Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канапацкая заявіла, што сабрала 100 тысяч подпісаў за вылучэньне кандыдаткай у прэзыдэнты. Хто яшчэ?


Ганна Канапацкая, архіўнае фота
Ганна Канапацкая, архіўнае фота

Былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая заявіла на Facebook пра збор 100 тысяч і яшчэ 100 подпісаў за вылучэньне яе кандыдаткай у прэзыдэнты Беларусі.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

«Вялікая падзяка сябрам маёй ініцыятыўнай группы і майго штабу, — піша Ганна Канапацкая, якая называе сябе «адзіным апазыцыйным прэтэндэнтам на пасаду прэзыдэнта». — Асобная падзяка кіраўніцтву апазыцыйных партый и рухаў за падтрымку. Бяз вашай дапамогі было б цяжка. Толькі разам мы зможам адстаяць нашу незалежнасьць ад крамлёўскай агрэсіі і гібрыднага аншлюсу. Жыве Беларусь!»

Якія партыі і рухі падтрымалі Канапацкую, яна не ўдакладніла. Раней партыі і рухі, якія ладзілі праймэрыз па вылучэньні «адзінага кандыдата», адхілілі Канапацкую ад удзелу, бо «публічная дзейнасьць і выказваньні Канапацкай не былі накіраваныя на ўмацаваньне даверу».

100 тысяч подпісаў неабходныя для рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты, але зьбіраюць звычайна з запасам: некаторыя падпісныя лісты могуць адхіліць за памылкі. Подпісы можна зьбіраць да 19 чэрвеня ўключна.

Хто яшчэ

Раней пра збор звыш 100 тысяч подпісаў абвясьцілі ініцыятыўныя групы Аляксандра Лукашэнкі, Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы.

Мяркуючы па ранейшых заявах, неўзабаве могуць заявіць пра збор 100 тысяч групы Сяргея Чэрачня, Натальлі Кісель і Андрэя Дзьмітрыева.

8 чэрвеня затрымлівалі адзнаго з патэнцыйных кандыдатаў Уладзімера Няпомняшчых (пазьней вызвалілі). 29 траўня затрымалі кіраўніка ініцыятыўнай групы кандыдаткі Сьвятланы Ціханоўскай, яе мужа Сяргея Ціханоўскага, а таксама шэраг чальцоў ініцыятыўнай групы (распачалі крымінальную справу).

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG