Былы старшыня Докшыцкага райвыканкаму Алег Пінчук, які ў лютым застрэліў на паляваньні мясцовага бізнэсоўца, у сакавіку ўзначаліў Тумілавіцкі сельсавет у тым жа раёне. У траўні Пінчук пойдзе ў адстаўку зь дзяржслужбы, каб саступіць месца папярэдняму кіраўніку сельсавету. Пра гэта піша Tut.by са спасылкай на самога Пінчука.
Пінчук распавёў, што ў красавіку напісаў заяву аб звальненьні з дзяржаўнай службы. Заяву падпісаў новы старшыня Докшыцкага райвыканкама Алег Кавалёнак.
Пінчук чакае канца дасудовага разьбіральніцтва па выпадку сьмерці чалавека. Пакуль ідзе сьледзтва, Пінчук зьяўляецца падазраваным.
«Мне, як я ўжо казаў раней, вельмі цяжка на душы», — сказаў Пінчук.
У Докшыцкім раёне 21 лютага загінуў 37-гадовы бізнэсовец Валер Янчак, дырэктар будаўнічай кампаніі «ЯВГ-сэрвіс» і ўладальнік рэстарацыі «Сфэра». У яго стрэліў на паляваньні тагачасны старшыня Докшыцкага райвыканкаму Алег Пінчук. У Сьледчым камітэце распачалі справу за «прычыненьне сьмерці па неасьцярожнасьці».