Свабода паназірала за мовай кампаній зарэгістраваных ініцыятыўных груп.
Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі >>
Выбары 2020 году могуць стаць першымі ў гісторыі Беларусі, удзельнічаць у якіх ня будзе нацыянальна-дэмакратычная апазыцыя. На гэты момант да яе можна аднесьці толькі трох з патэнцыйных 14 кандыдатаў — Вольгу Кавалькову, Юрыя Губарэвіча і Мікалая Казлова. Аднак усе яны выбарчую кампанію зьбіраюцца праводзіць выключна ў інфармацыйных мэтах і спыняцца на моманце падачы сабраных подпісаў у ЦВК. Свабода паспрабавала разабрацца, ці застанецца пасьля гэтага беларуская мова ў выбарчай кампаніі.
Сацыяльныя сеткі
Найбольш актыўныя ў сацсетках і мэсэнджарах цяпер Віктар Бабарыка і Валер Цапкала. Абодва менавіта праз сацсеткі паведамілі пра свой удзел у кампаніі, маюць адмысловыя «выбарчыя» каналы ў Telegram, дзе зьмяшчаюць сьвежыя навіны.
Актыўны ў сацсетках і лідэр «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў. Да гэтай тройцы можна далучыць Сяргея Ціханоўскага, які кіруе ініцыятыўнай групай сваёй жонкі Сьвятланы. Асноўны інфармацыйны канал Ціханоўскага знаходзіцца на YouTube, аднак у сацсетках і Telegram блогер таксама прадстаўлены.
Усе згаданыя патэнцыйныя кандыдаты ў сацыяльных сетках і мэсэнджарах карыстаюцца амаль выключна расейскай мовай. У Віктара Бабарыкі, напрыклад, па-беларуску можна пабачыць толькі хэштэгі пад пастамі ў «Фэйсбуку».
Беларускую мову ў сацсетках пастаянна выкарыстоўваюць толькі Вольга Кавалькова, Юры Губарэвіч і Алесь Таболіч. Апошні нават стварыў адмысловы акаўнт у «Фэйсбуку»: «Аляксандар Рыгоравіч Таболіч — наш кандыдат». Такая ж група Таболіча ў «УКантакце» ўжо мае расейскамоўную «шапку».
Прэс-канфэрэнцыі
Этап агітацыі пачнецца ў выбарчай кампаніі толькі ў ліпені, калі ЦВК афіцыйна зарэгіструе кандыдатаў у прэзыдэнты і выдасьць ім адпаведныя пасьведчаньні. Таму пра наяўнасьць беларускай мовы ў публічных выступах патэнцыйных кандыдатаў пакуль можна меркаваць толькі зь іх прэсавых і онлайн-канфэрэнцый. За гэтым заняткам пакуль былі заўважаныя Віктар Бабарыка, Валер Цапкала і Алег Гайдукевіч. Першая прэс-канфэрэнцыя (а заадно і першае зьяўленьне перад публікай) Сьвятланы Ціханоўскай заплянавалі на наступны тыдзень.
Усе згаданыя патэнцыйныя кандыдаты праводзілі прэс-канфэрэнцыі выключна на расейскай мове, адказваючы па-расейску нават на пытаньні, зададзеныя па-беларуску.
Пікеты і публічныя выказваньні
Больш-менш масава пікеты для збору подпісаў за вылучэньне кандыдатаў пачалі зьяўляцца ў Менску толькі праз тыдзень пасьля рэгістрацыі ініцыятыўных груп. Найбольш актыўныя ў гэтым зноў жа Віктар Бабарыка і Валер Цапкала. Абодва маюць прыкладна па 10 штодзённых пікетаў толькі ў Менску. Праз пікеты зьбіраюць подпісы і іншыя патэнцыйныя кандыдаты. На вуліцах можна пабачыць сяброў ініцыятыўных груп Ганны Канапацкай, Сьвятланы Ціханоўскай, Сяргея Чэрачня і іншых.
Пры гэтым беларускую мову ў аздабленьні пікетаў выкарыстоўвае пакуль толькі экс-дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая. Ля яе пікетаў можна пабачыць невялікі стэнд з кароткай біяграфіяй, партрэтам патэнцыйнай кандыдаткі і лёзунгам «Я зраблю».
Пікеты Бабарыкі і Цапкалы аформленыя па-расейску. Подпісы за Сьвятлану Ціханоўскую зьбіраюць без адмысловага аздабленьня пікетаў, на пераносных плястыкавых сталах са старымі тэпцямі ў якасьці сымбалю пратэсту.
На пікетах Ціханоўскай у рэгіёнах, куды прыяжджае кіраўнік яе ініцыятыўнай групы блогер Сяргей Ціханоўскі, беларуская мова ўсё ж гучыць. У якасьці гімну пратэсту блогер выкарыстоўвае расейскую і беларускую вэрсіі гімна польскай «Салідарнасьці» «Муры», напісанай Яцкам Качмарскім на каталёнскую мэлёдыю.
Па-беларуску на сваім пікеце ля Камароўкі прамаўляла ў нядзелю 25 траўня Вольга Кавалькова. Віктар Бабарыка на першай дзяржаўнай мове адказваў на пытаньні Свабоды на прыступках Дому ўраду пасьля рэгістрацыі сваёй ініцыятыўнай групы ў ЦВК. Там жа беларуская мова гучала з вуснаў Андрэя Дзьмітрыева і Алеся Таболіча.
Праграмы
Якую ролю адводзяць беларускай мове ў сваёй палітыцы патэнцыйныя кандыдаты, можна будзе зразумець толькі пасьля публікацый праграм. Гэта адбудзецца пасьля працэдуры рэгістрацыі на пачатку ліпеня. Пакуль жа прэтэндэнты на кандыдацтва адказваюць на пытаньні аб сваёй будучай моўнай і культурнай палітыцы без канкрэтыкі. Альбо ўвогуле ня бачаць розьніцы паміж беларусамі і расейцамі, як, напрыклад, Валер Цапкала. Пра гэта ён заявіў на сваёй першай прэс-канфэрэнцыі 21 траўня ў гатэлі «Вікторыя Алімп».
У падтрымку беларускай мовы неўзабаве пасьля рэгістрацыі сваёй ініцыятыўнай групы выказаўся Алесь Таболіч, які назваў сябе «кандыдатам ад беларускай нацыянальнай культуры».
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.