Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас пратэсту ў Менску, 14 ліпеня 2020
Падчас пратэсту ў Менску, 14 ліпеня 2020

Людзі выйшлі на вуліцы пасьля нерэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы. Адбыліся затрыманьні

Усё, што варта ведаць пра выбарчую кампанію ў Беларусі, якая адбываецца ва ўмовах пандэміі каранавірусу.

«Бабарыка мне спадабаўся, для Канапацкай няма прыстойнага слова», — Шушкевіч пра падтрымку Сяргея Чэрачня і хаду выбарчай кампаніі

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч у 2018 годзе перадаў лідэрства ў Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамадзе Сяргею Чэрачню. 35-гадовы Чэрачань цяпер удзельнічае ў прэзыдэнцкай гонцы. Спыталі ў Шушкевіча, як ён ацэньвае цяперашнюю кампанію і паводзіны маладога лідэра БСДГ.

«У мяне даўняе ўражаньне, што гэта прыстойны, годны чалавек. На яго столькі цяпер бруду сталі выліваць, што я яго яшчэ больш палюбіў, — кажа Станіслаў Шушкевіч пра прэтэндэнта на кандыдацтва ў прэзыдэнты Сяргея Чэрачня. — Думаю, што пра кампанію рана яшчэ казаць. Трэба пачакаць, што будзе з рэгістрацыяй». Цалкам чытайце па спасылцы.

Праваабаронцы накіравалі ў ЦВК прапановы, як забясьпечыць празрыстасьць выбараў

Прапановы аб празрыстасьці выбарчага працэсу былі накіраваныя ў Цэнтарвыбаркам ад імя Беларускага Хэльсынскага камітэту. Сыходзячы з досьведу нацыянальнага і міжнароднага назіраньня, абапіраючыся на ацэнкі выніковай справаздачы місіі БДІПЧ АБСЭ прадстаўнікі кампаніі вылучылі чатыры асноўныя прапановы, якія б маглі істотна падвысіць празрыстасьць выбарчага працэсу ў Беларусі. Тэзісна:

  1. Адкрыты падлік галасоў з дэманстрацыяй бюлетэняў назіральнікам
  2. Копію пратаколу аб выніках галасаваньня варта завяраць
  3. Разьбіўка вынікаў галасаваньня па выбарчых участках
  4. Зрабіць адкрытымі ўсе не апублікаваныя пастановы ЦВК

Падрабязнасьці чытайце па спасылцы.

«Гэта горш, чым фарс». Інфармацыйны цэнтар у Кіеве зрабіў першыя ацэнкі беларускіх выбараў

Ва Ўкраіне пачаў працу створаны на час выбарчай кампаніі ў Беларусі інфармацыйны цэнтар, які ўзначаліў літаратар Аляксандар Ірванец. «Нам важна не дазволіць Расеі скарыстацца момантам выбараў, каб канчаткова анэксаваць Беларусь», — перакананыя ўдзельнікі новай няўрадавай арганізацыі.

Заснавальнікі Беларускага інфармацыйнага цэнтру, створанага ва Ўкраіне на час правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, заклікалі ўкраінцаў прадэманстраваць сваю салідарнасьць зь беларусамі, якія ў цяперашняй выбарчай кампаніі адстойваюць сваё права выбіраць уладу. Далей чытайце па спасылцы.

Мікалаю Статкевічу і блогеру Дзьмітрыю Казлову прад’явілі абвінавачаньне ў крымінальнай справе

Палітыку Мікалаю Статкевічу і відэаблогеру Дзьмітрыю Казлову, вядомаму як «Шэры кот» 8 ліпеня прадʼявілі афіцыйнае абвінавачаньне, паведаміў Свабодзе адвакат Уладзімер Сазанчук. Абодвух абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Ім пагражае да 3 гадоў пазбаўленьня волі.

Падставай для абвінавачаньня стаў інцыдэнт на выбарчым пікеце па зборы подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую ў Горадні 29 траўня, калі затрымалі Сяргея Ціханоўскага і яшчэ 8 чалавек. Статкевіч ужо раней казаў адвакату, што ў Горадні апошні раз быў летась увосень. Цалкам чытайце па спасылцы.

Каманда Бабарыкі пачала збор подпісаў пад скаргай на абмежаваньне месцаў агітацыі

Штаб патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі заявіў, што магчымасьці для перадвыбарчай агітацыі ў Беларусі істотна абмежавалі, таму ў Менску пачалі зьбіраць подпісы пад калектыўнай скаргай. Раней рашэньне аб абмежаваньні месцаў для агітацыі абяцаў абскарджваць праз суд іншы патэнцыйны кандыдат — лідэр «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў.

Калі на ранейшых выбарах агітацыю за кандыдатаў дазвалялі практычна паўсюль і забаранялі толькі каля пэўных месцаў (каля мэтро, чыгуначных станцыяў, дзяржаўных установаў і гэтак далей), то на сёлетніх прэзыдэнцкіх па ўсёй краіне вызначылі толькі 150 дазволеных месцаў.

«Пра колькасьць назіральнікаў пакуль казаць рана», — якія партыі і арганізацыі накіроўваюць назіральнікаў у камісіі

ЦВК апублікавала табліцу са зьвесткамі пра назіральнікаў, акрэдытаваных выбарчымі камісіямі. З дакумэнту вынікае, што праўладная КПБ вылучыла 600 назіральнікаў, а БНФ і АГП — толькі па адным. Чаму апазыцыйныя палітычныя партыі не вылучаюць сваіх прадстаўнікоў у назіральнікі ў выбарчых камісіях? Свабода разьбіралася, чаму так. Чытайце па спасылцы.

Сяргей Чэрачань адказаў на пытаньні Свабоды. ВІДЭА

У жывым эфіры прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Сяргей Чэрачань адказаў на пытаньні журналістаў і гледачоў Радыё Свабода.

Адвакат Ціханоўскага: Сукамэрнікі адмаўляюцца сядзець зь ім — у СІЗА прайшла ілжывая інфармацыя пра ягоны статус

Адвакату Сяргея Ціханоўскага Віктару Мацкевічу стала вядома, што пасьля выхаду Ціханоўскага з карцэру іншыя вязьні, зь якімі ён сядзеў дагэтуль, адмовіліся быць зь ім у адной камэры, бо ў СІЗА прайшла ілжывая інфармацыя пра яго нібыта «нізкі сацыяльны статус».

«У кожнага ёсьць свой пункт кіпеньня». Дзяніс Дудзінскі расказаў, чаму рызыкнуў кар’ерай у дзяржструктурах і ўступіўся за краму Symbal.by

Папулярныя вядоўцы Дзяніс Дудзінскі і Кацярына Раецкая сёлета ня будуць весьці «Славянскі базар». Прычынай, як лічыць Дзяніс, стаў пост у сацсетках пра затрыманьні людзей у чарзе да крамы Symbal.by.

Роварны флэшмоб: некалькі дзясяткаў чалавек праехалі калёнай па цэнтры Менску

Увечары 8 ліпеня менскія раварысты зрабілі чарговы флэшмоб — пад патрыятычную музыку праехаліся цугам у цэнтры гораду. Пра затрыманьні не паведамлялася.

Адвакаты Віктара Бабарыкі хадайнічаюць аб пераводзе яго пад хатні арышт

Абаронцы патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі падалі 8 ліпеня хадайніцтва аб пераводзе яго зь СІЗА КДБ пад хатні арышт, паведаміў на Facebook адвакат Дзьмітры Лаеўскі.

Віктар Бабарыка, як і ягоны сын, кіраўнік выбарчага штабу Эдуард Бабарыка, знаходзяцца ў няволі 21 дзень. Адвакаты просяць перавесьці Бабарыку пад хатні арышт з правам кантактаваць з выбарчым штабам і прэсай, каб «выключыць перашкоды ў рэалізацыі выбарчага права». Цалкам чытайце тут.

Чэрачань запусьціў інтэрнэт-апытаньне, каб вырашыць, ці здымацца з выбараў

Прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Беларусі Сяргей Чэрачань запусьціў на сваім сайце апытаньне, ці трэба яму здымацца з выбараў.

«Гэтая электаральная кампанія увойдзе ў падручнікі гісторыі як самае жорсткае супрацьстаяньне паміж людзьмі і дзейнай уладай. Для мяне і маёй каманды прасьцей за ўсё цяпер падняць белы сьцяг і прызнаць, што ціск, які чыніцца, нас зламаў»,— напісаў палітык, адзначыўшы, што сам ён не апускае рук перад цяжкасьцямі і не адступае нават у момант, калі апанэнт дужы і хітры. Цалкам чытайце па спасылцы.

Тры бязьлюдныя пляцоўкі для агітацыі ў паўмільённым Гомлі. ФОТА

Гомельскія ўлады вызначылі для агітацыі тры пляцоўкі. Усе яны далёка ад цэнтру гораду. Дабірацца нязручна, людзі ходзяць там рэдка. У асноўным на пляцоўках можна сустрэць сабачнікаў.

Фота месцаў, дзе можна агітаваць у Гомлі, глядзіце па спасылцы.

«Страляць ён ня будзе. Улада ўвосень ня зьменіцца». Прагноз ад вэтэрана апазыцыі

Якое месца «тытульнай апазыцыі» ў цяперашніх выбарах? Што найбольш турбуе цяпер Лукашэнку? Чаму людзі выходзяць на вуліцы? Ці зьменіцца ўлада 9 жніўня? Пра гэта Свабода пагутарыла з былым лідэрам гомельскай апазыцыі, вэтэранам дэмакратычнай супольнасьці Ўладзімерам Кацорам.

Сьцісла

  • Дзейная ўлада — «рэжым» — пасьля 9 жніўня не абрынецца.
  • Адна з пагроз для рэжыму Лукашэнкі цяпер — закрытыя межы з Расеяй.
  • Ніхто страляць ня будзе. Улады да выбараў пасадзяць самых актыўных і частку незалежных журналістаў.
  • «Каранавірус пераможаны», але можа раптам зьявіцца «другая яго хваля». Яе ўлада возьме ў хаўрусьнікі на выбарах.
  • Адзіная пляцоўка для тытульнай апазыцыі на гэтых выбарах — назіраньне.
  • Эфэкт можа даць візуалізацыя людзей і «законная» агітацыя супраць кандыдата Лукашэнкі.

Цалкам чытайце па спасылцы.

Партыя БНФ запатрабавала адмовіць Лукашэнку ў рэгістрацыі кандыдатам

8 ліпеня падала ў Цэнтральную выбарчую камісію скаргу з патрабаваньнем адмовіць у рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты Аляксандру Лукашэнку.

Як сьцьвярджае Партыя БНФ, у скарзе прывялі доказы выкарыстаньня адміністрацыйнага рэсурсу на карысьць вылучэньня Лукашэнкі, выкарыстаньне ягонай ініцыятыўнай групай дзяржаўнага фінансаваньня і рэсурсаў, стварэньня няроўных умоваў, рэпрэсіяў у дачыненьні іншых патэнцыйных кандыдатаў. Таксама партыя заяўляе пра незаконнасьць рэфэрэндуму 2004 году, па выніках якога зьнялі абмежаваньне ў толькі два прэзыдэнцкія тэрміны. Цалкам чытайце тут.

На Магілёўшчыне затрымалі дзяўчыну за надпіс «Стоп Лука»

У мястэчку Краснапольле Магілёўскай вобласьці 19-гадовую дзяўчыну вінавацяць у тым, што яна зрабіла надпіс «Стоп Лука» перад будынкам мясцовай міліцыі. Пра гэта паведаміў Свабодзе яе дзядзька Аляксандар Дзем’янкоў.

Паводле яго, пляменьніцу Аляксандра Вераніку Карпаву затрымалі 8 ліпеня а 23-й гадзіне. Зь яе словаў, на допыце яна прызналася, што зрабіла надпіс. Да 5 гадзінаў наступнага дня дзяўчына прабыла ў міліцыі. У яе забралі тэлефоны. 9 ліпеня блізу поўдня да яе маці прыехалі міліцыянты, каб правесьці ператрус у кватэры, дзе яна жыве з дачкой. Жанчына адмаўляецца іх пускаць бяз санкцыі пракурора на вобшук. Цалкам чытайце па спасылцы.

«Будзем працаваць зь любой адміністрацыяй»,— экс-прэзыдэнт Расеі пра выбар беларусаў

Колішні прэзыдэнт і прэм’ер-міністар Расеі, а цяпер намесьнік старшыні Савету бясьпекі Дзьмітрый Мядзьведзеў у інтэрвію «Комсомольской правде» сярод іншага закрануў тыму адносінаў зь Беларусьсю. Традыцыйна для маскоўскіх палітыкаў зазначыўшы, што «расейцы зь беларусамі, па сутнасьці, адзін народ», Мядзьведзеў выказаў спадзяваньне, што «ўсё будзе ў парадку».

«Рашэньне за народам Беларусі. Гэта як з Трампам. Народ дасьць адказ на пытаньне, хто будзе кіраваць дзяржавай. Беларусь — асаблівая для нас краіна, наша саюзьніца. Але вяртаючыся да той жа Амэрыкі, каго б ні выбралі. Расея як адказны міжнародны партнэр, як пастаянны чалец Рады Бясьпекі, як ядзерная дзяржава, буйная эканоміка будзе працаваць зь любой адміністрацыяй», — канстатаваў Дзьмітрый Мядзьведзеў. Цалкам чытайце па спасылцы.

«Гэта было трэба толькі яму?» — Сьвятлана Ціханоўская паскардзілася, што яе мужа слаба падтрымліваюць

Прэтэндэнтка ў кандыдаты на прэзыдэнта Сьвятлана Ціханоўская сказала Свабодзе, што адчувае міжнародную падтрымку, а вось што да падтрымкі ўнутры краіны, то яна расчараваная.

«Але глябальнай падтрымкі ад людзей, за якіх цяпер сядзіць Сяргей, не адчуваю. Калі гэтак лёгка можна напалохаць людзей, тады навошта гэта ўсё было трэба? Навошта было даваць надзею Ціханоўскаму і потым так рэзка ад усяго адмовіцца? Людзі што, перамен баяцца? Усе хочуць і ўсе баяцца? Дык што, адзін Ціханоўскі мусіў гэта рабіць? Дык ён цяпер сядзіць — і ўсё, канец?» Цалкам чытайце па спасылцы.

У інстытуце МУС у Магілёве вучацца разганяць пратэсты. ВІДЭА

Відэа з заняткаў курсантаў даслалі ў рэдакцыю Радыё Свабода. Намесьнік начальніка Магілёўскага інстытуту МУС у ідэалягічнай працы і кадравым забесьпячэньні Дзьмітрый Пануждаеў паведаміў Радыё Свабода, што «гэта заняткі, якія праходзяць у рамках навучальнага працэсу».

Вільня можа адмовіцца ад супрацоўніцтва зь Менскам з прычыны ціску на апазыцыю

Літва можа адмовіцца ад паглыбленых адносінаў зь Беларусьсю, калі кіраўніцтва краіны будзе захоўваць уладу пры дапамозе перасьледу палітычных апанэнтаў, заявіў прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа на прэсавай канфэрэнцыі.

«Калі высьветліцца, што беларускія ўлады імкнуцца захаваць свой мандат любымі шляхамі, у тым ліку і парушаючы правы чалавека, адкрыта перасьледуючы палітычных апанэнтаў з рознай нагоды, давядзецца канстатаваць такое становішча і заявіць, што для нас гэта непрымальна і ў нас няма ні маральнага, ні іншага права паглыбляць адносіны з такой дзяржавай», — цытуе «Інтэрфакс-захад» літоўскага прэзыдэнта. Цалкам чытайце тут.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG