Гарадзенка Віталія Навумік перажывае, што зь сям’і забяруць пяцігадовую дачку. Яе мужа Ўладзімера Навуміка затрымалі 29 траўня, цяпер ён у СІЗА на Валадарскага.
Як расказала Віталія, у інтэрнат, дзе жыве іхная сямʼя, 17 чэрвеня прыходзіла камісія зь дзіцячага садку, каб высьветліць умовы пражываньня. Камісія складалася з загадчыцы садку, выхавальніцы і псыхоляга. Як яны патлумачылі гаспадыні, на ейную сямʼю прыйшоў запыт з міліцыі, бо яе муж фігуруе ў крымінальнай справе.
У заключэньні, якое міліцыя падала садку, гаварылася, што падчас ператрусу ў блёку Навумікаў нібыта знайшлі пустыя бутэлькі ад алькаголю, недакуркі цыгарэт. Правяралі шафу з адзеньнем, лядоўню зь ежай, пісьмовы стол, месца для сну, гульні.
«Я вельмі баюся, што ў мяне забяруць дзіця», — са сьлязьмі прызнаецца Віталія.
З словаў жонкі затрыманага, загадчыца садку Сьвятлана Янчанюк сказала ёй, што ў яе могуць забраць дзіця. Размаўлялі зь ёю ня вельмі ветліва.
«Яны ў мяне запыталіся, чаму мой муж пайшоў туды [на Савецкую плошчу], можа, ён пайшоў туды грошаў зарабіць?», — узгадвае Віталія.
Сама Віталія аспрэчвае, што ў іх дома былі бутэлькі або недакуркі. Ні яна, ні ейны муж ня кураць, не выпіваюць. Яна працуе кладаўшчыцай, муж — інжынэрам у дзяржаўнай арганізацыі.
«Я вельмі перажываю. Мы нармальная сямʼя. Жывем нармальна, ні ў якіх СНС не стаім. Дзіця ходзіць у садок, чыстае, апранутае, накормленае, спраўна плацім за садок... Выконваем усе абавязкі як бацькі», — плача маці.
Пяцігадовая Ліза, апрача садку, ходзіць на гімнастыку.
Як паведаміла БелаПАН загадчыца дзіцячага садку № 96 Горадні Сьвятлана Янчанюк, яны прыходзілі ў сямʼю на падставе дэкрэту № 18 прэзыдэнта і на падставе ліста з РАУС, які прыйшоў у аддзел адукацыі, каб азнаёміцца з жыльлёвымі ўмовамі.
«Ці ня шкодзіць дзіцяці нешта. Як было напісана ў паперы, падчас ператрусу ў маці знайшлі бутэлькі ад сьпіртных напояў, яна курыла ў прысутнасьці дзяцей, а гэта парушэньне правоў. Але ніхто ў яе не спрабуе забраць дзяцей. Навошта яна так кажа?», — кажа Сьвятлана Янчанюк.
Яна расказала, што камісія праверыла, ці ўсё неабходнае ёсьць у дзіцяці.
Цяпер ідзе сацыяльнае расьсьледаваньне ўмоваў жыцьця дзіцяці, падчас якога зьбіраюць пакет дакумэнтаў для разгляду на радзе прафіляктыкі. Будуць таксама браць характарыстыкі зь месцаў працы абодвух бацькоў. Сацыяльнае расьсьледаваньне цягнецца 15 дзён.
Загадчыца садку расказала, што пасьля іхнага першага агляду жытла няма падставаў забіраць дзіця з сямʼі.
«Умовы для дзіцяці ёсьць. Спальнае месца паказана. Месца для гульняў, цацкі, адзеньне ў поўным парадку, прадукты харчаваньня ёсьць», — падсумавала Сьвятлана Янчанюк вынікі першага агляду.
Зь ейных словаў, Ліза Навумік — актыўная дзяўчынка. Наведвае іхны садок даўно, сёлета выпускаецца і ідзе ў школу.
Як Уладзімер Навумік апынуўся на Савецкай плошчы 29 траўня, Віталія дакладна ня ведае. Ён пайшоў па торт для дачкі, у якой акурат тады быў выпуск зь дзіцячага садку, але дадому ўжо не вярнуўся.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.
Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць
- Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
- У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
- Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
- Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
- На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
- Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).
ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);
ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;
ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
- Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
- ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.