Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп скрытыкаваў сэрвісы сацыяльных сетак, пасьля таго як сетка Twitter стала папярэджваць падпісчыкаў пра магчымыя недакладнасьці ў ягоных твітах.
«Рэспубліканцы лічаць, што плятформы сацыяльных сетак спрабуюць заглушыць выказваньні кансэрватараў. Мы будзем строга рэгуляваць іх працу або закрыем іх, перш чым дазволім гэтаму адбыцца», — напісаў Трамп у Твітэры.
У аўторак два паведамленьні Трампа ў Твітэры з крытыкай працэсу галасаваньня праз пошту, у якіх прэзыдэнт заяўляе, што такая форма галасаваньня будзе выкарыстаная для фальсыфікацыі вынікаў выбараў, суправаджаліся адмысловай спасылкай: «Атрымайце факты аб галасаваньні праз пошту».
Адкрыўшы гэтую спасылку, падпісчыкі атрымлівалі інфармацыю ад прыцягнутых сацыяльнай сеткай экспэртаў, якія лічаць, што такая форма галасаваньня вельмі рэдка зьвязаная з фальсыфікацыямі.
Гэты крок Twitter’а стаў адказам на шматлікія заклікі крытыкаў Дональда Трампа, якія абвінавачваюць прэзыдэнта ў распаўсюджваньні ілжывай інфармацыі і грубых атаках на апанэнтаў з дапамогай сацыяльных сетак. Трамп у адказ заявіў, што сацыяльная сетка душыць свабоду слова і спрабуе ўмяшацца ў прэзыдэнцкія выбары ў ЗША, заплянаваныя на восень 2020 году.