Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўскаму і яго паплечнікам выставілі абвінавачаньне ў «падрыхтоўцы парушэньня парадку». Пагражае да 3 гадоў турмы


Сяргей Ціханоўскі, архіўнае фота
Сяргей Ціханоўскі, архіўнае фота

Увечары 8 чэрвеня скончыўся 10-дзённы тэрмін знаходжаньня Сяргея Ціханоўскага пад вартай. У той жа дзень стала вядома, што яму афіцыйна выставілі абвінавачаньне, але ў чым, не паведамлялася.

Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў 9 чэрвеня ў Telegram, што Сяргея Ціханоўскага абвінавацілі паводле часткі 1 артыкулу 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).

Такое ж абвінавачаньне выставілі яшчэ сямі асобам, якія праходзяць у «справе Ціханоўскага». Яны ўсе ўзятыя пад варту з санкцыі пракурора. Паводле ч. 1 арт. 342 могуць прысудзіць штраф, арышт, абмежаваньне або пазбаўленьне волі на тэрмін да 3 гадоў.

«Паводле зьвестак сьледзтва, 29 траўня ў час пікету для збору подпісаў у Горадні было арганізавана правядзеньне незаконнага грамадзкага мерапрыемства, мітынгу, падчас якога ўчынены групавыя дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак і спалучаныя зь відавочным непадпарадкаваньнем законным патрабаваньням міліцыі, — піша Сьледчы камітэт. — У выніку гэтых дзеяньняў пацярпелі два супрацоўнікі органаў унутраных справаў».

Цяпер, піша СК, «сьледчыя і іншыя працэсуальныя дзеяньні» працягваюцца, прызначанае правядзеньне «судова-мэдычных і іншых» экспэртыз.

Пра 900 тысяч даляраў, нібыта знойдзеных у Ціханоўскага на лецішчы, СК ня згадвае.

Аднаму зь фігурантаў «справы Ціханоўскага» пагражае да 6 гадоў турмы

Аднаму з затрыманых (каму, не ўдакладняецца) выставілі таксама абвінавачаньне паводле артыкулу 364 КК РБ — «гвалт у дачыненьні да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў».

Паводле СК, пры дапамозе відэазапісаў зь пікету выявілі «яшчэ адну асобу», якая «чыніла гвалт у дачыненьні супрацоўнікаў міліцыі, якія дастаўлялі затрыманых у службовы транспарт».

Гэты артыкул прадугледжвае пакараньні ад арышту да абмежаваньня волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленьня волі на тэрмін да шасьці гадоў.

Як затрымалі Ціханоўскага

Сяргея Ціханоўскага затрымалі на выбарчым пікеце ў Горадні 29 траўня. Пазьней у кватэры маці Ціханоўскага ў Гомлі і на яе лецішчы пад Гомлем, а таксама ў студыі Сяргея Ціханоўскага ў Гомлі прайшлі ператрусы — сьцьвярджалася, што на лецішчы нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Разам з блогерам затрымалі каля дзясятка сяброў ініцыятыўнай групы ягонай жонкі, а таксама выпадковых людзей, якія прыйшлі на пікет.

Тэрмін утрыманьня Ціханоўскага за кратамі працягнулі на яшчэ два месяцы — ён прабудзе пад вартай да 9 жніўня, дня прэзыдэнцкіх выбараў. Сам Ціханоўскі зьбіраўся ісьці ў кандыдаты ў прэзыдэнты, ды ягоную ініцыятыўную групу адмовіліся рэгістраваць (ён на момант рэгістрацыі быў пад арыштам). Зарэгістравалі ініцыятыўную групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай — Сяргей стаў кіраўніком ейнай групы.

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).

ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);

ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;

ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG