Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лекары кажуць больш страшнае, чым пішуць неафіцыйныя парталы». Ці адгукнуліся лекары на заклік бізнэсмэна расказаць праўду?


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Прадпрымальнік, інвэстар, ініцыятар шэрагу стартапаў, сузаснавальнік Tut.by, hoster.by, Café Netto Кірыл Валошын апублікаваў на сваёй старонцы ў фэйсбуку зварот да мэдыкаў, у якім заклікаў іх не маўчаць пра цяперашняе становішча ў мэдыцыне.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Кірыл Валошын
Кірыл Валошын

«Паважаныя лекары! Парушце маўчаньне, PLZ!!! Я разумею, гэта ня ваша праца разьбірацца з пастаўкамі масак, лекаў, тэстаў, абсталяваньня, WC-паперай і інш. Але, заклінаю вас, ня дайце сыстэме вярнуць нас у цёмны час страху і кухоннай праўды!

Не павінна быць так, што пра трындзец з рэальным лікам хворых, маскамі, тэстамі ведаюць толькі сем’і, калектывы ды ананімныя Telegram’ы, а ўлада зь Міністэрствам аховы здароўя не прымаюць належных мер, пры гэтым яшчэ і экспартуюць маскі ў Расею і Нямеччыну», — піша Кірыл Валошын.

Ён прапанаваў мэдыкам накіраваць звароты ў Міністэрства аховы здароўя, адміністрацыю прэзыдэнта, пракуратуру. Выдаткі па іх юрыдычнай падрыхтоўцы Кірыл Валошын гатовы ўзяць на сябе.

«Давайце разам выкараняць гэты афрыканска-саўковы падыход улады да нашай мэдыцыны!» — піша Кірыл Валошын.

Чаму прадпрымальнік вырашыў публічна выступіць з такім зваротам?

«Зварот у пэўным сэнсе зьявіўся дзякуючы лекарам, якія ў асабістых паведамленьнях і размовах, у Telegram-каналах скардзяцца абсалютна справядліва на невыносныя ўмовы, на адсутнасьць матэрыяльнай базы, лекаў, абсталяваньня, спэцыялістаў, адсутнасьць тэстаў і гэтак далей. Калі я ім кажу: давайце гэта апублікуем, чаму вы ня скардзіцеся? — яны казалі, што гэта ня іх справа скардзіцца і ў іх няма на гэта часу. Тады я сказаў: давайце я арганізую вам юрыдычную падтрымку па афармленьні вашых заяваў, зборы подпісаў пад імі і іх падачы. Вось так зьявіўся мой пост.

Я ўпэўнены, што няма ніякага іншага спосабу зьмяніць гэтую сыстэму, акрамя як падняць галаву і пачаць гаварыць асноўным удзельнікам, а менавіта лекарам. Пацыенты чамусьці таксама маўчаць, але на іх нібыта меней зьвяртаюць увагі. Калі гэта масава адбудзецца, то зьмены будуць магчымыя. Іншага выйсьця я ня бачу», — сказаў Кірыл Валошын.

Паводле Кірыла Валошына, сытуацыя ў Менску «адносна добрая, але чым далей рухацца ў рэгіёны, тым яна горшая, тым меней тэстаў, масак, абсталяваньня».

Чаму лекары ня могуць адкрыта заявіць пра гэтыя праблемы?

«У нас рэальна ёсьць псыхоз. Але гэты псыхоз не пра каранавірус, а пра боязь быць звольненым. З падрабязнасьцямі гэты псыхоз сфармаваны кіраўнікамі, Telegram-каналамі, чуткамі, кухоннымі размовамі. Траціна камэнтароў пад маім постам пра тое, а як жа мы будзем карміць дзяцей?

Пішуць пераважна нават ня самі лекары. Лекары таксама пішуць у „лічку“ і баяцца назваць імёны для прэсы, што нібыта іх звольняць „з воўчым білетам“, з прафэсійнай дыскрэдытацыяй, што іх нікуды ня возьмуць. Запужаныя што яны, што служачыя дзяржорганаў, якіх ня гладзяць па галоўцы за спробу знайсьці праўду», — кажа Кірыл Валошын.

Наколькі рэальна скласьці зварот мэдыкаў у вышэйшыя дзяржустановы?

«Гэта немагчыма. Відаць, такога звароту і ня будзе. Па-першае, мала людзей адрэагавала на пасыл спыніць маўчаньне. Тыя, хто спыніў, сказалі, што ўсё насамрэч дрэнна, вы маеце рацыю, але я хачу працаваць, хачу спакойнага жыцьця, лепш я памучаюся тут, перачакаю».

Аднак, паводле Кірыла Валошына, тут справа «ў элемэнтарнай неабыякавасьці да сябе, да сваіх пацыентаў, да будучыні мэдычнай галіны».

Наколькі тое, што ананімна кажуць лекары, супадае з тым, што паведамляюць на афіцыйных тэлеканалах пра сытуацыю з каранавірусам у Беларусі?

«Не супадае радыкальна. Нават тое, што пішуць навінавыя парталы накшталт Радыё Свабода, мякка кажучы, не супадае з тым, што нам кажуць па тэлевізары. А тое, што кажуць лекары, яшчэ больш прыкрая карціна. Проста ня ўсё мы можам публікаваць, што не пацьверджана афіцыйна, калі чалавек не называе свайго імя. Таму тое, што кажуць лекары, больш страшнае, чым нават тое, што неафіцыйныя навінавыя парталы дэманструюць чытачам», — кажа Кірыл Валошын.

Ці пастаўлена на гэтай ініцыятыве кропка?

«Што да майго звароту, то я асабліва ня бачу нейкіх іншых шляхоў. Ну вось у камэнтарах прапаноўвалі зьвяртацца пацярпелым, пацыентам. Але ніводнага суду, ніводнага публічнага звароту ад лекараў ці ад сваякоў памерлых ад каранавірусу няма. Магчыма, праз пацыентаў і сваякоў пацярпелых нешта можа адбыцца. Але, зноў жа, у мяне вялікія сумневы».

Інтэрактыўная мапа. Каранавірус у Беларусі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG