Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арыштант з камэры на Акрэсьціна, дзе сядзеў Севярынец: «У яго ўсё забралі, нават зубную шчотку»


Ізалятар на вуліцы Акрэсьціна, архіўнае фота
Ізалятар на вуліцы Акрэсьціна, архіўнае фота

Свабода знайшла чалавека, які сядзеў у ізалятары на Акрэсьціна разам з Паўлам Севярынцам і ўжо выйшаў на волю. Наш суразмоўца пракамэнтаваў заяву прэсавай службы МУС пра тое, што правы Паўла Севярынца ў ізалятары не парушаюцца.

Раней у інтэрнэце зьявіліся зьвесткі, што ў Паўла Севярынца адабралі ўсе рэчы і не перадаюць яму перадач з дому. У тым ліку на гэта скардзілася жонка палітыка Вольга.

«Усё, што яны кажуць, ня ёсьць праўдай. Рэчаў у Паўла Севярынца не адбіралі», — сказала сёньня Свабодзе прэсавы сакратар МУС Вольга Чамаданава.

Аляксандар гэта абвяргае. Малады чалавек сядзеў з Паўлам Севярынцам у адной камэры два дні.

«Мы сядзелі зь ім нядзелю і пачатак панядзелка. Як мяне вызвалялі, яго перавялі ў іншую камэру, відаць, у той карцэр, дзе ён ужо быў. Абураўся. Казаў, што ў яго ўсё забралі: рэчы, ежу, нават зубную пасту і шчотку. Яшчэ забралі Біблію, блякнот, асадку. Карацей — усё. Чаму, не патлумачылі. Сказалі, што не дазволена. Але як не дазволена, мне гэта незразумела. Нават у камэры, дзе мы сядзелі, вісела паперка зь пералікам рэчаў, якія дазволены. Там былі і зубная шчотка з пастай, прадметы асабістай гігіены. Яны ж павінны заставацца. Але ў яго ўсё забралі», — кажа Аляксандар.

Былы арыштант ізалятара на Акрэсьціна згадаў, як пры ім Павал Севярынец патрабаваў, каб вярнулі прадметы асабістай гігіены ды іншыя ягоныя рэчы, але марна.

«Усе дні, што мы былі разам, гэта працягвалася. Ён пытаецца ў ахоўніка, той адказвае, што нічога ня ведае, заўтра прыйдзе начальнік, вось да яго зьвяртайцеся. А назаўтра — зноў нічога. Якраз калі мяне вызвалялі, ён пра гэта спытаў, яму нічога не адказалі і забралі зноў, хутчэй за ўсё, у той карцэр. А за што, ён і сам ня ведаў», — кажа Аляксандар.

Паводле іншых крыніц, Паўла Севярынца ў ізалятары білі па нагах. Ці так гэта? Аляксандар кажа, што ня бачыў у сукамэрніка сьлядоў зьбіцьця, але згадаў, што ў яго была пашкоджаная рука.

«Казаў, што калі яго зьмясьцілі ў карцэр, дык на знак пратэсту падрапаў сабе нечым руку. Нешта знайшоў, чым пашкодзіць. Бо пратэставаў супраць карцэру», — сказаў Аляксандар.

Сам Аляксандар трапіў у ізалятар на Акрэсьціна пасьля сямейнага канфлікту.

Былы вязень назваў вельмі дрэннай ежу, якую атрымліваў у ізалятары. «Гэта проста дзікі жах. Сечка камяком раніцай, на абед суп з вадой і на вячэру мяшанка з розных каш з рыбнымі катлетамі, якую есьці немагчыма. Больш туды ніколі», — абяцае сабе Аляксандар.

Паводле Аляксандра, Павал Севярынец скардзіўся, што ніводнага разу не атрымліваў перадач з дому.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG