У Парыжы прайшла акцыя пратэсту супраць паліцэйскага гвалту ў памяць аб 24-гадовым чарнаскурым французе Адамэ Траарэ, які загінуў пасьля затрыманьня ў 2016 годзе.
Нягледзячы на забарону масавых мерапрыемстваў праз пандэмію каранавірусу, у дэманстрацыі ўзялі ўдзел да 20 тысяч чалавек.
Удзельнікі акцыі праводзілі наўпроставыя паралелі з пратэстамі ў ЗША з прычыны гібелі афраамэрыканца Джорджа Флойда. Яны трымалі таблічкі з фразай «Я не магу дыхаць!», якую паўтараў Флойд, калі пры затрыманьні паліцыянт ціснуў яму каленам на шыю.
Пазьней акцыя перарасла ў сутыкненьні з паліцыяй. Дэманстранты кідалі ў паліцыянтаў бутэлькі і камяні, падпальвалі смецьцевыя бакі. У адказ быў ужыты сьлезацечны газ і гумавыя кулі. Масавыя пратэсты прайшлі таксама ў Лілі, Марсэлі і Ліёне.
У ЗША ад 26 траўня не сьціхаюць пратэсты супраць паліцэйскага гвалту. Яны пачаліся пасьля сьмерці 46-гадовага Джорджа Флойда. У шэрагу гарадоў пратэсты перарасьлі ў беспарадкі і сутыкненьні з паліцыяй. У дзясятках гарадоў увялі камэнданцкі час.
Прэзыдэнт Дональд Трамп раскрытыкаваў бязьдзейнасьць губэрнатараў шэрагу штатаў і прыгразіў выкарыстоўваць для барацьбы з гвалтам узброеныя сілы.