Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я не чакаў, што людзі павераць». Сяргей Ціханоўскі пра жонку, апазыцыю і пляны на 9 жніўня


Сяргей Ціханоўскі
Сяргей Ціханоўскі

Свабода правяла з блогерам адзін дзень у Слуцку і даведалася, чаму ў яго дома будзе вобшук, каго з палітычнай апазыцыі ён паважае і як закахаўся ў жонку Сьвятлану.

Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі >>

Панядзелак, 25 траўня, 11.30. Ля недабудаванага трохпавярховага катэджа на вуліцы Слуцкіх паясоў у прыватным сэктары Слуцку зьбіраюцца людзі. Катэдж, зь іхных слоў, належыць старшыні мясцовага райвыканкаму. Спачатку прыходзіць некалькі чалавек, потым некалькі дзясяткаў. Прыяжджаюць на аўтамабілях, замаўляюць таксоўкі. Да 12 гадзіны іх ужо каля пяцідзесяці.

Пікет Ціханоўскага каля меркаванага катэджу кіраўніка Слуцкага райвыканкама, 25 траўня
Пікет Ціханоўскага каля меркаванага катэджу кіраўніка Слуцкага райвыканкама, 25 траўня

Неўзабаве зьяўляецца белы мінівэн зь вялікім мэталічным тэпцем на даху. Машына спыняецца, зь яе выходзіць Сяргей Ціханоўскі. Гучаць аплядысмэнты. Пакуль паплечнікі Ціханоўскага расстаўляюць сталы для збору подпісаў за вылучэньне Сьвятланы Ціханоўскай кандыдаткай на прэзыдэнцкіх выбарах, да самога Сяргея выстройваецца чарга аматараў сэлфі. Блогера гэта ўжо ня дзівіць. За дзень да гэтага прайшоў пікет у Менску. Чарга ахвочых падпісацца за Сьвятлану Ціханоўскую расьцягнулася на паўкілямэтра.

«Калі мяне пасадзілі на суткі, меў 139 тысяч падпісчыкаў, калі выйшаў — 195 тысяч»

«Я быў зьдзіўлены. Думаў, што падтрымка онлайн — гэта адно, а офлайн — зусім іншае, — прызнаецца Сяргей Ціханоўскі. — У мяне ўжо быў досьвед падчас парлямэнцкай кампаніі. Рабілі ў Менску пікеты, блогер Nexta запрашаў людзей на сустрэчу. 300 чалавек прыходзілі. Але вось каб проста так, у выходны дзень, падчас пандэміі ўсё адно людзі прыйшлі? Каб чарга ажно да мэтро была?»

Сяргей кажа, што да такой колькасьці людзей нават не рыхтаваліся — узялі чатыры сталы, выдавалі пасьведчаньні сяброў ініцыятыўнай групы, зьбіралі подпісы. «Не чакаў, што такі вялікі попыт на перамены будзе, што людзі паверылі, — працягвае ён. — Магчыма, галасамі нашую праблему ня вырашыш, але што людзі хочуць дзейнічаць і выходзяць офлайн, мяне гэта зьдзівіла. Я думаў, што падтрымка будзе меншай. Некаторыя людзі казалі, што стаялі ў чарзе тры з паловай гадзіны».

Пікет для збору подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую ля Камароўкі ў Менску, 24 траўня
Пікет для збору подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую ля Камароўкі ў Менску, 24 траўня

На пікеце 24 траўня ля Камароўскага рыну ў Менску Сяргея Ціханоўскага таксама віталі воплескамі. Блогеру часам было цяжка прайсьці праз натоўп ахвотнікаў пагаварыць зь ім і сфатаграфавацца.

«Гэта пачалося прыкладна два месяцы таму, — гаворыць Ціханоўскі. — Прыяжджаеш у горад які-небудзь, здымаеш там, а потым пасьля здымак яшчэ 20-30 хвілін фатаграфуесься зь людзьмі. Людзі зьмяшчаюць гэтыя здымкі ў сваіх сацсетках, гэта таксама кантэнт, ён працуе на нас. Адмовіць не магу. Людзі посьцяць гэта ў „Інстаграм“, у сторыз. Прыходзіць новая аўдыторыя. Калі мяне пасадзілі на суткі, было 139 тысяч падпісчыкаў, калі выйшаў — 195 тысяч. Учора за дзень падпісаліся больш за 3,5 тысячы чалавек на канал. Некалі свае першыя 3,5 тысячы падпісчыкаў я месяцамі зьбіраў».

На той жа пляцоўцы ля Камароўкі 24 траўня адначасова зь Ціханоўскім знаходзіўся Ўладзімер Няпомняшчых, «кандыдат пратэсту» ад каманды Міколы Статкевіча, і Вольга Кавалькова. Стаялі таксама пікеты для збору подпісаў за Валера Цапкалу і Віктара Бабарыку. Вялікія чэргі людзей, якія хацелі падпісацца, стаялі толькі да ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай. Як гаворыць сам блогер, за некалькі гадзін пікету было сабрана каля 3 тысяч подпісаў.

«Калі б Севярынец удзельнічаў у выбарах, я б не пайшоў»

«Я не ведаю, хто такі Цапкала, — кажа Ціханоўскі. — Мы са сваёй аўдыторыяй у стрымах размаўляем кожны дзень. Мяне нават папракаюць гэтым, але ж калі людзям трэба? 100 тысяч чалавек кожны дзень мяне бачаць. Учора ў Менску на пікеце каўбасу мне давалі, агуркі. Я знаёмы зь некаторымі апазыцыянэрамі, быў на акцыях у падтрымку незалежнасьці ў канцы студзеня 2019 году. 20 сьнежня мне вельмі спадабалася акцыя. Падумаў, што вось ужо яны — перамены. А 21-га прыходжу — пуста. Мяне ў выніку за 21 сьнежня і пасадзілі, хоць я там зусім крыху паздымаў».

Пікет у Слуцку 25 траўня. Сяргей Ціханоўскі з мэгафонам
Пікет у Слуцку 25 траўня. Сяргей Ціханоўскі з мэгафонам

Слуцак, панядзелак 25 траўня, пляцоўка ля гандлёвага цэнтру «Маяк». Самы цэнтар гораду. На пляцоўцы тры плястыкавыя сталы, за якімі сядзяць зьбіральнікі подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую. Да кожнага зь іх чарга 30-40 чалавек. За тры гадзіны пікету чэргі не зьмяншаюцца. Сяргей Ціханоўскі вядзе свой стрым за 15 мэтраў ад чэргаў. Фатаграфуецца з падпісчыкамі, запускае ў неба вялікі тэпаць на балёніках. Пэрыядычна падыходжу да людзей спытацца, чаму яны прыйшлі падтрымаць менавіта Ціханоўскіх. Самы папулярны адказ: «Да нас ніхто больш не прыяжджае, мы больш нікога ня ведаем».

«Паўла Севярынца я ведаю, — кажа сам блогер. — Расчараваўся моцна, калі так здарылася з праймэрыз. Я не зразумеў гэтага ўсяго. Шмат хто з нашых падпісчыкаў яго ведае. Калі б Павал Севярынец удзельнічаў у кампаніі, я б, магчыма, і не пайшоў сам. Жонка мая дык дакладна. Але ён не заявіўся. Мікола Статкевіч таксама мне падабаецца. Дасьведчаны чалавек, адсядзеўшы. Часам рэзкі. Але калі б я 8 гадоў адседзеў, то, магчыма, і не такія словы б гаварыў». Больш, кажа Ціханоўскі, нікому з «апазыцыйнай тусоўкі» ён не давярае.

«Дзе вы раней былі? — кажа пра „апазыцыю“ блогер. — Людзкой падтрымкі ні за кім зь іх няма. Партыі гэтыя нібыта і ёсьць, зарэгістраваныя і не. А рэальнага жыцьця і актыўнасьці няма. У мяне людзі пытаюцца, чаму яны (апазыцыянэры. — РС) ня езьдзяць па гарадах? Пішуць такія пытаньні. Я нармальна стаўлюся і да Мікалая Казлова, і да Вольгі Кавальковай. Але я ня бачу дзеяньняў. Мне хочацца, каб яны ня проста выйшлі на нейкі мітынг, як 20 сьнежня, пагаварылі ў мікрафон ля камэраў, і ўсё. Хочацца неяк каб і зь людзьмі працавалі, размаўлялі нашы апазыцыянэры. Каб натхнялі людзей. А то атрымліваецца, што чамусьці блогеры іх натхняюць».

Сяргей Ціханоўскі
Сяргей Ціханоўскі

«Я нікому не цікавы — ні Захаду, ні Усходу»

Сярод іншых палітычных блогераў Беларусі Сяргей Ціханоўскі адзначае Nexta і Шэрага ката з Воршы. Скардзіцца на ціск на калег, згадвае адседкі магілёўскага блогера Міхася Аршынскага, які пасьля вызваленьня выдаліў свае ролікі з YouTube. Сам Ціханоўскі гаворыць, што на яго пакуль асаблівага ціску не было. Калі не лічыць апошніх тыдняў.

«Я думаў, будуць у КДБ выклікаць, у міліцыю, — кажа Ціханоўскі. — Нічога! Адзін раз участковы прыйшоў, сказаў пра чатыры пратаколы за непраўдзівыя зьвесткі. І зараз вось, вам першым расказваю, званіў сьледчы і сказаў, што мяне позвай хочуць выклікаць у Гомель у справе аб ілжэмінаваньні будынка. Менавіта падчас кампаніі нашай, калі я ўжо расплянаваў паездкі. А адлегласьці немаленькія. Дык яны мяне позвай выклікаюць, праігнараваць яе нельга. Я там сьведкам праходжу нібыта.

Яшчэ адна справа ёсьць пра грошы на картцы. У мяне яны заблякаваліся на рахунку. Невядома, як так атрымалася. Я пайшоў у банк, напісаў заяву. Грошы банк вярнуў, але ў міліцыю ўсё адно выклікаюць, бо крымінальную справу завялі, у Сьледчы камітэт перадалі. Хочуць дома ў мяне праводзіць ператрус. Акрамя адміністрацыйных спраў, вось яшчэ ёсьць дзьве крымінальныя. А так я нікому не цікавы. Ні з Захаду, ні з Усходу. Ну блогер гэты, нешта мянціць языком у розных гарадах».

У Слуцкім РУУС, куды Ціханоўскі прынес перадачу для арыштаванага паплечніка
У Слуцкім РУУС, куды Ціханоўскі прынес перадачу для арыштаванага паплечніка

«Першыя відэа глядзелі 150-200 чалавек»

Па словах Сяргея Ціханоўскага, цяпер ён жыве ў асноўным у паездках па краіне. Домам сваім можа назваць Гомель, дзе засталася маці, і Менск, дзе пастаянна жыве жонка Сьвятлана зь дзецьмі.

«Мае бацькі вучыліся ў той самай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках, дзе і „гарант“, — расказвае пра сям’ю Сяргей. — Там пазнаёміліся, пажаніліся. Я там і нарадзіўся, але ніколі ня жыў. Сям’я пераехала ў Гомель. Бацька памёр дзесяць гадоў таму. Маці эколягам прапрацавала ўсё жыцьцё, цяпер пэнсіянэрка. Але яшчэ працуе на прадпрыемстве, пэнсія 300 рублёў. Заробак такі ж.

Вучыўся я ў гімназіі фізыка-матэматычнай. Потым на філфаку вучыўся, чамусьці так атрымалася. Пасьля пайшоў працаваць, адкрываў начныя клюбы ў Гомлі і Мазыры. Па 100 чалавек у мяне працавалі. Канцэрты арганізоўвалі, працавалі зь дзяржавай. Аддзелы культуры ў нас імпрэзы замаўлялі, пастаноўку сцэны. „Агату Кристи“ прывозілі, беларускіх усіх артыстаў, „Ляпісаў“. Дзесяць гадоў я так працаваў, і ў нейкі момант мне ўсё надакучыла. Па начах трэба на месцы знаходзіцца, там п’яныя, наркаманы, бандыты; мянты, якія як бандыты. А гэта ж канец 90-х — пачатак нулявых».

Назва YouTube-каналу Сяргея Ціханоўскага — «Страна для жизни».
Назва YouTube-каналу Сяргея Ціханоўскага — «Страна для жизни».

Пасьля 2004 году Сяргей Ціханоўскі крыху пасьпеў папрацаваць у кампаніі МТС, у аддзеле маркетынгу. Кажа, што працягвалася гэта прыкладна год, больш ён ня вытрымаў. Пасьля гэтага заняўся рэклямай і кліпамі, адкрыў офісы ў Расеі і ва Ўкраіне.

«Калі ў 2014 годзе ўсё гэта пачалося (канфлікт на ўсходзе Украіны. — РС), мы ўкраінскі офіс закрылі, — прызнаецца Ціханоўскі. — Мы ж тэлевізар у Расеі глядзелі. Думалі, што там сапраўды ўсе ходзяць са свастыкамі. Я быў загіпнатызаваны, баяўся езьдзіць туды. У дадатак там карупцыя страшная была. У Расеі таксама, але меншая. У Беларусі яшчэ меншая. Я маю з чым параўнаць, працаваў у той жа сфэры ў трох краінах. Салёны сотавай сувязі меў таксама ў Беларусі, пяць.

Сям’я мая ў Менску жыве. Я часам кожны тыдзень лётаў на самалёце дадому на выходныя. Увесь сьвет аб’езьдзіў, бо кліенты здымкі замаўлялі. У Пэкіне, у Нью-Ёрку, у Варшаве. Эўрапейскія сталіцы ўвогуле часта. Кліент замаўляе здымкі кліпу пра тое, што ва ўсіх сталіцах сьвету ёсьць людзі зь яго плястыкавай карткай. Едзем здымаць. Але рэкляма — гэта ўсё падман. У нейкі момант мне таксама надакучыла гэтым займацца. Тым больш прыкладна ў 2015 годзе рынкі сталі падаць, а я такім больш праваслаўным чалавекам стаў. Моцна зьмяніўся, стаў больш думаць пра людзей. Прыяжджаў з-за мяжы, і было з чым параўнаць».

Сяргей Ціханоўскі кажа, што блогерам стаў амаль выпадкова. Заняўся арганізацыяй аграсядзібы недалёка ад Гомля і сутыкнуўся з бюракратыяй. Спачатку зь мясцовай. Потым з абласной і рэспубліканскай. Расказаў пра ўсё журналістам, зьняў з дапамогай знаёмых відэа.

«Першыя ролікі так і атрымаліся, — успамінае Сяргей Ціханоўскі. — Бытавыя спачатку, потым з чыноўнікамі пра безгаспадарчасьць. Паціху-патроху падышлі да таго, што ўперліся ў палітыку. Першыя відэа мелі 150-300 праглядаў. Скідваў знаёмым паглядзець. Раз на тыдзень, раз на два тыдні. Першыя тысячы падпісчыкаў было складана набраць. А потым чым больш падпісчыкаў, тым больш распаўсюду было. Людзі дзяліліся маім кантэнтам. Гэта нельга ні за якія грошы напампаваць.

Сяргей Ціханоўскі
Сяргей Ціханоўскі

Ты можаш мільён даляраў укласьці на колькасьць праглядаў, але гэта нічога ня дасьць. Нашыя кліенты часта так рабілі. 50 тысяч даляраў укладуць — праглядаў шмат, падабаек і камэнтароў — 10-15 штук. Людзям нецікава. Але першыя мае ролікі глядзелі 100 чалавек. Учорашні з Камароўкі? 100 тысяч за дзень. Агулам 300 тысяч набяжыць. Але ўчора было шмат стрымаў адтуль. У Шэрага ката (блогер з Оршы. — РС) з 13 тысячамі падпісчыкаў былі 3 тысячы онлайн нават. Стрым Свабоды шмат людзей глядзелі, „Белсату“. Шмат хто стрыміў».

«Сабралі 4000 даляраў за 1,5 гадзіны стрыму»

Сяргей Ціханоўскі гаворыць, што цяпер мае цэлую каманду для паездак і вядзеньня стрымаў. Частка зь яго паплечнікаў сядзіць на «сутках». У Слуцку, Гомлі і Мазыры. У Слуцак Ціханоўскі прыехаў разам з трыма паплечнікамі. Сказаў, што амаль у кожным горадзе да яго далучаюцца мясцовыя актывісты. Колькасьць ахвотных дапамагчы яму зьбіраць подпісы за вылучэньне жонкі Сьвятланы рэзка вырасла за апошнія тыдні.

«У нашай камандзе каардынацыяй займаецца жанчына, — кажа Ціханоўскі. — Усёй ініцыятыўнай групай кіруе, зборам подпісаў. Мы зь ёй знаёмыя трэці дзень. Проста я ёй паверыў. Бачу, што яна можа кіраваць працэсамі, працавала раней сур’ёзна. Тут альбо чалавеку верыш, альбо не. Хто гэтыя людзі з нашай ініцыятыўнай групы, я ня ведаю. Мы некалькі разоў сустракаліся зь некаторымі, некаторых я прыгадаў. Рэшта — гэта людзі, якія далучыліся самі. Вось чалавек, які за мяне на суткі трапіў, калі мы падмену зрабілі, ён сам прыйшоў.

Калі нехта працаваць на нас ня можа, то іначай дапамагае. Мінівэн белы, на якім мы ў Слуцк прыехалі, нам чалавек проста так аддаў. Кажа, што можам забіраць, калі трэба. Легкавыя машыны даюць нам. Калі я выйшаў з сутак, мы зрабілі стрым. Толькі на ім сабралі каля 4000 даляраў, а яшчэ нешта ад YouTube прыйшло. Тысяч шэсьць мы сабралі тады за 1,5 гадзіны».

Па словах Сяргея Ціханоўскага, яго канал на YouTube прыносіць стабільны прыбытак. Людзі пералічваюць грошы самі, штосьці прыходзіць ад рэклямы і самога сэрвісу. Усё аформлена легальна, дзяржава атрымлівае падаткі. Акрамя гэтага, Ціханоўскі зьбірае грошы праз краўдфандынг. Кажа, што правялі некалькі кампаній. Частка зь іх прадугледжвае рассылку атрыбутыкі і сувэніраў, празь іншыя людзі ахвяруюць грошы проста так. Адна кампанія збору сродкаў можа прынесьці нават 20 тысяч рублёў.

«Грошы выкарыстоўваліся для разьвіцьця каналу, — гаворыць Ціханоўскі. — Запраўлялі аўтамабілі для паездак, набывалі нешта з тэхнікі. Цяпер пачалася выбарчая кампанія, адкрылі рахунак для збору сродкаў на яе. Пакуль не друкавалі ўлётак. Максымум — рабілі абвесткі пра збор подпісаў. Тэпці людзі самі прыносяць. Пакуль на кампанію ня трацім нічога. Людзі самі запрашаюць на начлег, у нас у краіне шмат аграсядзібаў. У Віцебску мне сказалі, што вось табе ключы ад дома, жывіце. Мы прыехалі, там вялікі прыгожы дом. Паліва заліваюць на запраўках».

У Слуцку з падпісчыкамі каналу
У Слуцку з падпісчыкамі каналу

«Сьвятлана прыйшла да мяне ў клюб, і я закахаўся»

Жонка Сяргея Ціханоўскага Сьвятлана застаецца непублічнай асобай, нават нягледзячы на вылучэньне ў якасьці прэтэндэнткі на кандыдацтва ў прэзыдэнты краіны. Ня стала размаўляць з журналістамі ў дзень рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, не паехала на пікеты ў Слуцак. Сяргей прызнаецца, што яе рашэньне рэгістраваць ініцыятыўную групу на сваё імя было для яго вялікім сюрпрызам.

Сьвятлана Ціханоўская пасьля падачы дакумэнтаў на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы ў Цэнтральную выбарчую камісію, 15 траўня
Сьвятлана Ціханоўская пасьля падачы дакумэнтаў на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы ў Цэнтральную выбарчую камісію, 15 траўня

«З жонкай мы ў Мазыры пазнаёміліся, у мяне там тады быў начны клюб, — успамінае Ціханоўскі. — 26 гадоў мне было. Я думаў, што да 30 не жанюся. Але яна прыйшла ў клюб — і ўсё, закахаўся. Хаця, з другога боку, рана ажаніўся, дзяцей выгадаваў — і жыві сабе. Са Сьвятланай мы з 2005 году разам. Нядаўна знайшлі фатаздымак, дзе мы разам у Парыжы. Я вазіў яе на 10-годзьдзе сумеснага жыцьця. У мяне там ёсьць любімыя рэстаранчыкі, то я павёз Сьвятлану туды. Пасядзелі зь відам на Эйфэлеву вежу.

Маці таксама вазіў у Парыж на ейны дзень народзінаў. Адчуў там тады нашую беларускую няёмкасьць. Ужо апошні дзень паездкі быў, ішлі па Елісейскіх палях, зайшлі ў рэстаран „Георг Чацьвёрты“ пасьнедаць. Афіцыянт падышоў, спытаў у маці, якую каву яна будзе. А маці адказала, што хоча „3 у 1“. Нашыя ж людзі пажылыя думаюць, што гэта добрая кава. Лепшага ня спытвалі нічога. Я афіцыянту сказаў, што маці просіць капучына. Ёй спадабалася ў выніку».

Чарга з ахвотнікаў падпісацца за Сьвятлану Ціханоўскую ў Слуцку
Чарга з ахвотнікаў падпісацца за Сьвятлану Ціханоўскую ў Слуцку

Сьвятлана Ціханоўская скончыла Лінгвістычны ўнівэрсытэт, выдатна валодае ангельскай мовай. Нейкі час працавала за мяжой, у Ірляндыі. Цяпер выхоўвае дзяцей, год таму выйшла з дэкрэтнага водпуску.

«Я быў у шоку, калі даведаўся, што Сьвятлана падала дакумэнты на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы, — кажа Сяргей. — Чаму, што здарылася? Мы ж не дамаўляліся пра гэта. Я ведаў, што мяне не зарэгістравалі, калі сядзеў у ІЧУ. Да мяне перасталі пускаць адвакатаў. Казалі, што няма месца для сустрэч. Тады ж я зразумеў, чаму мяне пасадзілі. Абвясьцілі дату выбараў, каб я ня змог падацца.

Калі я выйшаў, то адразу пазваніў Сьвятлане, а яна мне кажа: „Не магу гаварыць, стаю ля дзьвярэй ЦВК“. Маўляў, зараз вырашаецца пытаньне аб рэгістрацыі яе ініцыятыўнай групы. Я аж прысеў там, дзе стаяў. Думаў, што нехта з нашай каманды параіў ёй. Высьветлілася, яна сама так вырашыла. Не чакаў такога, вядома. Ужо ведаю, што гэта яна зрабіла, каб мяне выратаваць і каб была ўсё ж магчымасьць неяк паўдзельнічаць у выбарах. Сьвятлана не адгаворвала мяне ніколі ад гэтага ўсяго. Напачатку хвалявалася, зразумела. Цяпер ужо не, як разумею. Цяпер ужо што будзе, тое будзе. Яна як жонка дзекабрыста ўжо».

Сьвятлана ЦІханоўская каля ЦВК, 20 траўня
Сьвятлана ЦІханоўская каля ЦВК, 20 траўня

«Я ня ведаю, што будзе 9 жніўня»

Слуцак стаў другім горадам, куды каманда Сяргея Ціханоўскага прыехала зьбіраць подпісы за вылучэньне ягонай жонкі Сьвятланы. Усяго, кажа блогер, заплянавана каля 20 паездак. Ціханоўскі хоча наведаць усе абласныя цэнтры і буйнейшыя гарады. Маршрут даводзіцца плянаваць у ходзе кампаніі.

«Я думаў раней, што мяне пасадзяць перад выбарамі, калі будуць такія пратэставыя настроі, — кажа блогер. — Калі людзі пойдуць на плошчу, каб прыбраць лідэраў думак. Але цяпер пачынаю разумець, што, магчыма, не пасадзяць. Таму што, калі мяне „закрыюць“ цяпер, гэта, наадварот, можа хвалю пратэстаў выклікаць. Я нават ня ведаю, што цяпер будзе. Думаю, яны самі ня ведаюць».

Цінханоўскі на пікеце каля Камароўскага рынка ў Менску, 24 траўня
Цінханоўскі на пікеце каля Камароўскага рынка ў Менску, 24 траўня

Легальна зьбіраць подпісы і ладзіць выбарчыя пікеты за вылучэньне сваёй жонкі Сяргей Ціханоўскі можа да канца чэрвеня. Потым падпісныя лісты будуць здаваць у ЦВК для праверкі і падліку. Калі Ціханоўскія ня змогуць сабраць 100 тысяч подпісаў альбо Лідзія Ярмошына будзе мець сумненьні ў якасьці сабраных, легальны ўдзел у выбарчай кампаніі для блогера скончыцца.

«Пра тое, што будзе 9 жніўня, я таксама пакуль ня ведаю, — кажа Сяргей Ціханоўскі. — Але гутарыў з нашымі палітыкамі. З аналітыкамі нашымі (аказваецца, такія таксама ёсьць). Яны кажуць, што калі ня будзе такога, што сыстэма сама знутры пачне развальвацца, то, магчыма і рана яшчэ на плошчу клікаць. Але нядзеля ў Менску паказала, што самі людзі ўжо гатовыя да пераменаў.

З другога боку, я не хачу клікаць людзей некуды, каб іх там пабілі, разагналі ўсіх. Раней я казаў, што ў дзень выбараў можна стаць назіральнікамі, здымаць парушэньні, ідзем далей да райвыканкамаў. Пачынаем працяглы масавы агульны пратэст, не разыходзімся. Цяпер я думаю, што гэты плян трэба будзе скарэктаваць з улікам таго, што будзе адбывацца ў наступныя 3-4 тыдні».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG