Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрадэпутаты заклікаюць беларускія ўлады правесьці дэмакратычныя і бясьпечныя выбары


Адно з пасяджэньняў Эўрапарлямэнту ў Брусэлі, сакавік 2020
Адно з пасяджэньняў Эўрапарлямэнту ў Брусэлі, сакавік 2020

Дзесяць дэпутатаў Эўрапарлямэнту падпісаліся пад адкрытым лістом, у якім выказваюць салідарнасьць зь беларусамі ў змаганьні з каранавіруснай інфэкцыяй, супраць якой, на іх думку, беларускія ўлады не зрабілі адэкватных захадаў.

Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі​

«Як абраныя дэпутаты Эўрапарлямэнту і сябры беларускага народу мы хацелі б выказаць захапленьне вашай мужнасьцю і рашучасьцю, праяўленымі ў гэты выпрабавальны час, і такім чынам кампэнсаваць, наколькі гэта магчыма, няздольнасьць беларускай улады ацаніць памер патэнцыйнага распаўсюду COVID-19 і, адпаведна, зрабіць адэкватныя захады. Сьведчаньне гэтага — маштаб самаарганізацыі звычайных грамадзян, якія шчодра дапамагаюць адзін аднаму, а таксама найбольш уразьлівым, і адвага, якую праяўляюць мэдычныя працаўнікі», — пішуць дэпутаты ў лісьце.

Дэпутаты адзначаюць, што салідарнасьць Эўразьвязу зь беларускім народам праяўляецца ня толькі на словах, але і ў канкрэтнай дапамозе ў змаганьні з пандэміяй. У прыватнасьці, эўрапарлямэнтары нагадваюць пра 60 мільёнаў эўра дапамогі Беларусі, закладзеныя ў рамках фінансавага пакету Team Europe для змаганьня з каранавіруснай інфэкцыяй.

Беларусь таксама атрымае мэдычнае абсталяваньне і матэрыялы на суму 30 мільёнаў эўра. Дэпутаты дадаюць, што ў рамках праграмы салідарнасьці «Ўсходняга партнэрства» Беларусі прызначаная сума 10 мільёнаў эўра для дапамогі найбольш пацярпелым часткам насельніцтва.

Што да прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі ў Беларусі, то дэпутаты адзначаюць наступнае:

«Хоць мы прызнаём, што ў адпаведнасьці зь беларускай Канстытуцыяй прэзыдэнцкія выбары павінны адбыцца да 30 жніўня, мы настойліва заклікаем беларускі ўрад забясьпечыць свабоднае, справядлівае і бясьпечнае правядзеньне выбараў у папярэдні пэрыяд (у тым ліку гарантаваць, што кандыдаты змогуць сабраць подпісы своечасова і бясьпечна) і ў дзень выбараў, у адпаведнасьці са стандартамі АБСЭ і парадамі мэдычных экспэртаў».

Ліст падпісалі эўрадэпутаты: Андрус Кубілюс (Літва), Мірыям Лексман (Славаччына), Сандра Калніетэ (Латвія), Гайдзі Гаўтала​ (Фінляндыя), Томаш Франкоўскі (Польшча), Пятрас Аўштравічус (Літва), Іван Штэфанэц (Славаччына), Сяргей Лагадзінскі (Нямеччына), Зыгфрыд Мурэшан (Румынія), Райнгард Бютыкофэр (Нямеччына).

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG