Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Безь Ціханоўскай, але зь «ціхарамі». Ля Камароўкі працягваюцца выбарчыя пікеты. ВІДЭА


14 чэрвеня ў Беларусі працягваецца збор подпісаў за вылучэньне кандыдатамі ў прэзыдэнты Беларусі. Да канца збору подпісаў засталося менш за тыдзень.

Свабода вядзе жывую трансьляцыю з Камароўскага рынку ў Менску, дзе праходзяць пікеты ў зборы подпісаў за прэтэндэнтаў на найвышэйшую пасаду.

14 чэрвеня ля Камароўскага рынку стаяць некалькі пікетаў ініцыятыўных груп патэнцыйных кандыдатаў: Сяргея Чэрачня, Валера Цапкалы, Віктара Бабарыкі, Андрэя Дзьмітрыева, Вольгі Кавальковай, Мікалая Казлова і Юрася Губарэвіча. Чэргаў ля намётаў кандыдатаў сёньня не відаць, але пэрыядычна людзі падыходзяць і ставяць свае подпісы.

Нягледзячы на нешматлюднасьць сёньняшніх пікетаў, на пад'езьдзе да Камароўкі дзяжураць экіпажы ДАІ, за пікетамі назіраюць праваахоўнікі ў цывільным, здымаюць прысутных на камэры.

Пасьля паловы на 12-ю людзей на пляцоўцы перад Камароўскім рынкам паболела, да некаторых пікетаў пачалі выбудоўвацца невялікія чэргі. Многія людзі ставяць подпісы адразу за некалькіх кандыдатаў.

Паводле праваабаронцаў «Вясны», у 13:00 на пікетах ля Камароўскага рынку прысутнічала каля 115 удзельнікаў. Паводле назіральнікаў, зь якімі пагутарыла Свабода, на 13-ю гадзіну тут было каля 230 чалавек, прычым назіральнікі налічылі больш за 40 праваахоўнікаў у цывільным.

Юрась Губарэвіч ад імя кандыдатаў ад Правацэнтрысцкай кааліцыі праз мэгафон заклікаў прысутных на «пікет салідарнасьці» ў Менску ў перадапошні дзень збору подпісаў – 18 чэрвеня. Як падкрэсьліў Губарэвіч, кандыдаты не зьбіраюць подпісы, але прыйшлі выказаць салідарнасьць з усімі затрыманымі сябрамі ініцыятыўных груп альтэрнатыўных прэтэндэнтаў у прэзыдэнты.

Юрась Губарэвіч (зьлева) і Вольга Кавалькова
Юрась Губарэвіч (зьлева) і Вольга Кавалькова

Ініцыятыўная група патэнцыйнай кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай зьбіраць подпісы ў Менску больш ня будзе: 11 чэрвеня Ціханоўская абвясьціла аб прыпыненьні збору подпісаў на пікетах у Менску і абласных цэнтрах да канца тыдня. Прычынай стала небясьпека правакацый. У іншых гарадах збор подпісаў працягваецца. Муж Сьвятланы Ціханоўскай блогер Сяргей Ціханоўскі цяпер знаходзіцца ў карцары ў сьледчым ізалятары № 1, яго будуць трымаць за кратамі прынамсі да дня прэзыдэнцкіх выбараў.

Раней на подступах да Камароўкі людзі выстрайваліся ў кілямэтровыя чэргі, каб аддаць голас за Ціханоўскую і іншых альтэрнатыўных прэтэндэнтаў.

Збор подпісаў будзе працягвацца да 19 чэрвеня. Цяпер патэнцыйных кандыдатаў 14, у іх ліку Аляксандар Лукашэнка. Некаторыя з прэтэндэнтаў заяўлялі, што выкарыстоўваюць гэты этап толькі для агітацыі, але ня маюць мэты трапіць у бюлетэні.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG