Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі не прыняла прапановы праваабаронцаў наконт правядзеньня выбараў ва ўмовах пандэміі каранавірусу, бо «часу для прыняцьця гэтых мер ня маецца».
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Такі адказ атрымалі ўдзельнікі незалежнай кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» на свае прапановы, які яны накіравалі ў Цэнтравыбаркам, Палату прадстаўнікоў і Вярхоўны суд Беларусі, паведамляе «Вясна».
У адказе ЦВК за подпісам старшыні Лідзіі Ярмошынай гаворыцца, што часу для ўнясеньня зьменаў у выбарчае заканадаўства ўжо няма — паводле рэкамэндацый міжнародных экспэртаў зьмены ня мусяць прымацца менш чым за год да правядзеньня выбараў. Таксама, адзначае Ярмошына, «выкарыстаньне інфармацыйных тэхналёгій і іншых дыстанцыйных спосабаў для ажыцьцяўленьня выбарчых працэдур патрабуе ня толькі прававых, але і інфраструктурных перадумоваў, папярэдняй ацэнкі іх кошту, эфэктыўнасьці, даверу і бясьпекі».
У адказе зь Вярхоўнага суду, якому праваабаронцы прапанавалі ўвесьці элемэнты электроннага судаводзтва для забесьпячэньня разгляду выбарчых спрэчак (праводзіць судовы працэс празь відэасувязь), гаворыцца толькі, што «дадзенае пытаньне падлягае вырашэньню ў дачыненьні да канкрэтнай выбарчай кампаніі».
«Яны думаюць пра тое, як найхутчэй легітымізаваць свае паўнамоцтвы праз гэтую выбарчую кампанію. Фактычна чыноўнікі занятыя сваёй асабістай бясьпекай. А тое, што прапаноўвалі мы, магло б мінімізаваць наступствы гэтай пандэміі», — лічыць каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Ўладзімер Лабковіч. На яго думку, тактыка правядзеньня выбарчай кампаніі, абраная ўладамі, цалкам ігнаруе прынцыпы элемэнтарнай бясьпекі.
Што праваабаронцы прапаноўвалі ЦВК
- каб тэрытарыяльныя камісіі забясьпечылі магчымасьць электроннай падачы зваротаў, інфармацыі і неабходных копій дакумэнтаў удзельнікамі выбараў і назіральнікамі;
- прадугледзець магчымасьць праводзіць пасяджэньні калегіяльных органаў празь відэаканфэрэнцыі,
- забясьпечыць акрэдытаваным назіральнікам, давераным асобам кандыдатаў і СМІ магчымасьць назіраць за ўсімі этапамі выбарчага працэсу з дапамогай відэаканфэрэнцыі + зьмяшчаць электронную копію пратаколаў у сеціве,
- даць усім кандыдатам роўны час для выступу на тэлебачаньні, бясплатна ў аб’ёме, які кампэнсуе адсутнасьць магчымасьці праводзіць сустрэчы з выбарнікамі ва ўмовах эпідэміі; трансьляваць на ТВ уласныя інфармацыйныя матэрыялы кандыдатаў;
- падлічваць галасы ў рэжыме відэаканфэрэнцыі, так, каб назіральнікі, давераныя асобы кандыдатаў і СМІ маглі назіраць усе этапы падліку, даць ім магчымасьць атрымаць электронную копію пратакола аб выніках галасаваньня;
- падлічваць галасы ў прысутнасьці ўсіх чальцоў камісіі і назіральнікаў, але дзеля бясьпекі прысутных сам падлік мусіць праводзіць адзін сябра камісіі, агучваючы і паказваючы ўсім астатнім на бясьпечнай адлегласьці, за каго прагаласаваў кожны выбарнік;
- праводзіць праверку подпісаў за кандыдатаў выключна ў названых у законе мэтах, не дапускаць прызнаньня іх недакладнымі паводле фармальных прыкметаў;
- зьняць забарону на раздачу інфармацыйных матэрыялаў пра кандыдатаў у пэрыяд збору подпісаў;
- улічваць небясьпеку распаўсюджваньня COVID-19 пры распрацоўцы і прыняцьці пастановаў, якія рэгулююць асобныя этапы выбарчага працэсу;
- на ўсіх этапах выбарчай кампаніі разам зь Мінздароўя ствараць бясьпечныя для жыцьця і здароўя выбарнікаў і ўдзельнікаў выбарчага працэсу ўмовы.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ