Сьвятлана Купрэева, сябра ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі і каардынатар па адным з раёнаў Менску, цяпер у СІЗА КДБ. Учора ўвечары ў кватэры яе маці апісалі і арыштавалі маёмасьць. Ці прад’яўлена абвінавачаньне Сьвятлане, сваякі ня ведаюць.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Сьвятлана Купрэева — дачка беларускага паэта і пісьменьніка Міколы Купрэева. Была блізкай сяброўкай жонкі Віктара Бабарыкі Марыны, якая загінула ў 2017 годзе, хросная маці ягонай дачкі.
«Памру як мучаніца, пакуль дзіця цярпіць у засьценках КДБ»
81-гадовая маці Сьвятланы Тацяна Мікалаеўна сказала карэспандэнту Свабоды, што жыве «як на парахавой бочцы». 11 чэрвеня ў 8.30 на яе кватэру ў Менску прыйшлі зь ператрусам.
«Дачка адчыніла дзьверы, і зайшлі двое, сказалі, што будзе вобшук. Потым прыйшлі яшчэ двое. Кватэра мая, я працавала настаўніцай, і яшчэ ў 1968 годзе пабудавалі каапэратыўны дом, і я яе выплачвала некалькі гадоў, на дзьвюх працах працавала.
Сьвятлане сказалі праехаць зь імі і даць паказаньні як сьведцы па нейкім пытаньні. Яна ўзяла ў мяне грошай, каб вярнуцца на таксоўцы, у лёгкай вопратцы паехала зь імі. Але яна ўжо не патэлефанавала. У мяне запатрабавалі адчыніць (прыгразілі, што інакш зламаюць дзьверы) Сьвятланін аўтамабіль, які стаяў у двары, і там зрабілі вобшук. Спыталі, ці ёсьць даляры, грошы. Я кажу — вы ж бачылі, я дала свае 40 рублёў з пэнсіі на таксоўку».
Пасьля вобшуку забралі кампутар, ноўтбук і смартфон Сьвятланы. Увечары сяброўцы Сьвятланы паведамілі праз тэлефон, што Сьвятлана затрыманая і будзе знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
Паводле Тацяны Мікалаеўны, пэўны час сваякі не маглі да яе датэлефанавацца, бо нумар быў недасяжны. А ўчора ўвечары прыйшлі людзі, якія прадставіліся супрацоўнікамі ЖЭСа і ім, маўляў, трэба праверыць лічыльнікі.
«Я спачатку сказала, што мы выклікалі сантэхніка, дык ён ня ходзіць па кватэрах, бо каранавірус. Я адчыніла дзьверы, яны мяне адсунулі і зайшлі, дужыя такія, маладыя хлопцы ў цывільным. Яны сказалі, што ў іх пастанова ад 12 чэрвеня на арышт маёмасьці і перадачу на адказнае захоўваньне, якая зацьверджана намесьнікам дырэктара Дэпартамэнта фінансавых расьсьледаваньняў КДК. Арышт наклалі таксама на лецішча, якое запісана на Сьвятлану.
У чым яе падазраюць, аднаму Богу вядома. Яны казалі, што іх прымусілі гэта зрабіць. Я зразумела, што гэта празь перадвыбарчую кампанію. Я сказала, што жыву ў кватэры ўсё сваё жыцьцё і што ў доме ўсё маё. Яны цікавіліся двума маімі тэлевізарамі — адзін у залі і маленькі ў маім пакоі, маім старым дываном. Спыталі, за каго буду галасаваць, я сказала».
Толькі на пяты дзень затрыманьня Сьвятлане ўдалося перадаць перадачу, бо яна не ўзяла з сабой ніякіх рэчаў. Адваката да Сьвятланы не пусьцілі нібыта праз каранавірус, ён будзе пісаць скаргу.
«У нас у жыцьці не было ні арыштаў, ні турэмных перадач. Усё ілжыва, непрыгожа робіцца. Я абураная, на старасьці год мне ўбачыць такое, як у часы смуты ўсё робіцца».
Паводле Тацяны Мікалаеўны, Сьвятлана сябравала зь нябожчыцай Марынай — жонкай Віктара Бабарыкі.
«Яна жыла ў нас на кватэры. Віктара ведаем добра як чалавека, таму ў яго ініцыятыўную групу ўвайшла Сьвятлана, бо ён адукаваны, разумны. Гэта чалавек, якому верым, бо хочацца нейкіх зьменаў. Бо проста моташна, калі бачыш, як пры цяперашнім кіраўніцтве яго набліжаныя, выцягнуўшыся па струнцы, стаяць, і іх ён усяляк зьневажае, а яны церпяць. Ён сьвечкі ставіць, крыж цалуе, мошчам пакланяецца і лжэ на кожным кроку. І вось учора праз хлусьню ў кватэру ўвайшлі. Ня ведаеш, у якім стагодзьдзі жывеш, абароны толькі ад Бога можна чакаць. Але да Бога далёка, пакуль да Бога, дык душу выме. Суцэльная хлусьня ў нашага кіраўніцтва».
Тацяна Мікалаеўна кажа, што перасьлед Сьвятланы зьвязаны з тым, што яна ўвайшла ў ініцыятыўную групу альтэрнатыўнага кандыдата. Сьвятлана цяпер на пэнсіі, ніколі не працавала ні ў «Белгазпрамбанку», ні ў кампаніях «ПрыватЛізінг», «Кампары», «Кентаўр».
«Нічога супрацьзаконнага яна не рабіла. Яны проста бяруць на змор і хочуць, каб Віктар зьняў сваю кандыдатуру. Усё робіцца не па розуме і непрыстойна. Я ўжо свой век аджыла, памру як мучаніца, пакуль дзіця цярпіць у засьценках КДБ», — сказала маці.
Бацька Сьвятланы — беларускі паэт Мікола Купрэеў. Тацяна Мікалаеўна кажа, што яго кіраўнік Беларусі таксама незалюбіў, бо той у адным сатырычным творы параўнаў Лукашэнку зь Зёлкіным, героем аднаго з твораў Кандрата Крапівы.
«Хочуць людзей зламаць, выбіць нейкія паказаньні»
Муж Сьвятланы Міхаіл Краўцэвіч таксама ўваходзіць у склад ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі. Кажа, што жонка пасьпела яму патэлефанаваць 11 чэрвеня і сказала два словы: «Да мяне прыйшлі з вобшукам». Пасьля гэтага ў яе вырвалі з рук тэлефон.
«Чакалі, калі пройдзе 72 гадзіны, бо па законе павінны былі альбо выставіць абвінавачаньне, альбо адпусьціць. 72 гадзіны было пазаўчора. Калі чалавек ня ведае, за што, гэта самае страшнае. Гэта перадвыбарчая агонія, гэта ціск на прэтэндэнта ў кандыдаты. Гэта звычайнае свавольства, старая рыторыка і мэтады. Хочуць людзей зламаць, выбіць нейкія паказаньні».
Міхаіл Краўцэвіч кажа, што Святлана сябравала з жонкай Віктара Бабарыкі Марынай.
«Пакуль Марына ня выйшла замуж за Віктара, яна жыла ў іх на кватэры. Яна хросная маці дачкі Віктара Бабарыкі. Словам, такое блізкае кола. Можа, раз на год сустракаліся, каб павіншаваць з днём народзінаў. Ніякай фінансавай дзейнасьці ў Святланы не было, гэта нават сьмешна. Яна ніколі не працавала ў „Белгазпрамбанку“. Калісьці была інспэктарам у падатковай інспэкцыі, потым пайшла ў прыватны бізнэс, а цяпер на пэнсіі».