Усе заняткі адбываюцца паводле раскладу, з захаваньнем перапынкаў. Настаўнікі вядуць урок з працоўнага месца, дзеці адказваюць з дому.
Першая ў Віцебску прыватная школа «Апэльсін» дзейнічае пры адукацыйным цэнтры «100 балаў — Віцебск». Школа і цэнтар дзеляць адно памяшканьне ў цэнтры гораду. У першай палове дня з панядзелка па пятніцу тут займаюцца школьнікі, пасьля 15-й — вучні адукацыйнага цэнтру, для якіх субота і нядзеля таксама «працоўныя».
Сёлета для школы першы навучальны год. Пачынаўся ён офлайн, праз эпідэміялягічную сытуацыю ў краіне завершыцца онлайн. Да пераходу на дыстанцыйнае навучаньне тут пачалі рыхтавацца яшчэ зімой.
«Мы назіралі за падзеямі ў сьвеце і разумелі, што каранавірус дойдзе і да нас, таму варта загадзя рабіць нейкія захады, — кажа адзін з заснавальнікаў школы і цэнтру, рэпэтытар па матэматыцы Дзьмітры Рыжыкаў. Цэнтры „100 балаў“ ёсьць яшчэ ў Менску і Горадні. — Параіліся з сузаснавальнікамі. Плян дзеяньняў і „дарожную карту“ склалі яшчэ ў лютым. Пачалі з вывучэньня рынку праграмнага забесьпячэньня, папярэдне пагутарылі з выкладчыкамі, каб зразумець, што ім спатрэбіцца для заняткаў. У выніку — спыніліся на плятформе Microsoft Teams, якая адпавядала нашым патрабаваньням».
Па словах Дзьмітрыя, рэсурс дазваляе працаваць у самых розных формах — ад відэаўрокаў да онлайн-тэставаньня.
«Але заняткаў-лекцый няма. Такія можна паглядзець на ютубе. Галоўнае — утрымаць увагу дзяцей. Сутнасьць дыстанцыйнага навучаньня ў пастаяннай зваротнай сувязі».
Для дыстанцыйнай працы ўсіх вучняў разьмеркавалі на клясы і групы, якія замацавалі за выкладчыкамі. Стварылі на плятформе неабходныя ў школьнай праграме прадметы. Кожнаму настаўніку і вучню раздалі асабісты логін і пароль.
Адначасова вырашаліся тэхнічныя пытаньні.
«Так, у нас ёсьць wi-fi, — працягвае суразмоўца. — У школе 11 кабінэтаў. Калі ў кожным запусьціць онлайн-урок зь відэа- і аўдыёрэжымам, адначасовай перадачай файлаў, інтэрнэт ня справіцца. Таму мы набылі абсталяваньне і зрабілі новую разводку».
Школьнікі таксама ўнесьлі карэктывы ў свае працоўныя месцы.
«Не ўва ўсіх дома была вэбкамэра, мікрафон, хуткасны інтэрнэт, — кажа Дзьмітры. — Некаторыя паехалі на самаізаляцыю за горад. Там інтэрнэт менш стабільны. Такіх дзяцей просім мець мабільную вэрсію, калі не дае рады звычайны wi-fi. Калі ўзьнікаюць пытаньні з сувязьзю, дзіця перападключаецца ў іншы час і камунікуе з настаўнікам у прыватным чаце».
Вучылі працаваць з праграмай настаўнікаў, дзяцей і бацькоў
«Наступны этап — як з гэтым працаваць настаўнікам і дзецям, асабліва вучням малодшых клясаў, — працягвае Дзьмітры. — Спачатку мы арганізавалі вучобу для настаўнікаў. Расказалі пра агульныя магчымасьці праграмы, пасьля з кожным займаліся індывідуальна. Не ўва ўсіх адразу атрымлівалася, некаторыя хадзілі па два-тры разы на адны і тыя ж заняткі. Гэта новы фармат. У нас працуюць добрыя спэцыялісты, якія пасьпяхова выкладаюць свой прадмет, але ня ўсе знаёмыя з сучаснымі кампутарнымі мэтодыкамі. Спачатку было складана, і мы хваляваліся. Але далі рады».
Як дзейнічае плятформа, дзецям паказвалі на дадатковых занятках і ўроках інфарматыкі.
«Гэта было ўжо ў сакавіку, — удакладняе суразмоўца. — Дзеці яшчэ хадзілі ў школу, а мы іх вучылі працаваць дыстанцыйна».
Бацькоў вучняў малодшых клясаў таксама запрасілі ў школу і патлумачылі, як карыстацца праграмай. Каб яны змаглі тэхнічна дапамагаць дзецям дома.
«У апошні дзень чвэрці ўся школа перайшла на дыстанцыйнае навучаньне, — працягвае Дзьмітры. — Некалькі дзён заняткаў не было — настаўнікі і вучні даводзілі да ладу тэхнічныя моманты, спрабавалі розныя інструмэнты ў дзеяньні — агульны чат, прыватны чат, індывідуальнае і групавое падключэньне, адпраўку і прыём файлаў, тэставую сыстэму. Плятформа часта выкарыстоўваецца ў бізнэсе. У ёй шмат опцый для дыстанцыйнай супрацы».
«Захавалі бясьпеку і не адсталі ад праграмы»
На вясеньніх вакацыях вучоба працягвалася дыстанцыйна.
«Займаліся збольшага па асноўных прадметах, у тэставым рэжыме — па 2–4 заняткі на дзень, — кажа Дзьмітры. — Я пісаў ліст кожнаму з бацькоў, дзе падрабязна тлумачыў, чаму мы пераходзім на дыстанцыйную працу і чаму мы будзем вучыцца, калі астатнія адпачываюць. Бацькі станоўча адрэагавалі. Калі вакацыі падоўжылі, мы былі цалкам гатовыя да пераходу на новы фармат і пачалі працаваць па стандартным раскладзе».
Цяпер заняткі ў школе пачынаюцца а 9 гадзіне ў старэйшых клясах. Малодшыя бяруцца за працу ў 9.15.
«Мы пачалі са школы, а пасьля перавялі на дыстанцыйнае навучаньне ўвесь цэнтар, — кажа Дзьмітры. — Першыя два дні красавіка адукацыйны цэнтар не працаваў — трэба было абзваніць бацькоў кожнага вучня, каб даведацца, ці гатовыя яны працягваць заняткі ў новым фармаце. Ня ўсе бацькі паставіліся прыхільна да нашай прапановы. Хутчэй насьцярожана, бо нідзе такога не было. Але тыя, хто паспрабаваў перайсьці на онлайн-навучаньне, засталіся. Пакрысе сталі вяртацца і іншыя».
Пераход у онлайн быў правільным рашэньнем, упэўнены Дзьмітры.
«Працу зрабілі сур’ёзную, фінансавыя ўкладаньні сур’ёзныя. Але што мы атрымалі ў выніку? Па-першае, захавалі бясьпеку настаўнікаў і дзяцей. Па-другое, не згубілі час і не адсталі ад праграмы. Як толькі зьявілася дыстанцыйнае навучаньне, да нас на красавік і травень далучыліся дзеці зь іншых школ — зь Менску і зь Віцебску, каб добра скончыць навучальны год. І для дзяцей, якія прыяжджалі на заняткі з малых гарадоў пад Віцебскам і былі абмежаваныя па часе дызэлямі і аўтобусамі, зьявілася магчымасьць працягваць якасную падрыхтоўку да ЦТ у бясьпецы, не пакідаючы дому».
Для ўсіх гэта карысны досьвед, упэўнены Дзьмітры, бо яшчэ невядома, што будзе ў верасьні і як зьменіцца сьвет пасьля пандэміі. А калектыў будзе падрыхтаваны да дыстанцыйнай працы.
«Онлайн для настаўнікаў — значна большая нагрузка»
Цяпер у школу прыходзяць толькі настаўнікі і адміністрацыя. Працоўны працэс наладжаны, але карэктыроўкі па раскладзе і часе могуць адбывацца штодня. Больш за тое, у онлайн перавялі заплянаваныя сустрэчы ў межах навучальнага працэсу. Іх арганізацыя таксама патрабуе падрыхтоўкі.
Дырэктар адукацыйнага цэнтру «100 балаў — Віцебск» Аляксандар Капроў кажа, што шмат пытаньняў узьнікае па праверцы хатняга заданьня.
«Раней настаўнікі зьбіралі сшыткі, цяпер працуюць з файламі — іх трэба загрузіць, адрэдагаваць у электронным выглядзе, пракамэнтаваць і адправіць назад. Вы б бачылі, колькі паведамленьняў штодня атрымліваюць нашыя настаўнікі. Онлайн для іх — значна большая нагрузка».
У школе адзначаюць, што адмаўляцца ад онлайну ня будуць, нават калі дзеці вернуцца ў клясы.
«Ужо цяпер зразумела, у якіх выпадках элемэнты дыстанцыйнага навучаньня варта захаваць, — тлумачыць Аляксандар. — Да прыкладу, калі дзіця хварэе, адчувае сябе добра, але яшчэ ня можа наведваць школу. Па некаторых прадметах нават тыдзень адсутнасьці можа абярнуцца сур’ёзным адставаньнем. Чаму б не далучыцца да заняткаў у онлайне? Да таго ж такі фармат дазваляе працаваць зь дзецьмі зь іншых гарадоў і нават краін».
«Цяпер я магу зь любога месца выкладаць»
У кабінэце, дзе адбываюцца заняткі па хіміі, усё падрыхтавана для практычных досьледаў.
«У сувязі з каранавірусам з праграмы прыбралі лябараторныя заняткі. Я карыстаюся віртуальнай лябараторыяй, каб захаваць усе практычныя работы, — кажа настаўніца хіміі Марыя Тамасон. — Сёньня будзем разьбіраць, як разнастайныя рэчывы ўзаемадзейнічаюць з вадой. Тэма цікавая, можна шмат чаго дзецям паказаць».
Марыя карыстаецца на занятках клясычнай і віртуальнай дошкамі, мультымэдыйнымі прэзэнтацыямі і папяровым падручнікам. Відэарэжым уключаны не заўсёды, і ўсё 45 хвілін уроку настаўніца вымушаная кантраляваць, ці па-ранейшаму зь ёй усе дзеці.
«Магу папрасіць хуценька скінуць фота кляснай работы», — дзеліцца хітрыкамі настаўніца.
«Такі каляпс здарыўся з усімі пэдагогамі краіны, нават плянэты. Мы і ўявіць сабе не маглі, што трэба будзе кардынальна зьмяніць падыход да працы, — ужо на перапынку працягвае Марыя. — Цяпер увесь напрацаваны матэрыял павінен быць у электронным выглядзе, адсартаваны па асобных тэчках, каб на занятку дастаткова было толькі кнопку націснуць і адправіць файл. Падрыхтоўка стала больш часу займаць».
Па ўсіх пытаньнях Марыя на сувязі зь дзецьмі ў агульным чаце.
Вынікам настаўніца задаволеная.
«Дыстанцыйная праца падаецца мне эфэктыўнай, асабліва пры падрыхтоўцы да тэставаньня. Дзеці сталі больш інтэнсіўна выконваць заданьні. Я ўвесь час на сувязі. Дзецям ня трэба чакаць наступнага занятку, каб задаць пытаньне. Гэта калясальная нагрузка, але яна дае плён. І так — цяпер я ведаю, што магу зь любога месца выкладаць».
«У сьвятле падзей — гэта добрая альтэрнатыва»
На онлайн-занятках па замежнай мове цяпер прысутнічае ня больш за чатыры вучні — такая колькасьць дазваляе займацца найбольш прадуктыўна.
«Нават працуючы дыстанцыйна, мы не ўпусьцілі ключавыя моманты, важныя ў вывучэньні мовы, — упэўненая настаўніца ангельскай мовы Натальля Карніцкая. — Граматыку, лексыку, успрыняцьце мовы на слых, чытаньне, пісьмо — усё гэта можна прапрацоўваць у Teams. На занятках мы слухаем урыўкі з навінаў, праглядаем пэўныя моманты зь фільмаў, пасьля абмяркоўваем. Сёньня, да прыкладу, гутарым пра старажытныя цывілізацыі. Асобныя матэрыялы скідаю ў агульны чат, каб дзеці маглі карыстацца імі без абмежаваньняў. У кожнага на занятку ёсьць падручнік».
Онлайн-фармат дазволіў пашырыць моўную практыку для дзяцей.
«Праз плятформу мы падключылі двух дзяцей — 12-гадовага Фэдэрыка з Італіі і 13-гадовую Элісан з Амэрыкі. Яны цяпер на самаізаляцыі, — тлумачыць Натальля. — Гэта своеасаблівы бонус на дадатак да заняткаў. Дзеці паміж сабой камунікуюць на вызначаную тэму. У гэтай працы з носьбітамі мовы я выконваю толькі ролю мадэратара».
Некаторыя формы працы давялося адмяніць.
«Зь недахопаў — я не магу аб’яднаць дзяцей у групы. А гэта вельмі добрая практыка. І малым трэба шмат увагі — у клясе яе прасьцей прыцягнуць».
«Вялікая адказнасьць кладзецца на саміх вучняў»
Да ўроку матэматыкі на дошцы падрыхтаваны агульны аналіз памылак, дапушчаных у хатніх заданьнях.
«Цяпер я прашу дзяцей да дзявятай гадзіны вечара высылаць мне хатнія працы, каб да ўроку пасьпець усё праверыць і зразумець, з чым працаваць на наступным занятку, — камэнтуе настаўніца матэматыкі Алена Саўчанка. — Кожны робіць працу над памылкамі індывідуальна, агульны разбор адбываецца ў клясе».
Папяровыя матэрыялы і нарыхтоўкі цяпер павінны мець электронны аналяг.
«Складана, але стараюся, каб у кожнага для працы была індывідуальная картка. На звычайным уроку дзяцей прасьцей кантраляваць, — кажа Алена. — Цяпер яны могуць гугліць, таму абмяжоўваю час на выкананьне заданьняў».
Суразмоўца адзначае, што дзяцей у клясе не хапае.
«Прафэсія настаўніка эмацыйная. Асабіста мне нестае зносінаў з вучнямі. Іх вачэй, па якіх ты разумееш, ці разумеюць яны. Больш эфэктыўным, чым вочныя заняткі, дыстанцыйнае навучаньне ня можа быць. Але калі варыянтаў няма, гэта выйсьце. У гэтай сытуацыі вялікая адказнасьць кладзецца на саміх вучняў. Чым унутраная матывацыя вышэйшая, тым лепш ён будзе працаваць. Астатнім даводзіцца нагадваць», — усьміхаецца настаўніца.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.