Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад пнэўманіі з каранавірусам памёр дырэктар заводу ў Глыбокім. Сям’я лічыць, што ён захварэў у санаторыі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Віцебскім абласным шпіталі 4 траўня ад пнэўманіі з каранавірусам памёр дырэктар Глыбоцкага хлебазаводу, дэпутат райсавету Алег Толкач, паведамляе Tut.by. Яму было 64 гады.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Сын нябожчыка Аляксандар кажа, што бацька захварэў пасьля адпачынку ў санаторыі «Сьвітанак-Любань» у Менскай вобласьці.

У санаторый Алег Толкач паехаў 29 сакавіка. Паводле сына, напярэдадні бацька тэлефанаваў у адміністрацыю санаторыю, пытаўся, якая там абстаноўка і ці можна прыехаць. Яму адказалі, што працуюць у звычайным рэжыме, абмежаваньняў па прыёме адпачывальнікаў няма.

Алег Толкач прабыў у санаторыі да 11 красавіка. Калі прыехаў, адчуваў лёгкае недамаганьне, стомленасьць, расказвае сын Аляксандар. 15 красавіка пайшоў на працу, а 20 красавіка зьвярнуўся ў мясцовую бальніцу з кашлем і высокай тэмпэратурай. Здымак паказаў аднабаковае запаленьне лёгкіх. З 20 па 26 красавіка Алег Толкач ляжаў у раённай бальніцы. Калі ягоны стан пагоршыўся, яго перавезьлі ў Віцебскую абласную клінічную бальніцу. Больш за тыдзень ён быў на ШВЛ.

Памёр Алег Толкач уначы 4 траўня. У пасьведчаньні аб сьмерці напісана: прычына В97.2 — гэта каранавірус. Хавалі ў закрытай труне. Мазок на каранавірус узялі і ў жонкі Алега Толкача. 5 траўня сям’я даведалася, што аналіз у яе адмоўны.

«Вось так ён „падлячыўся“ і „адпачыў“ у санаторыі. Калі б насельніцтва было своечасова інфармаванае і калі б прынялі адпаведныя меры па абмежаваньні перамяшчэньня грамадзян, такой бяды ня здарылася б», — кажа сын Аляксандар.

Трэцяга траўня ад пнэўманіі з каранавірусам памерла 30-гадовая жанчына зь Мікашэвічаў Лунінецкага раёну. «Наша Ніва» пісала, што, паводле сваякоў, яна таксама адпачывала ў санаторыі «Сьвітанак-Любань» і, на іх думку, заразілася каранавірусам менавіта ў санаторыі.

Раней паведамлялі пра выпадкі заражэньня каранавірусам у санаторыях «Пралеска» пад Менскам, «Белая Русь» на Нарачы (належыць Міністэрству ўнутраных спраў), «Пад’ельнікі» Ўзьдзенскага раёну.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG