Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа «Белгазпрамбанку». Хто затрыманы і што вядома на сёньня?


Офіс «Белгазпрамбанку» ў Менску
Офіс «Белгазпрамбанку» ў Менску

Рахункі кампаній «Кентаўр» і «Кампары» заблякаваныя. Афіцыйных абвінавачаньняў фігурантам ня выстаўлена. Старшыня праўленьня «Белгазпрамбанку» Кірыл Бадзей «на працы».

11 траўня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі аб завядзеньні крымінальных спраў па артыкуле 235 (легалізацыя сродкаў, здабытых злачынным шляхам у асабліва буйным памеры) і па артыкуле 243 (ухіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэксу. Глядзім, што цяпер з гэтымі кампаніямі.

Белгазпрамбанк: «Старшыня праўленьня на працы»

На афіцыйным сайце «Белгазпрамбанку» пакуль значацца ўсе ранейшыя намесьнікі старшыні. Аднак раней паведамлялася, што некаторыя зь іх затрыманыя. А старшынёй праўленьня банку Нацбанк Беларусі прызначыў Надзею Ермакову, якая ўзначальвала Нацбанк у 2011–2014 гадах.

У прэс-службе ААТ «Белгазпрамбанк» карэспандэнту Свабоды адмовіліся камэнтаваць сытуацыю, спаслаўшыся на тое, што навіны хутка будуць на сайце банку. Выканаўцам абавязкі старшыні праўленьня банку быў прызначаны Кірыл Бадзей, які раней адказваў у банку за розьнічны бізнэс.

Пагутарыць зь ім карэспандэнту Свабоды не ўдалося.

«Ён цяпер у банку, але ў дадзены момант яго няма ў кабінэце», — сказалі ў прыёмнай.

Яго бацька Георгі Бадзей, ганаровы старшыня праўленьня бізнэс-саюзу прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя прафэсара Куняўскага, ня ведае, ці захоўвае Кірыл Бадзей пасаду ў сувязі з увядзеньнем часовай адміністрацыі на чале з Надзеяй Ермаковай. На пытаньне, ці не затрыманы ён, Георгі Бадзей адказаў: «Пакуль не».

«Ён, відаць, у сябе на працы, я жыву ня разам зь ім, таму нічога не магу сказаць».

Намесьнікам старшыні праўленьня на сайце банку значыцца Аляксандар Ільясюк, які працуе ў «Белгазпрамбанку» каля 30 гадоў. У прыёмнай сказалі, што яго няма на месцы і «невядома, калі будзе».

Аляксандар Ільясюк адказвае за юрыдычнае ўпраўленьне, службу бясьпекі, упраўленьне па працы з праблемнымі актывамі і рэгіянальныя сеткі банку. Разам зь Віктарам Бабарыкам ён заснаваў дабрачынны фонд «Шанс».

У прыёмнай Сяргея Шабана, яшчэ аднаго намесьніка старшыні банку, адказалі, што яго няма на месцы і «калі ён будзе, невядома». На пытаньне, ці затрыманы ён, адказалі, што «на гэты конт нічога сказаць ня могуць». Сяргей Шабан адказвае за казначэйства і ўпраўленьне фінансавых інстытутаў.

Намесьнік старшыні банку Ірына Патапава (адказвае за цэнтар разьлікаў, цэнтар справаздачнасьці, упраўленьне бугальтарскага і падатковага ўліку, фінансава-эканамічнае ўпраўленьне), як адказалі ў прыёмнай, «выйшла на нараду, яна ёсьць».

Выканаўчы дырэктар Тацяна Аўраменка (адказная за ўпраўленьне рызыка-мэнэджмэнту) і дарадца старшыні праўленьня Ўладзімер Сажын былі «на нарадзе», пагутарыць зь імі не ўдалося.

Намесьнік старшыні Аляксандар Сотнікаў (адказны за дэпартамэнт інфармацыйных тэхналёгій і офіс дадзеных) «быў заняты».

Намесьнік старшыні праўленьня банку Дзьмітры Кузьміч (адказны за дэпартамэнт крэдытаваньня і інвэстыцый і дэпартамэнт карпаратыўнага бізнэсу) быў «не на месцы».

Затрыманыя ў Магілёве кіраўнік філіялу «Белгазпрамбанку» Сяргей Кармызаў і каардынатар ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі Ўладзімер Дудараў маюць адвакатаў. Пра гэта Свабодзе паведамілі ў штабе Віктара Бабарыкі.

Кампаніі «Кентаўр» і «Кампары»: Рахункі заблякаваныя

У страхавой кампаніі «Кентаўр», куды таксама прыходзілі зь ператрусам 11 чэрвеня, па стане на раніцу 15 чэрвеня заблякаваныя рахункі.

Рахункі кліентаў «Кентаўра» заблякавалі 12 чэрвеня.

«Мы нанялі адвакатаў, спрабавалі нешта высьветліць, запатрабаваць, каб рахункі размарозілі, але пакуль ніяк ня можам паўплываць на сытуацыю. Якіх-небудзь тлумачэньняў нам так і не далі. Цяпер нам не даюць разьлічвацца зь людзьмі, і гэта дрэнна», — сказаў Сяргей Прохарчык Tut.by.

На сайце кампаніі ёсьць інфармацыя аб блякаваньні рахункаў, кампанія просіць кліентаў «паставіцца з разуменьнем да сытуацыі». Адзначаецца, што «ні самой кампаніі, ні яе супрацоўнікам абвінавачаньні ня выстаўленыя».

Генэральны дырэктар кампаніі «Кампары» Анатоль Булава сказаў Свабодзе, што іх рахункі таксама заблякавалі. Афіцыйных абвінавачваньняў не выстаўлялі.

«На сёньняшнюю раніцу рахункі ва ўсіх банках былі заблякаваныя. Цяпер хадайнічаем у дэпартамэнт фінансавага маніторынгу, каб дазволілі карыстацца хоць нейкімі рахункамі. Пакуль ня можам рабіць ніякія плацяжы. Па падазрэньнях ці абвінавачваньнях ніякай інфармацыі няма», — сказаў Анатоль Булава.

11–13 чэрвеня ў галаўным офісе «Белгазпрамбанку» і ў офісах яго рэгіянальнай сеткі сілавікі зрабілі вобшукі.

Камітэт дзяржкантролю паведаміў аб пачатку крымінальных спраў у дачыненьні да былых і цяперашніх работнікаў «Белгазпрамбанку» і шэрагу камэрцыйных структур.

Справы пачатыя па артыкуле 235 (легалізацыя сродкаў, здабытых злачынным шляхам у асабліва буйным памеры) і па артыкуле 243 (ухіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэксу.

Сьледчыя вынялі звыш 4 мільёнаў даляраў, а таксама каштоўныя паперы на суму звыш 500 тысяч даляраў і карціны з калекцыі банку.

Акцыянэры ААТ «Белгазпрамбанк» — ПАО «Газпром» і Банк ГПБ (АТ) — заявілі аб тым, «што 11 чэрвеня 2020 году ў парушэньне заканадаўства Рэспублікі Беларусь Праўленьнем Нацыянальнага банку Рэспублікі Беларусь былі ўчыненыя незаконныя дзеяньні па прызначэньні в. а. старшыні ўправы і в. а. намесьніка старшыні ўправы ААТ „Белгазпрамбанк“. Гэтыя прызначэньні суправаджаліся затрыманьнем паўнамоцных членаў управы Белгазпрамбанку праваахоўнымі органамі Рэспублікі Беларусь».

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG