнасьці з сакрэтным пратаколам да пакту Рыбэнтропа — Молатава, падпісанага ў прысутнасьці Сталіна ў жніўні 1939 году, СССР дамовіўся з гітлераўскай Нямеччынай, што ў выпадку тэрытарыяльнага і палітычнага пераразьмеркаваньня Прыбалтыкі (Фінляндыя, Эстонія, Латвія, Літва), паўночная мяжа Літвы стане мяжой сфэраў інтарэсаў Нямеччыны і СССР.
Фінляндыя з падрыхтаванай арміяй і скансалідаванай палітычнай элітай выступіла з жорсткай апазыцыяй. І хоць у вайне з СССР фіны страцілі частку тэрыторыі, яны паказалі СССР, што бяз бою не здадуцца, абаранілі свой народ і захавалі незалежнасьць сваёй краіны.
У Балтыі сытуацыя была іншая: 15 чэрвеня 1940 г. савецкія войскі акупавалі Літву, а 17 чэрвеня — Латвію і Эстонію.
Храналёгія гібрыднай акупацыі
- Пасьля падпісаньня пакту з нацыстамі СССР у верасьні 1939 заняў усходнюю Польшчу.
- Пагражаючы ўзброеным нападам, Савецкі Саюз прымусіў тры краіны Балтыі восеньню 1939 г. заключыць дамовы аб узаемнай дапамозе, якія абавязвалі іх разьмясьціць на сваёй тэрыторыі савецкія гарнізоны альбо, у сучаснай тэрміналёгіі, вайсковыя базы.
- 20 000 савецкіх салдатаў увайшлі ў Літву, а па 25 000 — у Латвію і Эстонію. Гэтыя кантынгенты колькасьцю былі прыблізна роўныя арміям тых краін.
- У якасьці цынічнага стымулу, каб здэзарыентаваць палітычную эліту, Савецкі Саюз перадаў Літве Вільню з прылеглай тэрыторыяй.
- Вясной 1940 г. Сталін плянаваў напасьці на Нямеччыну, але Францыя капітулявала перад нацыстамі так хутка, што Гітлер мог супрацьставіць Чырвонай Арміі ўсю сілу вэрмахту.
- 25 траўня 1940 тагачасны кіраўнік ураду СССР Молатаў заявіў, што ў Літве чыняць правакацыі супраць савецкіх войскаў. Ішлося пра зьнікненьне двух вайскоўцаў, у датычнасьці да якога НКВД пазьней абвінаваціла прадстаўнікоў літоўскага ўраду.
- 27 траўня «выкрадзеныя» байцы Чырвонай арміі вярнуліся ў сваю частку, але заявілі, што іх «трымалі у сутарэньнях содні» і дапытвалі, спрабуючы атрымаць сакрэтную інфармацыю пра савецкую танкавую брыгаду.
- У той самы дзень намесьнік наркама абароны СССР Лакціёнаў прыбыў у Коўна і «азнаёміў літоўскі ўрад з абставінамі зьнікненьня чырвонаармейцаў».
- 4 чэрвеня 1940 г. група савецкіх войскаў пад выглядам вучэньняў рушыла да межаў Літвы, Латвіі і Эстоніі.
- 14 чэрвеня, калі нямецкія войскі ўвайшлі ў Парыж, а Літва атрымала ўльтыматум ад Савецкага Саюзу, Молатаў абвінаваціў урад Літвы ў парушэньні Дамовы аб узаемнай дапамозе і запатрабаваў прыцягнуць некалькіх літоўскіх міністраў да адказнасьці.
- У ноч на 15 чэрвеня войскі НКВД напалі на два памежныя пасты Латвіі, спалілі іх, забілі некалькі памежнікаў і захапілі некалькі дзясяткаў мірных жыхароў. У тэрактах абвінавацілі тых, на каго напалі, — латышоў. Гэты напад быў пададзеныя савецкай аўдыторыі і міжнароднай супольнасьці як «правакацыя» латвійскага боку.
- 16 чэрвеня Молатаў выставіў ультыматумы амбасадарам Латвіі і Эстоніі, абвінаваціўшы ўрады гэтых краін у парушэньні Дамовы аб узаемнай дапамозе.
- Крэмль запатрабаваў, каб усе тры краіны дазволілі яшчэ 9–12 падраздзяленьням увайсці на свае тэрыторыі ды стварыць новыя прасавецкія ўрады пры ўдзеле камуністаў, хоць камуністаў там амаль не было.
- У той час Балтыі амаль не было да каго зьвярнуцца па дапамогу: Фінляндыя была зьнясіленая вайной з СССР; Францыя фактычна капітулявала перад Гітлерам; Вялікая Брытанія эвакуавала свае экспэдыцыйныя сілы з кантынэнту і засяродзілася на самаабароне; Нямеччына адмовілася ад падтрымкі, бо мерылася працягваць акупацыю Эўропы, і ёй было выгадна выконваць сакрэтныя дамоўленасьці з СССР.
- У гэтых умовах толькі тагачасны прэзыдэнт Літвы Антанас Сьмятона заявіў, што ўрад павінен адмовіцца ад ультыматуму Сталіна і краіна мусіць аказаць узброены супраціў. Але палітычная эліта Літвы, а таксама эліты Эстоніі і Латвіі ўжо былі падзеленыя і дэмаралізаваныя ў той час. Гучалі галасы, што няма сэнсу супрацьстаяць варожым вайсковым групам і варожай арміі на межах. Былі нават надзеі захаваць нейкую незалежнасьць у якасьці саюзьнікаў СССР.
- Урады Балтыі пагадзіліся з ультыматумам Сталіна.
- 15 чэрвеня 1940 г. СССР увёў войскі ў Літву.
- 17 чэрвеня 1940 г. СССР акупаваў Латвію і Эстонію.
- 14 і 15 ліпеня 1940 г. пад наглядам НКВД у прысутнасьці акупацыйных сілаў былі праведзеныя фікцыйныя «выбары» у соймы Літвы і Латвіі і ў Дзяржаўную думу Эстоніі. Галасаваць можна было толькі за камуністычны блёк — «Зьвяз працоўных». Вынік «выбараў» акрэсьліў Крэмль.
- «Абраныя» марыянэткавыя парлямэнты ўнесьлі зьмены ў нацыянальныя канстытуцыі, абвясьцілі Літву, Латвію і Эстонію сацыялістычнымі і зьвярнуліся да Вярхоўнага Савету СССР з просьбай «прыняць іх у склад Савецкага Саюзу».
- Пасьля скасаваньня дзяржаўнасьці ў Літве, Латвіі і Эстоніі пачаліся рэпрэсіі, арышты і расстрэлы палітычных і культурных элітаў, дэпартацыі ў лягеры, прымусовыя высяленьні, прымусовая русыфікацыя, дыктатура камуністычнай ідэалёгіі, выхаваньне дзяцей і моладзі ў яе духу.
- Прэзыдэнты Эстоніі і Латвіі Канстантын Пятс і Карліс Улманіс былі арыштаваныя пасьля гібрыднай акупацыі. Улманіс памёр у савецкай турме ў 1942 годзе, а Пятса перавялі ў псыхіятрычную лякарню Калінінскай вобласьці Расіі, дзе ён памёр у 1956 годзе. Прэзыдэнту Літвы Сьмятону ўдалося зьбегчы і пераехаць у ЗША, але там ён памёр пры невядомых абставінах падчас пажару ва ўласным доме.
Выхад
Народы Прыбалтыкі заўсёды памяталі, як падступна пазбавілі іх незалежнасьці і якую цану яны заплацілі. Як толькі СССР пад цяжарам унутраных праблемаў захістаўся — 23 жніўня 1989 г. літоўцы, латышы і эстонцы выйшлі на вуліцы і стварылі «жывы ланцуг» даўжынёй амаль 600 кілямэтраў.
Людзі, трымаючыся за рукі, аб’ядналі Вільню, Рыгу і Талін, дэманструючы адзінства ў імкненьні да свабоды. Акцыя, якая насамрэч была пратэстам супраць акупацыі Балтыі ў 1939 годзе, атрымала назву «Балтыйскі шлях».
Крэмль паспрабаваў ужыць сілу, каб не дазволіць краінам Балтыі выйсьці з СССР, але не атрымалася. Літва, Эстонія і Латвія аднавілі незалежнасьць.