Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нацысты яго забілі, а камуністы абвясьцілі здраднікам». Чаму абылгалі і забылі першага лідэра менскага падпольля


Менск, 1941 год
Менск, 1941 год

Восень 1942 году была пераломным момантам у гісторыі менскага падпольля. Менавіта тады нацысты схапілі яго кіраўніка — Івана Кавалёва. У СССР яго абвясьцілі здраднікам. Рэабілітавалі толькі напрыканцы 1980-х.

Антынацысцкае падпольле ў Менску пачало арганізоўвацца ў першыя дні акупацыі савецкай Беларусі. Напачатку гэта былі аўтаномныя групы, якія ўзьнікалі стыхійна. Паводле савецкай вэрсіі, іх аб’яднаў сакратар Менскага падпольнага гарадзкога камітэту партыі Ісай Казінец, у гонар якога ў сталіцы названыя вуліца і плошча. Гэтая вэрсія легла ў аснову кнігі Івана Новікава і зьнятага паводле яе сэрыялу «Руіны страляюць ва ўпор», які на пачатку 1970-х зьняў «Беларусьфільм».

«Гэты твор мае істотныя разыходжаньні з рэчаіснасьцю», — кажа ў інтэрвію Свабодзе гісторык Антон Рудак, які разам з калегам Цімохам Акудовічам праводзіць у Менску экскурсію па мясьцінах падпольля.

Антон Рудак
Антон Рудак

«Казінец — выпадковая асоба, а ня лідэр падпольля»

У сталіцу акупаванай БССР Ісай Казінец трапіў абсалютна выпадкова. Пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да БССР інжынэра-нафтавіка, які нарадзіўся ва Ўкраіне, адпраўляюць працаваць у Беласток. Калі немцы нападаюць на СССР, для Казінца, які быў габрэем, гэта азначала сьмерць. Ён уцякае на ўсход і воляй лёсу апынаецца ў Менску, дзе наладжвае сувязі з калегамі, якія таксама ўцякалі зь Беластоку, і з кіраўніцтвам падпольных груп, якія напачатку ўзьнікалі ў горадзе стыхійна.

«У 1941 годзе ў Менску апынулася шмат вайскоўцаў-акружэнцаў. Гэта былі пераважна не мясцовыя людзі. Багата бежанцаў. І Казінец быў адным зь іх. Ён быў проста выпадковай асобай, якая апынулася ў Менску па зьбегу абставін. Савецкую вэрсію гісторыі падпольля ўвогуле складана расказваць, бо яна даволі абсурдная», — кажа гісторык.

Усю пасьляваенную эпоху саветы фальсыфікавалі гісторыю менскага падпольля, называючы Казінца яго лідэрам. Так працягвалася да распаду СССР.

«Гэта не была выпадковасьць ці памылка. Казінец насамрэч быў проста выпадковай асобай, якая апынулася ў Менску па зьбегу абставін. І такіх людзей было багата. А імя сапраўднага лідэра менскага падпольля было пад забаронай амаль паўстагодзьдзя пасьля вайны. Яго абвясьцілі здраднікам».

«Усе групы падпарадкоўваюцца Івану Кавалёву»

На пачатку ліпеня 1941 году, ужо адступіўшы зь Менску, кіраўніцтва савецкай Беларусі пачынае рабіць захады, каб пакінуць у гарадах і іншых паселішчах кіраўніцтва партыйным падпольлем. Усё гэта вызначаецца на сэмінары Цэнтральнага камітэту Камуністычнай партыі Беларусі ў Лёзьне.

«На гэтай сустрэчы, дзе ўдзельнічалі людзі, якія меліся ствараць падпольныя ячэйкі і структуры ў розных мясьцінах акупаванай Беларусі, прысутнічаў чалавек, якога звалі Іван Кавалёў. Да вайны ён быў сакратаром райкаму партыі ў Заслаўі. Кавалёў атрымлівае паўнамоцтвы ад ЦК партыі, ад Панцеляймона Панамарэнкі, і яго перакідаюць празь лінію фронту».

Хто такі Іван Кавалёў? Гэта беларус з Чачэрскага раёну Гомельшчыны, народжаны ў 1909 годзе. Да 1936 году ён узначальваў два сельскія саветы на малой радзіме, затым яго накіроўваюць на вучобу ў Менск, у Вышэйшую сельскагаспадарчую школу Беларусі. Да акупацыі ён жыў зь сям’ёй у Заслаўі. Менавіта туды яго перакідаюць з заданьнем стварыць падпольныя структуры.

Іван Кавалёў
Іван Кавалёў

«Але ў Заслаўі Кавалёў бачыць, што ў невялікім населеным пункце яго ўсе памятаюць і ведаюць, што ён быў сакратаром гаркаму. Ён самастойна вырашае пераходзіць у Менск. У сталіцы падпольля не пакінулі, там не існавала ніякіх структураў, і пасада кіраўніка была вакантная. Кавалёў вырашае, што паколькі ў яго ёсьць паўнамоцтвы, то ён паспрабуе арганізаваць падпольныя структуры ў Менску. Ён злучаецца з той жа групай нафтавікоў, якую ўзначальвае Казінец, і зь іншымі падпольнымі групамі. Кавалёў выкладвае перад імі карты: я маю паўнамоцтвы, і давайце ўсе падпарадкоўвацца мне».

У Менску на той час было ўжо шмат стыхійных групаў. Адны ствараліся па зямляцкім прынцыпе, іншыя на прадпрыемствах. Прынцыпаў падпольнай працы гэтыя людзі часта ня ведалі, але галоўная мэта была адна — нашкодзіць акупанту: зьбіраць выведдадзеныя, учыняць сабатаж. І ўсе гэтыя групы падпарадкоўваюцца Івану Кавалёву.

«У Менску на пачатку вайны было тры раёны: Варашылаўскі, Кагановіцкі і Сталінскі. Адпаведна, ствараюцца райкамы партыі. Але акрамя гэтых раённых, ствараюцца яшчэ два райкамы партыі: Чыгуначны (бо шмат падпольшчыкаў былі менавіта чыгуначнікамі) і Тэльманаўскі райкам — ён дзейнічаў у гета».

Вялікая маса людзей у падпольлі — гэта ваеннапалонныя і акружэнцы, якія апынуліся ў менскім катле. Натуральна, што ў падпольлі былі і мясцовыя, менчукі. Удзень яны хадзілі на працу, лічыцца ляяльнымі грамадзянамі, але паралельна дзейнічалі ў падпольлі.

«На працы яны маглі друкаваць акупацыйную газэту, а пасьля зьбіраць шрыфты для падпольнай друкарні. Ёсьць успаміны, што калі ў гета прымушалі жанчын шыць для немцаў пальчаткі, то вязьні спрабавалі ўтыкаць у гэтыя пальчаткі іголкі, каб немцы пакалолі сабе рукі».

Дзейнасьць падпольля, якім кіраваў Іван Кавалёў, была вельмі разнаплянавая. Гэта сабатаж, прапаганда, збор выведдадзеных. Было багата групаў мэдыкаў, якія зьбіралі мэдыкамэнты і потым перапраўлялі іх у лес да партызанаў. Былі групы, якія вызвалялі вязьняў зь лязарэтаў або лягераў і пераводзілі іх на нелегальнае становішча.

Прарыў: выданьне газэты падпольля

Самай пасьпяховай акцыяй падпольля на пачатку яго дзейнасьці Антон Рудак лічыць выдаваньне падпольнай беларускамоўнай газэты «Звязда». Апошні легальны нумар выйшаў у Гомлі ў жніўні 1941 году. У чэрвені яна пачынае падпольна выходзіць у Менску.

«Да гэтага ў галіне прапаганды ніякага прарыву не было. Немцы загадвалі здаваць радыёпрымачы. З другога боку не было ніякай інфармацыі, а тут прарыў — выходзіць друкаванае выданьне», — кажа Рудак.

Першым рэдактарам падпольнай «Звязды» стаў Уладзімер Амельянюк, якому ўдалося наладзіць сувязь з рабочымі друкарні Дома друку. Дзякуючы наборшчыку Барысу Пупко першы нумар быў зьвярстаны менавіта там. Першы нумар падпольнай «Звязды» накладам у 2500 асобнікаў быў надрукаваны на вуліцы Рымарскай. Там была кватэра бацькі і сына Воранавых, рабочых друкарні, якія вынесьлі з працы неабходнае абсталяваньне.

Барыса Пупко, Мiхаiла Воранава і яго сына Мiхаiла забілі нацысты. Пры дапамозе правакатара ім удалося высачыць і Ўладзімера Амельянюка. Ён загінуў 26 траўня 1942-га. Яму было 25 гадоў.

Правалы падпольшчыкаў

Але першае публічнае павешаньне падпольшчыкаў адбылося раней, 26 кастрычніка 1941 году. Учынялі яго сумнавядомыя жаўнеры літоўскага батальёну Імпулявічуса. Тыя падпольшчыкі зь лязарэту перапраўлялі ваеннапалонных у лясы.

«Ён дзейнічаў у цяперашнім галоўным корпусе БНТУ. Ім удалося пераправіць у лес некалькі дзясяткаў чалавек. Кіравала гэтай групай Вольга Шчарбацэвіч, гэта быў цэлы сямейны падрад. У групе было багата яе сваякоў, у тым ліку і сын Валодзя Шчарбацэвіч, яму было тады 16 гадоў. Яны жылі ў Менску ў доме, які захаваўся. Ягоны сучасны адрас — праспэкт Незалежнасьці 27а, гэта паміж праспэктам і Інтэрнацыянальнай, за былым музэем вайны, які ўжо зруйнаваны. Мы яго паказваем падчас нашых экскурсій. Хаця, на маё зьдзіўленьне, на ім няма ані памятнай дошкі, анічога. Дарэчы, я чуў, што ў савецкія часы дошка была, але потым некуды зьнікла. Гэта была група, дзейнасьць якой атрымала першы розгалас у Менску».

Немцы іх павесілі публічна адразу пасьля затрыманьня. Захаваліся фатаздымкі. На іх бачна, як у шыбенікаў на грудзях вісяць шыльды з надпісам «Мы партизаны, стрелявшие по немецким войскам». Натуральна, гэта была хлусьня. Падпольшчыкі проста дапамагалі ваеннапалонным сыходзіць у лясы.

Першае публічнае сьмяротнае пакараньне ў акупаваным Менску 26.10.41. Кірыл Трус (Трусаў), Марыя Брускіна і Уладзімір Шчарбацэвіч былі павешаныя на браме дражджавога завода на сёньняшняй Кастрычніцкай вуліцы
Першае публічнае сьмяротнае пакараньне ў акупаваным Менску 26.10.41. Кірыл Трус (Трусаў), Марыя Брускіна і Уладзімір Шчарбацэвіч былі павешаныя на браме дражджавога завода на сёньняшняй Кастрычніцкай вуліцы

«З гісторыяй сям’і Шчарбацэвіч зьвязаная гісторыя правалаў падпольля. Адным з ваеннапалонных, каму яны дапамаглі сысьці зь лязарэта, быў шыфравальшчык адной з савецкіх частак Барыс Рудзянка. Па дарозе ў лес яго перахапілі немцы, і вайсковая выведка Абвэр яго завэрбавала. Ён пагадзіўся на супрацоўніцтва. З гэтага пачалася сэрыя правалаў, бо ён шмат каго ведаў. Ён працягваў кантактаваць з падпольшчыкамі ў Менску. Ягоная постаць лічыцца адной з самых нэгатыўных у гэтай гісторыі. Амаль усе правалы, да арышту Кавалёва, былі зьвязаныя зь ягоным імем».

У траўні 1942-га павесілі Ісая Казінца. Да гэтага былі правалы на чыгуначным вузьле, там таксама арыштавалі мноства людзей. Іван Кавалёў трымаўся вельмі доўга, ягоны правал стаў апошнім акордам гарадзкога падпольля.

Ісай Казінец зь Лёляй Равенскай
Ісай Казінец зь Лёляй Равенскай

«Што адбываецца далей. Немцы абвяшчаюць яго здраднікам падпольля. Запускаецца кампанія шальмаваньня Кавалёва ў акупацыйнай паднямецкай прэсе, што нібыта ён пайшоў на супрацоўніцтва. Каля паўгода ён быў пад сьледзтвам, яго катавалі, выбівалі прызнаньні. Выглядае, што ён нікога ня здаў. Але немцы стварылі з гэтага легенду, што ён усіх паздаваў, што ён здраднік. Быў нават здымак у „Беларускай газэце“, дзе стаіць Кавалёў, а зь ім побач група асобаў, і подпіс: „Іван Кавалёў у атачэньні працоўных горада Менска“. Падпольшчыкі, каму ў рукі трапляла гэтая газэта, вельмі моцна зьдзіўляліся, таму што яны разумелі — ён быў зьняты разам з тымі, з кім яго арыштавала СД».

Нацысты нават запусьцілі чутку, што Кавалёў езьдзіў у Нямеччыну, меў там публічныя выступы, напісаў шэраг антысавецкіх кніжак. Але ў выніку гэта не пацьвердзілася. Хоць саветы пасьля вайны прыцягнулі сьведак, якія сьцьвярджалі, што ён сапраўды супрацоўнічаў зь немцамі.

«Бліжэй да 90-х гадоў, пасьля шматлікіх праверак падпольля, высьветлілася, што ў 1948 годзе нехта зь землякоў Кавалёва, які супрацоўнічаў з НКВД пад псэўданімам „Дубаў“, па заданьні свайго куратара агаварыў Кавалёва, што ён, маўляў, бачыў яго ў Нямеччыне, хоць яго насамрэч там ніколі не было. Кавалёва закатавалі ў 1943 годзе. Увесну ягоныя сьляды губляюцца. Ёсьць зьвесткі, што яго вывезьлі ў Трасьцянец і зьнішчылі там».

Вэрсія пра Кавалёва-здрадніка была абавязковай ажно да распаду СССР. Лідэрам падпольля камуністы абвясьцілі Ісая Казінца. Пра яго пісалі кнігі, здымалі фільмы.

«Гэта было было прыцягнута за вушы. Да сёньня ў грамадзкай сьвядомасьці няма разуменьня, што лідэрам быў Кавалёў. І па-ранейшаму ўсе збольшага лічаць, што гэта Казінец узначальваў падпольле, па інэрцыі з часоў пашырэньня савецкай вэрсіі».

Кантроль над падпольлем пераходзіць да Масквы

Маскоўскае кіраўніцтва не валодала ніякай інфармацыяй пра дзейнасьць падпольля ў Менску ажно да вясны 1942 году. Не было ніякай магчымасьці пра нешта даведацца, бо не было радыёсувязі. Увесну Масква пачынае высылаць у Менск свае выведгрупы. Пра дзейнасьць Кавалёва яны ўжо таксама даведаліся, але неўзабаве ён быў схоплены.

«І калі ў Маскве пра гэта даведаліся, то прынялі на веру нямецкую вэрсію, што ён здраднік і што ўсіх выдаў. Зьяўляецца дырэктыва Панамарэнкі ўсім партызанскім атрадам і падпольным структурам у Беларусі, асабліва вакол Менску, што Кавалёў здраднік і ўсе падпольныя структуры ў горадзе здрадніцкія і створаныя самім СД. Што іх стварылі для правакацый, каб выманьваць сапраўдных патрыётаў і потым іх арыштоўваць і зьнішчаць. Гэтая дырэктыва мела вельмі сумныя наступствы. Пасьля яе было зьнішчана багата людзей».

Потым прымаецца рашэньне, што кіраўніцтва павінна ажыцьцяўляцца зь лесу, каб не было рызыкі правалу. Людзям, якія займаліся падпольнай дзейнасьцю на пачатку вайны і моцна пацярпелі, даводзілі, што Кавалёў — здраднік. У гэта паверылі ня ўсе.

«З гэтым былі зьвязаныя трагічныя гісторыі. У Менску ёсьць вуліца Адзінцова. Гэта вядомы партыйны дзяяч, які ваяваў яшчэ ў грамадзянскую вайну. Яму ўдалося пазьбегнуць рэпрэсій, хоць ён быў пад падазрэньнем. І ён уключаецца ў падпольную працу. Менавіта ў яго на кватэры перахоўваўся перад арыштам Кавалёў. Іх арыштавалі разам. Засталася 18-гадовая дачка Адзінцова. Ёй удаецца ўцячы ў лес, дзе ўжо атрымалі дырэктыву ад Панамарэнкі. Яе дапытваюць, ёй ня вераць і кажуць: — У вас на кватэры жыў Кавалёў, ён здраднік, з вамі ўсё ясна. І яе расстрэльваюць. У гэты час немцы зьнішчаюць яе бацьку і таго ж самага Кавалёва».

Менск пад нямецкай акупацыяй, 1941
Менск пад нямецкай акупацыяй, 1941

Адну з выведных групаў, засланых у Менск увесну 1942-га, узначальваў Сяргей Вішнеўскі, даваенны чэмпіён БССР па веласпорце. Калі немцы напалі на СССР, ён служыў у памежных войсках, адступаў і вырваўся ў Маскву. А адтуль яго заслалі ў Менск. Некаторы час ён дзейнічаў у горадзе, зьбіраў зьвесткі, потым на ягоны сьлед выйшлі.

«Вішнеўскага на вуліцы ў Менску апазнаў чалавек, разам зь якім ён дэсантаваўся і якога адразу схапіла СД. Вішнеўскі вырашыў выводзіць сваіх людзей у лес і дамовіўся з партызанамі. Пайшоў у брыгаду „Штурмавая“, якой кіраваў Барыс Лунін. На пачатку вайны сядзеў у лягеры ў Масюкоўшчыне, потым адтуль уцёк, арганізаваў свой атрад. Ён быў вельмі нецярпімы да любога супраціву і даволі самаўпэўнены чалавек. Калі да яго прыйшоў Вішнеўскі, то ён яго западозрыў у тым, што той падначаліць брыгаду сабе. І ён вырашыў яго проста зьнішчыць. На падставе той самай дырэктывы Панамарэнкі ён абвінаваціў яго, што Вішнеўскі здраднік, які працуе пад кантролем СД. Усю гэтую групу расстралялі».

Ужо ў пасьляваенныя гады менскія падпольшчыкі дамагліся арышту Луніна, які жыў у родным Краснадарскім краі. У 1957 годзе яго асудзілі за гэты расстрэл, далі 7 гадоў і пазбавілі ўсіх узнагарод і званьняў.

Пасьля гібелі Івана Кавалёва падпольлем кіраваў менскі падпольны абкам, які фармальна ўзначальваў Васіль Казлоў. З 1940 году ён быў намесьнікам старшыні ўраду БССР. Падчас акупацыі ён знаходзіўся на Зыславым востраве ў Любанскім раёне і ў Менску ніколі не зьяўляўся.

Казлоў, які адседзеўся ў лесе

У 1951 годзе Казлоў быў кіраўніком Вярхоўнага савету БССР і вырашыў апублікаваць у часопісе «Полымя» свае ўспаміны пад назвай «Людзі асобага складу». Заўвагі па тэксьце ён папрасіў выказаць генэрал-маёра Васіля Каржа. Апошні, прачытаўшы ўспаміны Казлова, напісаў тагачаснаму кіраўніку савецкай Беларусі Патолічаву ліст, у якім абвінаваціў Казлова ў хлусьні.

«Вы мяркуеце, што наш народ ня ў стане адрозьніць праўду ад хлусьні? Да мяне заходзіць шмат нашых баявых сяброў-партызанаў, шараговых і камандзіраў, і кажуць у вочы: «Моцна хлусіць Васіль Іванавіч у сваёй кнізе, карыстаючыся сваёй пасадай».

Падобных ацэнак значна больш. Сакратар Чачэрскага райкаму партыі Вятроў, зямляк забітага немцамі Кавалёва, пісаў:

«У Менску было партыйнае і партызанскае падпольле, існаваў падпольны гаркам партыі, партызаны забілі Кубэ, але Казлоў тут ні пры чым. Ён ніколі не бываў у Менску».

Менск, 1941
Менск, 1941

Кавалёў — герой на пэрыфэрыі

Пасьля вайны ўдзельнікам першага падпольля, якім кіраваў Іван Кавалёў, не было веры, іх лічылі здраднікамі. Такая сытуацыя была фактычна да 1961 году. Быў шэраг праверак, якія спраўджвалі іх дзейнасьць.

«Ёсьць цікавы факт, як яны правяралі дзейнасьць больш як 120 чалавек. Зь іх 113 аказаліся невінаватымі. 7 чалавек заставаліся пад падазрэньнем, сярод іх быў і Кавалёў. Большасьць былі рэабілітаваныя адразу пасьля разьвянчаньня культу Сталіна. Гэтую працу яны праводзілі самі, актыўна пісалі звароты, адкрытыя лісты, працавалі з партыйным кіраўніцтвам. І яны свайго дамагліся, былі прызнаныя невінаватымі ў супрацы з акупантам. Кавалёў быў адным з апошніх. Яго рэабілітавалі толькі ў 1990 годзе».

Пасьля вайны, паводле гісторыка Антона Рудака, шмат людзей стараліся даказаць сваю датычнасьць да дзейнасьці падпольля. Мяркуецца, што ў менскім падпольлі ўдзельнічала мінімум 9 тысяч чалавек.

«Гэтыя людзі, якія ўваходзілі ў савецкае падпольле, падпарадкоўваліся савецкаму цэнтру і дзейнічалі ў большасьці ў інтарэсах савецкай дзяржавы. Якія яны мелі матывацыі, мы ня можам ведаць. Яны дзейнічалі ў пэўных абставінах, працавалі на немцаў, бо былі вымушаныя. Яны захоўвалі ілюзію ляяльнасьці. Постфактум усё гэта падавалася як прасавецкая актыўнасьць. Вядома, што ня ўсе падпольшчыкі былі да вайны чальцамі партыі. Ня ўсе і пасьля вайны імі сталі. Яны найперш баранілі свой дом, свае сем’і, свой народ, але вымушаныя былі супрацоўнічаць з той сілай, якая ажыцьцяўляла над імі кантроль».

Паводле Рудака, цэнтральнай фігурай падпольля быў Іван Кавалёў, але ягонае імя да сёньня на другім пляне.

«Нельга сказаць, што ён быў стваральнікам, бо падпольле стваралася стыхійна. Але ён быў ягоным першым лідэрам. Ён рызыкнуў і ўзначаліў падпольле. Быў несправядліва абылганы як нацыстамі, так і саветамі, доўгі час лічыўся здраднікам без аніякіх на тое падставаў. Яго імя носіць вуліца ў Сухараве, яна так была названая ў 90-я гады. Але гэта вулачка на пэрыфэрыі. Гэтаксама і яго імя дагэтуль на пэрыфэрыі, нягледзячы на тое, што даўно вядомыя зьвесткі, усё раскрыта і абвергнута. А імя Кавалёва вартае, каб яго ведалі. Ён найбольш занядбаны і незаслужана забыты з усіх герояў падпольля».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG