Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чаго ты ўчапіўся ў гэтае крэсла?» Пагаварылі з гамяльчанкай, якая скарыла інтэрнэт на пікеце Ціханоўскага


Гамяльчанка Вольга
Гамяльчанка Вольга

Гледачоў відэастрыму Свабоды скарыла гамяльчанка Вольга, якая падчас перадвыбарчага пікету Святланы Ціханоўскай 28 траўня раскрытыкавала Аляксандра Лукашэнку і дзейную ўладу. Мы сустрэліся з жанчынай і выслухалі яе пазыцыю.

Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі >>

«У мяне асабіста праблем няма»

«У мяне ёсьць праца, сям’я, заробак. Мне ў прынцыпе нармальна тут жыць. Але паколькі жыву ў соцыюме, то хачу, каб ня толькі я жыла добра. Я бачу, што людзі, якія жывуць побач — ня надта добра жывуць, бо працы няма, заробкаў няма. Калі людзі пакутуюць — пакутую і я. Мне таксама блага!

Праблема ў тым, што з краіны зрабілі... Канцлягер будзе няправільна сказаць, але ўсё да гэтага ідзе. Калі я бачу, як дэпутат Ігар Марзалюк выступае і кажа: „Мы робім усё, каб народ жыў добра“, — я хачу спытацца ў таго дэпутата: калі ён апошні раз быў у народзе, калі ён апошні раз прыяжджаў у сваю Магілёўскую вобласьць і пытаўся: „Народ, а якія ў цябе пытаньні, якія ў цябе праблемы?“.

Тое самае можа сказаць і прафсаюзным арганізацыям: калі яны былі на прадпрыемстве і пыталіся ў працоўнага люду — якія ў іх праблемы? Сабраць прафсаюзныя ўнёскі — вось і ўсё. А што яны робяць?»

«Ня трэба нам паказуха»

«Хочацца, каб мы не былі для ўлады ў выглядзе халопаў, рабоў. Ці проста для таго, каб папаўняць бюджэт. У нас не пытаюцца: куды патраціць грошы, на што? Што прасьцей у 21 стагодзьдзі, калі ёсьць IT-краіна, як кажа Лукашэнка, напісаць на сайце гарвыканкаму: „Дарагія гамельчукі, у нас ёсьць у бюджэце тры мільёны, давайце падумаем — на што іх патраціць“. Людзі падумалі, напісалі пяць прыярытэтных кірункаў. Усё! Галасуем усім горадам. Прагаласавалі. Сёньня будзем будаваць дзіцячы садок на Чачэрскай, праз год — у іншым месцы.

Ды не патрэбныя народу прыбіральні за мільён даляраў, як у Гомлі! У нас нейкая такая пампэзнасьць, паказуха — ня трэба гэта нам! Народ настолькі жабрак і абяздолены ў гэтай краіне, дзе кажуць, што ўсё так добра! Але ўлада нас ня чуе! 26 гадоў мы для іх напаўняльнікі бюджэту».

«Галоўная задача — зьмяніць гэтую ўладу»

«Мы падпісваемся тут, па сутнасьці, не за Ціханоўскага ці за яго жонку. І жонка яго нічога ня зьменіць, бо яна не палітык, не эканаміст. Мы выйшлі сюды паказаць, што ў краіне павінны быць перамены.

Галоўная задача на сёньня — зьмяніць гэтую ўладу, якая ня чуе народу. Зрабіць чэсныя выбары. Хай народ прыме рашэньне — каго ён хоча бачыць на пасадзе прэзыдэнта. І калі народ убачыць, што выбары прайшлі чэсна, што галасы лічыла ня Лідзія Міхайлаўна, — ну, дурню хіба гэтыя рэчы не зразумелыя! — то большасьць некага абярэ, а меншасьць пойдзе за большасьцю. І ўсе пойдзем у адным кірунку.

А цяпер мы нікуды не ідзем, бо нашай думкі не спыталіся, на нас наплявалі, і таму ўлада — сама сабе, а народ выжывае сам сабе. У такой сытуацыі ў краіне няма будучыні, няма зрухаў. А калі народ зразумее, што яго пачулі, што да ягонай думкі прыслухаліся, калі мы самі абяром хай сабе Іванова ці Пятрова, калі народ аб"яднаецца і будзе будаваць сапраўды краіну для жыцьця — як Сяргей Ціханоўскі кажа, — то я буду ведаць, што я будую для яго, а ён — для мяне. І ўсе разам мы будзем хадзіць, усьміхацца, мы будзем радавацца жыцьцю!

А цяпер што? Слова сказаць нельга, больш за тры не зьбірацца, у выканкамы ня трапіць. Я разумею, што я для іх, для ўлады, для папаўненьня бюджэту?»

«Нацыянальная ідэя — гэта калі адчуваеш сябе свабодным»

«Многія працуюць спусьціўшы рукавы, бо няма ідэі. Заўсёды працуецца добра, калі ёсьць ідэя, калі ведаеш — для чаго. Давайце сёньня мы добра папрацуем, а заўтра будзем будаваць дзіцячы садок — я думаю, ніхто не адмовіцца ад гэтага. А калі мы працуем, а нам кажуць: „Мы паставім мачту для сьцяга за 600 тысяч даляраў“ — то прабачце, мне ён ня трэба! Але ўлада ў мяне не спыталася. Калі яны думаюць, што паставяць сьцяг высока, мачту для сьцяга, і гэта будзе нашай нацыянальнай ідэяй, — не.

Нацыянальная ідэя — гэта калі адчуваеш сябе свабодным.

Ну нельга так жыць, калі няма свабоды ні ў чым! А калі няма свабоды — рабы не працуюць прадуктыўна. Раб прыйшоў, яму далі палкай па хрыбце, начальнік накрычаў, ён з-пад палкі цяп-ляп зрабіў і пайшоў. Беларусы добра працуюць! Але з-пад палкі не працуе ніхто, разумееце?»

«Зьявіўся чалавек, які размаўляе з народам»

«Апазыцыя ў нас такая, як і ўлада. Яна таксама ніколі ня чула народ. Ну вазьмі ты гісторыю, пачытай! Дзе апазыцыя? Калі яны прыходзілі і пыталіся ў таго народу? Сяргей Ціханоўскі — ён аб’езьдзіў усю Беларусь, паказвае гэта ўсё на сваіх стрымах. Хто хоча пачуць — той пачуе. За год ён зрабіў больш, чым уся гэтая апазыцыя за 25 гадоў.

26 гадоў гэтаму народу закрывалі рот. Зьявіўся чалавек, які падыходзіць і размаўляе, пытаецца: „Народ, якія ў цябе праблемы?“ Гэта ня тое, што нам кажуць з тэлевізара і ідэолягі на прадпрыемствах: „Вы жывяце добра!“ А чалавек прыходзіць дахаты, адчыняе лядоўню — а там нічога няма».

«Дык чаго баяцца? Страціць свае 300 рублёў?»

«Сёньня жыцьцё прымусіла людзей выходзіць сюды. Самае цікавае — што многія баяцца яшчэ. Чаго? Страціць свае 300 рублёў заробку? Сёньня, можа і да жніўня, яшчэ будуць плаціць гэтыя 300–400 рублёў заробку, а ў кастрычніку — ня факт, што гэтыя прадпрыемствы застануцца працаваць і іх не адправяць за свой кошт. Бо гэта не эканоміка, а проста падтрыманьне портак.

Для таго каб нам не зьбірацца больш як па трое, ён і гоніць туды, на прадпрыемствы за 300 рублёў, каб ты нечым займаўся, быў пад прыглядам начальніка і ў цябе не было дурных думак. Вось і ўсё.

Я асабіста, калі прыходзяць на прадпрыемства і кажуць: „Пастаў подпіс за Лукашэнку“, адказваю: „Я ня стаўлю, вы ведаеце маю пазыцыю“, — і яны бокам абыходзяць мой кабінэт. Калі чалавек не паважае мой голас, чаго мне галасаваць за яго? Я паважаю тых людзей, якія чуюць мяне і хоць бы дыспутуюць са мной.

Я кажу маладым: „Ну, выкліча начальнік токараў і пачне пагражаць звальненьнем. Ну ня звольніць ён цэх токараў! Хто працаваць будзе?“. Няма каму, начальнік ня пойдзе за станок. Яны прывыклі сядзець і камандаваць. Дык чаго баяцца?»

«У нас было Магдэбурскае права, а нам кажуць: „Не, вы сядзелі ў зямлянках“»

«Мне ўсё роўна — Ціханоўскі будзе, Іваноў, Пятроў ці Сідараў. Я хачу, каб былі адкрытыя выбары, хай прыйдзе чалавек са сваёй праграмай. І калі большасьці гэтая праграма спадабаецца і калі сумленна (бязь Лідзіі Міхайлаўны) за яго прагаласуюць, і нават калі мне гэты чалавек ня будзе падабацца — я як меншасьць падпарадкуюся большасьці, і пойдзем разам у адным кірунку. Куды нам ісьці? Спадзяюся — у сьветлую будучыню, ну не назад жа і таптацца на месцы. Трэба, каб дзеці нашы тут засталіся. У маіх знаёмых дзеці зьехалі за мяжу, і я лічу, што правільна. Бо тут няма ні разьвіцьця, ні пэрспэктыў — нічога.

Калі возера ня ўзбоўтваць, яно зарастае і атрымлівацца балота. Калі не баламуціць гэтае балота — гэта шлях у нікуды. На мітынгі зьбірацца нельга, больш як па трое зьбірацца нельга! Улада паставіла народу сьцяжкі, каб за іх не выходзілі, а самі цудоўна жывуць. Яны жывуць асобным жыцьцём. Трэба гэта зьмяняць, і сьвядомасьць народу зьмяняць. А сьвядомасьць зьменіцца тады, калі народ адчуе, што ад яго нешта залежыць. Што мы самі абяром мэра і губэрнатара — і яны будуць даваць справаздачу нам, а не наверх.

Ну, ня справіцца за год, народ выйдзе і скажа. Ну гэта ж элемэнтарна! Было ж Магдэбурскае права! А нам кажуць: «Не, вы сядзелі ў зямлянках — вось і сядзіце, не кажыце нічога, ня дыхайце, не зьбірайцеся».

У нас свабоду за 25 гадоў вытруцілі

Многія памятаюць, што было ў 2010-м пасьля Плошчы, і думаюць: «Ну што толку? Забяруць у турму — нічога зноў ня зьменіцца». Нашаму народу трэба, каб быў лідэр. Калі ён пакліча — народ выйдзе. Калі ня будзе каму клікаць, то наўрад ці народ выйдзе сам.

Зьмяняць сытуацыю павінна моладзь, тыя, каму 35–45 гадоў. Я лічу, што калі чалавеку 63 гады — ён павінен ісьці адпачываць. У нас шмат разумных людзей, якім 35–45 гадоў. Дай ты ім папрацаваць, чаго ты ўчапіўся ў гэтае крэсла? Ты ж кажаш, што перамен ня будзе, рэформаў ня будзе. А як жыць 35-гадовым? Яны павінны зьмяняць гісторыю! Яны разумнейшыя за мяне, бо жывуць у новым лічбавым сьвеце. Я ўсім кажу, што пасьля 50 трэба маўчаць у анучку. У 63 гады — тым больш.

На першым этапе ён, можа, і быў неабходны, і я была за яго. Але потым трэба было рухацца наперад. А мы стаялі на месцы і праядалі тое, што засталося".

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG