Міністар аховы здароўя Расеі Міхаіл Мурашка паведаміў 8 траўня, што Адзіны дзяржаўны экзамэн (АДЭ) для школьнікаў у сувязі з каранавірусам можна будзе бясьпечна правесьці не раней за жнівень.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
«На чэрвень дакладна арыентавацца нельга. Калі сытуацыя будзе дазваляць, магчыма, гэта жнівень-верасень», — сказаў міністар.
Раней Міністэрства асьветы Расеі праз каранавірус вырашыла перанесьці школьныя экзамэны на чэрвень.
Пра магчымы перанос АДЭ ў Расеі на сярэдзіну ліпеня або пачатак жніўня раней са спасылкай на крыніцу ў расейскім урадзе паведаміў Інтэрфакс. Па словах суразмоўцы агенцтва, у гэтым выпадку навучальны год у школах і ВНУ ў Расеі можа пачацца 1 кастрычніка. Але канчатковае рашэньне яшчэ не прынятае.
З прапановай перанесьці АДЭ на канец ліпеня — пачатак жніўня раней ва ўрад таксама зьвярнулася асацыяцыя ВНУ. Сёлетніх выпускнікоў школаў ужо вызвалілі ад вясновага прызыву ў войска.
Асобныя ВНУ Расеі таксама пачалі ўжо адмяняць дзяржаўныя экзамэны, якія павінны былі прайсьці ў выпускнікоў вясной.
У Беларусі пад пэтыцыяй за адстаўку міністра асьветы Ігара Карпенкі падпісаліся больш як пяць тысяч чалавек, бо, як лічаць падпісанты, ён ня справіўся з выклікамі ў часе пандэміі каранавірусу.
У сувязі з пандэміяй каранавірусу вясновыя вакацыі для школьнікаў двойчы працягваліся на тыдзень (да 11 і 18 красавіка). Аднак 20 красавіка на патрабаваньне Аляксандра Лукашэнкі навучальны працэс аднавіўся.
Значная частка дзяцей заняткаў не наведвае, таму ўзьніклі пытаньні з атэстацыяй па выніках апошняй чвэрці.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ