У Гомлі 1 чэрвеня прайшлі два суды над мясцовымі жыхарамі, якія 7 траўня ўзялі ўдзел у акцыі падтрымкі Сяргея Ціханоўскага. Пасьля акцыі 20 чалавек былі затрыманыя. Некаторым далі па 15 сутак. Астатніх судзяць дагэтуль.
1 чэрвеня суд Цэнтральнага раёну прызнаў Леаніда Кудзінава вінаватым у парушэньні парадку правядзеньня масавага мерапрыемства 7 траўня і пакараў штрафам у памеры 15 базавых велічынь (405 рублёў).
Валера Сьмяяна суд пакараў штрафам у памеры 12 базавых велічынь (324 рублі). Судзьдзя Сяргей Салоўскі патлумачыў, што санкцыі артыкула 23.34 КаАП прадугледжваюць папярэджаньне, штрафы ці арышт. «З улікам таго, што ў вас трое дзяцей, я даў вам мэдыянны штраф», — дадаў судзьдзя.
Раней, 29 чэрвеня, суд даў штраф Аляксею Раманаву — 10 базавых велічынь (270 рублёў).
2 чэрвеня будуць судзіць за акцыю 7 траўня Дзьмітрыя Канеўскага, 4 чэрвеня — Сьвятлану Нарскіну, 10 чэрвеня — Алу Грэчку.
Сьвятлана Нарскіна ўчора ня трапіла на пікет па зборы подпісаў за Святлану Ціханоўскую.
«Толькі выйшла з пад’езду, было 11.50, як трое ў цывільным прапанавалі мне "прайсьці" зь імі. Завезьлі ў Цэнтральны РАУС і там трымалі восем гадзін. Проста размаўлялі, і ўсё, але не выпускалі, пратаколу не складалі», — кажа Сьвятлана.
Аналягічна восем гадзін у Цэнтральным РАУС правёў Аляксей Раманаў. «Выйшаў з дому толькі — мяне схапілі трое ў цывільным, заштурхнулі ў аўтамабіль. Пытаюся: "Ці затрыманы я?". Не, кажуць. Тады я кажу: "Дык ідзіце вы". Завезьлі ў Цэнтральны РАУС. Завялі ў нейкі кабінэт, далі нейкую позву, потым забралі. Мне было блага, выклікалі хуткую, зрабілі ўкол. Я нядаўна перажыў апэрацыю па анкалёгіі. Потым другі раз выклікалі "хуткую". Я сядзеў галодны, цэлы дзень, а мне трэба есьці па адмысловай дыеце і часта — праз рак. Буду пісаць скаргу на іх», — сказаў Аляксей.