У Менску праводзяць парад да Дня Перамогі, нягледзячы на каранавірус. Відэатрансьляцыя Свабоды
У Мар’інай Горцы затрымалі апэратара «Белсату»
Відэаапэратара тэлеканалу «Белсат» Аляксандра Баразенку затрымалі раніцай 9 траўня, паведамляе «Белсат». Пра затрыманьне сам Аляксандар Баразенка паведаміў у рэдакцыю «Белсату» а 8:49 раніцы. Цяпер ён знаходзіцца ў Пухавіцкім РАУСе ў Мар’інай Горцы.
Баразенка меўся асьвятляць «АнтыПарад» у Бабруйску — акцыю пратэсту супраць параду ў Менску падчас пандэміі каранавірусу, якую заплянаваў разам з падпісчыкамі блогер Сяргей Ціханоўскі. Аднак, пасьля двух дзён перасьледу 6 траўня міліцыя затрымала Ціханоўскага ў Магілёве. Пазьней, затрымалі сама меней 17 прыхільнікаў Ціханоўскага, якія бралі ўдзел у сустрэчах з блогерам, а таксама хто мае дачыненьне да ягонага YouTube-канала «Страна для жизни».
Людзі, якія ідуць паглядзець на парад.
Перад пачаткам параду.
Лукашэнка павіншаваў беларусаў
«Беларусь адзначае гэтую знамянальную дату ў няпросты час. Аднак нашы сённяшнія складанасьці цьмянеюць перад нягодамі і стратамі, якія выпалі на долю гераічнага пакаленьня, якое выратавала сьвет ад карычневай чумы», — падкрэсліў Лукашэнка ў віншаваньні да сьвята 9 траўня.
Беларускія дыпляматы адказалі Літве на занепакоенасьць парадам
Амбасада Беларусі ў Літве адказала на выказваньні міністра замежных спраў Літвы аб мэтазгоднасьці правядзеньня параду 9 траўня ў Менску, перадае БелаПАН.
«Дзень перамогі — гэта дата, якая зьвязвае ўсіх нас агульным болем стратаў і ўсьведамленьнем таго, што трагедыя вайны не павінна ніколі паўтарыцца... Кожнаму з нас ёсьць, каму пакланіцца і аддаць даніну памяці ў Дзень Перамогі — не сымбалічна, а шчыра, са сьлязьмі на вачах і з удзячнасьцю. Гэтае сьвята і мерапрыемствы, якія традыцыйна прымеркаваныя да сьвяткаваньня Перамогі ў Беларусі, будуць заўсёды займаць у нашых сэрцах асаблівае месца»,— гаворыцца ў паведамленьні дыпляматычнага прадстаўніцтва.
Напярэдадні літоўскі міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус заявіў, што сытуацыя з узроўнем захворваньня ў Беларусі насьцярожвае Літву. І выказаў пажаданьне, каб Беларусь больш адказна ставілася да рэкамэндацый САЗ, у тым ліку, адносна правядзеньня парада і іншых масавых мерапрыемстваў.