Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У нас розныя падыходы». У Крамлі ацанілі намаганьні Беларусі ў барацьбе з COVID-19


Дзьмітрый Пяскоў, архіўнае фота
Дзьмітрый Пяскоў, архіўнае фота

Прэсавы сакратар Уладзіміра Пуціна Дзьмітрый Пяскоў сказаў: у Маскве спадзяюцца на тое, што розныя мэтодыкі Беларусі і Расеі ў барацьбе з пандэміяй каранавірусу «не прывядуць да выбуховага росту колькасьці інфікаваных», перадае Інтэрфакс.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

«Вы бачыце, што мы сапраўды прытрымліваемся рознай тактыкі ў барацьбе з каранавірусам, у нас розныя падыходы, — казаў Пяскоў. — Вядома ж, мы занепакоеныя гэтай сытуацыяй агулам».

На пытаньне, ці выклікаюць асьцярогу розныя падыходы Беларусі і Расеі, Пяскоў адказаў:

«Існуе асьцярога сытуацыі ў цэлым. Нельга праходзіць гэтую сытуацыю бяз боязі. Асьцярога абсалютна ўзаемная. Гэтая сытуацыя нелінейная, экстраардынарная, дагэтуль нябачаная».

Пры гэтым Пяскоў зьняпраўдзіў чуткі пра тое, што Пуцін выказаў незадаволенасьць правядзеньнем параду на Дзень Перамогі ў Менску падчас тэлефоннай размовы з Лукашэнкам 5 траўня. Паводле яго, кіраўнікі Беларусі і Расеі толькі «абменьваліся інфармацыяй», а ўсё астатняе — гэта «развагі на вольную тэму, якія ніякім чынам не адпавядаюць рэчаіснасьці».

Ён дадаў, што падчас размовы Пуціна і Лукашэнкі тэма асьвятленьня сытуацыі ў Беларусі расейскай прэсай не падымалася. Як патлумачыў Пяскоў, у Расеі «ёсьць розныя сродкі масавай інфармацыі, яны часам не зусім адэкватна перадаюць нават тыя захады, якія робяцца ў РФ».

Місія Сусьветнай арганізацыі здароўя і Пастаянная каардынатарка Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Беларусі заклікалі беларускія ўлады зрабіць неадкладныя новыя захады супраць эпідэміі: перанесьці або скасаваць масавыя мерапрыемствы, даць магчымасьці для дыстанцыйнай працы і адукацыі, закрыць забаўляльныя ўстановы і скараціць «неістотныя перасоўваньні» людзей. У Брусэлі кажуць, што Беларусь атрымае дапамогу ў барацьбе з COVID-19 толькі тады, калі будзе выконваць рэкамэндацыі Сусьветнай арганізацыі здароўя. Скасаваць парад заклікалі і беларускія праваабаронцы.

Аляксандар Лукашэнка тым часам заяўляе, што «асабліва ня парыцца» з нагоды выяўленых выпадкаў каранавірусу. Рост пнэўманій у Беларусі ён лічыць «мізэрам». Лукашэнка адмаўляецца скасаваць вайсковы парад на 9 траўня, нават пасьля таго, як ад удзелу ў тым парадзе адмовіліся вайскоўцы з Расеі і Кітаю, шэраг расейскіх палітыкаў. Таксама Лукашэнка ня робіць тэст на каранавірус, хоць працягвае наведваць публічныя мерапрыемствы і асабіста сустракаецца з чыноўнікамі.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG