Эўрапейскі Зьвяз адхіліў прапановы пашырыць «Вялікую сямёрку» за кошт Расеі і папярэдзіў Вашынгтон, што той ня можа зьмяняць правілы самастойна.
Раней прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп назваў «Вялікую сямёрку» састарэлай групай, заявіўшы, што таксама запросіць лідэраў Аўстраліі, Расеі, Паўднёвай Карэі і Індыі на саміт у верасьні, паведамляе «Голас Амэрыкі».
У сваю чаргу Эўразьвяз разглядае «сямёрку» як жыцьцёва важную шматбаковую структуру, у якую адна з краін ня можа ўносіць пастаянныя зьмены. Цяпер старшынёй групы зьяўляюцца ЗША.
«Удзел Расеі ў сумеснай працы прыпынены да таго часу, пакуль Масква ня зьменіць свайго курсу. Толькі ў такім выпадку можна будзе аднавіць зьмястоўную дыскусію. Цяпер гэтага няма», — заявіў высокапастаўлены прадстаўнік Эўразьвязу.
Расею выключылі зь «Вялікай васьмёркі» у 2014 годзе падчас кадэнцыі прэзыдэнта ЗША Барака Абамы — пасьля таго, як Крэмль ініцыяваў анэксію ўкраінскага Крыму.