Фэдэральнае сеткавае агенцтва Нямеччыны адмовіла праекту «Паўночны паток — 2» у вызваленьні ад правілаў газавай дырэктывы Эўразьвязу, паколькі праект ня быў рэалізаваны да 23 траўня. Рэгулятар адхіліў заяўку кампаніі-апэратара газаправоду Nord Stream 2 AG і пастанавіў, што праект падлягае эўрапейскаму рэгуляваньню.
Згодна з газавай дырэктывай, да ўсіх трубаправодаў, па якіх газ паступае ў ЭЗ, ужываюцца правiлы ўнутранага рынку. Пастаўніком і апэратарам газу ня можа быць тая самая кампанія — доступ да трубы павінен быць у трэціх краін. Гэта азначае, што кампанія-апэратар Nord Stream 2 AG павінна быць незалежная ад расейскага «Газпрому», а 50 адсоткаў магутнасьцяў трубаправоду павінна быць зарэзэрвавана для іншых пастаўнікоў. Цяпер Nord Stream 2 AG на 100 адсоткаў належыць расейскаму канцэрну.
- Праект «Паўночны паток — 2» прадугледжвае будаўніцтва двух нітак газаправоду агульнай магутнасьцю 55 мільярдаў кубамэтраў газу ў год ад узьбярэжжа Расеі да Нямеччыны па дне Балтыйскага мора. Меркавалася, што кладка труб будзе завершаная ў чацьвертым квартале 2019 году. Аднак у канцы сьнежня праца была прыпыненая пасьля таго, як Кангрэс ЗША прыняў законапраект, які прадугледжвае ўвядзеньне санкцый супраць кампаній-уладальнікаў суднаў, якія ўдзельнічаюць у кладцы труб для «Паўночнага патоку — 2».
- Пасьля ўвядзеньня санкцый расейскія прадстаўнікі заяўлялі, што «Паўночны паток — 2» усё роўна будзе дабудаваны да канца 2020 ці пачатку 2021 году. На днях агенцтва Bloomberg паведаміла, што будаўніцтва газаправоду блізка да аднаўленьня. У кампаніі Nord Stream 2 AG не пацьвердзілі і не абверглі, што дабудова газаправоду пачнецца ў бліжэйшы час. Паводле ацэнак Bloomberg, засталося дабудаваць каля шасьці адсоткаў трубаправоду — гэта крыху больш за 100 кілямэтраў.
- ЗША выступаюць супраць праекту, сьцьвярджаючы, што ён робіць Эўропу празьмерна залежнай ад расейскага газу і, такім чынам, уразьлівай. Такую самую пазыцыю падзяляюць Украіна і шэраг краін ЭЗ. Расея, Нямеччына, Аўстрыя і шэраг іншых краін, кампаніі якіх удзельнічаюць у будаўніцтве, настойваюць, што гаворка ідзе выключна пра бізнэс-праект. Вашынгтон прапанаваў пастаўляць эўрапейскім краінам амэрыканскі газ.