Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабарыка: сабралі амаль 100 тысяч подпісаў, мэта — мільён


 Віктар Бабарыка, 2020 год.
Віктар Бабарыка, 2020 год.

Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты, былы кіраўнік «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка заявіў вечарам 1 чэрвеня на Facebook, што за ягонае вылучэньне сабралі амаль 100 тысяч подпісаў, «шчыльна наблізіліся» да гэтых лічбаў.

«Але я ўпэўнены: мы можам значна больш! Нашая мэта — 1 000 000, — піша Бабарыка. — У нас наперадзе яшчэ два тыдні і ўсяго 9 крокаў. Крок — 100 тысяч».

За Бабарыку зьбіраюць подпісы ня толькі на пікетах, але і «ў стылі Uber», як ён гэта называе: абяцаюць, што да таго, хто пакіне заяўку, адрасна прыедуць зьбіральнікі.

Для рэгістрацыі кандыдата ў прэзыдэнты трэба сабраць 100 тысяч подпісаў. Звычайна патэнцыйныя кандыдаты стараюцца сабраць больш, бо пэўную частку подпісаў адбракоўваюць праз памылкі ў падпісных лістах. Збор подпісаў праходзіць ад 21 траўня да 19 чэрвеня.

Штаб іншага патэнцыйнага кандыдата, экс-кіраўніка Парку высокіх тэхналёгіяў Валера Цапкалы, паведамляў 1 чэрвеня пра амаль 50 тысяч сабраных подпісаў. Кіраўнік штабу старшыні БСДГ Сяргея Чэрачня казаў 31 траўня, што за ягонага патэнцыйнага кандыдата сабралі 41 тысячу подпісаў. Ганна Канапацкая 31 траўня паведамляла, што за яе сабралі 30 тысяч подпісаў.

Дзейны кіраўнік дзяржавы Аляксандар Лукашэнка яшчэ 25 траўня заявіў, што за яго сабралі 200 тысяч. Пазьней праўладная арганізацыя «Белая Русь» заявіла, нібы подпісы зьбіралі ейныя сябры, зь якіх далёка ня ўсе ўваходзяць у ініцыятыўную групу, што незаконна. Кіраўнік ініцыятыўнай групы Лукашэнкі адказаў на скаргі аб прымусовым зборы подпісаў.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG