Выхвальства Лукашэнкі насуперак пандэміі, выклік Пуціну, подкуп людзей — сусьветныя СМІ пра парад у Менску
«Беларусь падкупляе людзей для ўдзелу ў парадзе», «Беларускі парад адбываецца насуперак пандэміі і кідае выклік Пуціну», «Аляксандру Лукашэнку нішто не перашкодзіла правесьці парад у Менску» — парад у Менску трапіў у загалоўкі сусьветных СМІ.
Амбасадар Расеі Дзьмітры Мезенцаў адмовіўся сказаць, чаму быў на парадзе бяз маскі
Некаторыя прадстаўнікі дыпляматычных місій прысутнічалі на парадзе ў ахоўных масках і нават у пальчатках і акулярах.
Амбасадар Расеі Дзьмітры Мезенцаў быў бяз маскі. Чаму? Не баяўся, што можа заразіцца?
«Я думаў, калі людзі прыходзяць на ўрачыстасьць з нагоды Вялікай Перамогі, нават у маіх калег-журналістаў, а я маю самыя непасрэдныя адносіны да нашага з вамі журналісцкага цэху, ёсьць іншыя пытаньні, на якія я адкажу», — сказаў амбасадар.
Парад палітычнай адзіноты Лукашэнкі
Адзіны ў сьвеце парад, прысьвечаны юбілею Перамогі, адбыўся ў Менску. Акрамя таго, вечарам 9 траўня будзе вялікі канцэрт і фаервэрк.
Здавалася б, сьвята ўдалося, Лукашэнка можа адчуваць сябе трыюмфатарам. Аднак трыюмф атрымаўся змазаным, Лукашэнка застаўся ў палітычнай адзіноце, разважае палітычны аглядальнік Свабоды Валер Карбалевіч у новым блогу. Чытайце па спасылцы >>
15 чалавек затрымалі пасьля акцыі ў Бабруйску
Жыхар Бабруйска Дзяніс М. распавёў Свабодзе, што пасьля акцыі «АнтыПарад» у горадзе адбыліся затрыманьні.
Паводле яго, агулам было затрымана каля 15 чалавек, якія накіроўваліся ў бок вакзалу, ішлі па вуліцы, махалі рукамі і крычалі «Стоп таракан!». Сярод іх былі бабруйчане і прыежджыя. За пратэстоўцамі ехала машына міліцыі, усе яны былі затрыманыя, іх павезьлі ў аўтобусе.
Як расказала Свабодзе прэс-сакратарка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Красуліна, у Бабруйску затрымалі кіраўніцу Бабруйскай арганізацыі АГП і прафсаюзу РЭП Галіну Сьмірнову, актывістаў Уладзімера Раманоўскага і Аляксандра.
Апэратара «Белсату», які ехаў на «АнтыПарад», 3 гадзіны трымалі ў міліцыі за «скрадзены аўтамабіль»
Апэратара тэлеканалу «Белсат» Аляксандра Баразенку адпусьцілі зь міліцыі. Ён распавёў Свабодзе, што яго затрымалі каля 9 раніцы 9 траўня на падʼезьдзе да Марʼінай Горкі, запыталі дакумэнты, пачалі аглядаць машыну, паведамілі, што падобная машына можа быць ва ўгоне і прададзеная ў Расею. Папрасілі праехаць у РАУС. У міліцыі відэаапэратара пратрымалі 2,5-3 гадзіны, склалі пратакол апытаньня, сфатаграфавалі машыну. Каля 12 гадзін Баразенку адпусьцілі. Аўтамабіль таксама вярнулі, атрымаўшы тлумачэньні.
Баразенка мяркуе, што яму хацелі перашкодзіць асьвятляць «АнтыПарад» у Бабруйску, які меўся адбыцца апоўдні.
У цэнтры Бабруйску пратэстуюць кіроўцы
Цягам 5-10 хвілін дзясяткі машын адначасна сыгналілі ў знак пратэсту і ў падтрымку затрыманага блогера Сяргея Ціханоўскага на вуліцы Інтэрнацыянальнай і каля гандлёвага цэнтру «Карона».
На канале Youtube баранавіцкага блогера Дзьмітрыя Цімафеева зьявілася відэа, на якім яго затрымліваюць. Цімафееў расказвае, што спачатку яму адключылі тэлефон, хаця грошы на тэлефоне ў яго ёсьць.
Людзей было меней, чым звычайна на парадах
Паводле назіраньняў карэспандэнта Свабоды Алега Грузьдзіловіча, які вёў відэарэпартаж з параду ў Менску, гэтым разам гасьцей на парадзе было меней чым звычайна. Напрыклад, тры гады таму людзі стаялі натоўпамі перад прапускнымі пунктамі, і прастора паміж гэтымі пунктамі і трыбунамі была шчыльна запоўненая, а цяпер там было мала людзей.
Не было плякатаў з просьбай захоўваюць дыстанцыю і насіць маскі, людзі на трыбунах і побач зь імі стаялі вельмі шчыльна.
Міліцыянты, якія правяралі людзей на ўваходах, былі ў масках і пальчатках. Усе вайскоўцы на парадзе былі без масак, таксама як Аляксандар Лукашэнка і чыноўнікі. А людзі пераважна былі бяз масак, маскі насілі некаторыя жанчыны і дзеці.
Салдат страціў прытомнасьць падчас параду ў Менску. Відэа
Падчас параду да 75-х угодкаў заканчэньня Другой сусьветнай вайны 9 траўня ў Менску адзін з салдат, якія ўдзельнічалі ў парадзе, страціў прытомнасьць.
Відэа здарэньня апублікаваў Тэлеграм-канал Nexta Lite.
Большасьць амбасадараў краінаў Эўразьвязу не прыйшлі на парад у Менску
Запрашэньне наведаць парад Перамогі ў цэнтры Менску прынялі 18 замежных амбасадараў, якія працуюць у Беларусі, распавялі Tut.by у МЗС. Гэта амбасадары Азэрбайджану, Армэніі, Вугоршчыны, Вэнэсуэлы, Віетнаму, Ірану, КНДР, Казахстану, Кітаю, Кіргізстану, Малдовы, Палестыны, Расеі, Славакіі, Турэччыны, Таджыкістану, ААЭ, Сэрбіі.
Фактычна большасьць амбасадараў краінаў Эўразьвязу, акрамя амбасадараў Вугоршчыны і Славакіі, не прынялі запрашэньне прыйсьці на парад. Прадстаўнікі амбасады ЗША ў Менску таксама адмовіліся ад удзелу ва ўрачыстасьцях.
Парад скончыўся шэсьцем спартоўцаў, пачаліся гуляньні
Як заўжды ў такіх выпадках, пасьля праходу пешых калён вайскоўцаў, гусенічнай і калёснай тэхнікі, пралёту самалётаў і гелікоптараў, выступіла рота ганаровай варты.
Завяршылі парад шэсьцем фізкулькурнікаў і сьпевам расейскамоўнай песьні «День победы».
Людзі разыходзяцца, для іх прадугледжаная дадатковая праграма масавых імпрэз і гуляньняў да Дня перамогі, арганізаваная Менскім гарвыканкамам.
Некаторыя гледачы параду прыйшлі ў масках, некаторыя бязь іх.
Лукашэнка пра парад падчас пандэміі: «Не бярыцеся асуджаць нас»
Аляксандар Лукашэнка выступіў перад удзельнкіамі параду і гасьцямі:
«Беларускі народ вынес на плячах груз разбурэньняў, несувымерны ні зь якімі пазбаўленьнямі цяперашняга дня, Нават думка змяніць традыцыю праслаўленьня подзьвігу для нас недапушчальная. У гэтым звар’яцелым сьвеце знойдуцца людзі асуджаюць нас за правядзенне гэтага святога дзеяньня. Не бярыцеся асуджаць нас. У нас не было іншага выбару, а калі б і быў, мы зрабілі б так жа. Таму што на нас глядзяць вочы забітых салдат, закатаваных партызан і падпольшчыкаў. Вочы дзяцей Хатыні. Яны вельмі хацелі жыць, але загінулі ў гэтай страшнай вайне. Хай у гэтым годзе вайсковы парад у Менску стане адзіным на постсавецкай прасторы, ён стане сімвалам Перамогі ўсяго савецкага народа».
Лукашэнка ў вайсковым мундзіры прымае парад у Менску
Парад пачаўся аб 11 гадзіне, калі адмысловым картэжам з аховай прыбыў Аляксандар Лукашэнка. Для Аляксандра Лукашэнкі і высокіх чыноўнікаў пабудавалі спэцыяльную трыбуну з чырвоным кілімам і сістэмай кандыцыяваньня. Разам з Лукашэнкам на гэтую трыбуну зайшлі кіраўнікі ўраду і Нацыянальнага сходу.
Некаторыя вэтэраны прыйшлі на парад у Менску, нават нягледзячы на тое, што Лукашэнка казаў, што ў гэтым годзе не задаволіў просьбу вэтэранаў адвезьці іх на парад, турбуючыся пра і здароўе ў сувязі з каранавірусам.
У Бабруйску перакрылі вуліцу, на якой зьбіраліся ладзіць акцыю прыхільнікі Ціханоўскага
Да правядзеньня «АнтыПараду» заклікаў відэаблогер Сяргей Ціханоўскі. 6 траўня блогера затрымалі і пасадзілі на 15 сутак.
Прыхільнікі Ціханоўскага хацелі прыпаркавацца ўздоўж дарогі ці ехаць з мінімальнай хуткасьцю, уключыць аварыйку і заціснуць гукавы сігнал.
Ня толькі парад. Менскі гарвыканкам паведаміў расклад народных гуляньняў на Дзень Перамогі
У Менску на Дзень Перамогі, акрамя ваеннага парада, пройдуць іншыя масавыя мерапрыемствы. Апоўдні ў парках Чалюскінцаў, Горкага, Уга Чавэса, Паўлава і каля Чыжоўка-арэны загучаць папулярныя творы савецкіх і беларускіх кампазытараў, прысьвечаныя апошняй вайне. Мэлёдыі можна будзе паслухаць да 23:30, у парку Горкага — да 16:00.
Наведвальнікі музэю гісторыі Вялікай Айчыннай вайны здолеюць дакрануцца да Сьцяга Перамогі таксама апоўдні. Музэй працягне працу да 20:00.
Урачыста ўскладаць кветкі да манумэнта Перамогі плянуюць ад 13 гадзіны да 16:30. Ушанаваць памяць загінулых прыйдуць афіцыйныя дэлегацыі дзяржаўных органаў, працоўных калектываў менскіх прадпрыемстваў, прадстаўнікоў грамадзкіх і прафсаюзных арганізацый, адміністрацый раёнаў, духавенства, дэпутаты, моладзь.
Сьвяточны канцэрт на плошчы Перамогі пачнецца а 21:30. Выступяць беларускія калектывы «Песьняры», «Купалінка», «Спадчына», салісты Вялікага тэатру, артысты беларускай эстрады і маладыя таленты.
Салют запусьцяць а 23:15.
Сярод тых, хто прыйшоў на парад у Менску, шмат замежнікаў
Пад час жывой відэатрансьляцыі карэспандэнт Свабоды Алег Грузьдзіловіч пагутарыў з тымі, хто ідзе на парад, у тым ліку групай турыстаў з Казахстану, турыстамі з Расеі, госьцем зь Нью-Ёрку, будаўнікамі Беларускай АЭС у Астраўцы.
Многія зь іх ідуць бяз масак, кажуць што баяцца каранавіруву.
"Слава Богу ў вас спакойна, ніхто ня робіць гістэрыкі, панікі, захварэлых у вас меней, чым дзе. Не разбураны бальнічны фонд",— сказаў расейскамоўны госьць зь Нью-Ёрку.