У Беларусі завяршыўся тэставы этап стварэньня сеткі электразаправачных станцый, калі зарадзіць электрамабіль можна было бясплатна. Ад 1 ліпеня «Беларуснафта» уводзіць тарыфы на зарадку на сваіх станцыях Malanka.
Як запэўнілі Tut.by у кампаніі, кошт электраэнэргіі будзе самым нізкім у параўнанні з эўрапейскімі краінамі — прыкладна 30-40 капеек за 1 кВт·гадз.
З 15 чэрвеня да 31 сьнежня 2025 году пры ўвозе на тэрыторыю Беларусі электрамабіляў для асабістага карыстаньня ня трэба будзе плаціць падатак на даданую вартасьць (ПДВ).
«Зарадка электрамабіляў была бясплатнай ад 2014 году, пакуль мы працавалі ў тэставым рэжыме, — нагадаў намесьнік дырэктара „Беларуснафты“ Андрэй Коцік. — Пачатковы этап мы завершылі: Malanka працуе ва ўсіх рэгіёнах, на ўсіх магістралях. Абсталявана больш за 260 станцый, што дастаткова для абслугоўваньня тысяч электрамабіляў. І лягічна пераходзім да наступнага этапу — эканамічна абгрунтаванага разьвіцьця. Нават фірмовыя станцыі Tesla, якія ў пэрыяд станаўленьня былі бясплатныя, цяпер робяць паслугу за грошы».
Па словах прадстаўніка «Беларуснафты», электрапаліва будзе удвая таньнейшае за бэнзін. Так, поўная зарадка электракара Nissan Leaf з ёмістасьцю батарэі 24 кВт/г абыдзецца ўладальніку ў 7-9 рублёў. Гэтага запасу хопіць, каб праехаць 150 кілямэтраў. Аўтамабіль з рухавіком унутранага згараньня выдаткуе на пераадоленьне такой жа адлегласьці каля 10 літраў паліва на суму 18-20 рублёў.
Невысокую цану, як лічыць Андрэй Коцік, можна будзе трымаць дзякуючы электраэнэргіі зь БелАЭС.