Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі ня будзе месцаў у шпіталі, дзеці будуць даглядаць вас у скафандрах»


«Бацькі хадзілі ў царкву, наведвалі паліклініку, мы не змаглі іх пераканаць застацца дома. Цяпер абое ў шпіталі, бацька на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх». IT-мэнэджар Юлія падзялілася са Свабодай гісторыяй хваробы сваіх бацькоў з надзеяй на тое, што іх сумны прыклад дапаможа іншым зразумець, наколькі небясьпечная цяпер сытуацыя і як важна заставацца дома. Спадарыня Юлія пажадала захаваць ананімнасьць з павагі да прыватнага жыцьця сваіх родных.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

«Гэта ўсё выдумкі і тэорыі. Мы асьцярожна, мы ўсё кантралюем»

81-гадовы бацька і 79-гадовая маці спадарыні Юліі ад 1 траўня знаходзяцца з каранавіруснай інфэкцыяй у 3-м шпіталі Менску. Бацька ў рэанімацыі, маці – у звычайнай палаце. Дактары робяць усё магчымае, Юлія праз сацсеткі шукае донараў плязмы. Усяго гэтага магло б і ня быць, пераканана яна, калі б бацькі заставаліся дома.

«Складана сказаць, дзе яны маглі заразіцца, таму што такіх месцаў было вельмі шмат. Бацькі – вельмі актыўныя сябры царкоўнай грамады. Мы прасілі, пераконвалі, прапаноўвалі нешта арганізаваць онлайн, але гэта было бессэнсоўна: «Не, мы ня можам». Сварыліся нават. Для маці гэта было вельмі важна: «У футбол людзі гуляюць, чаму ж у царкву нельга хадзіць?» Я разумею яе. Да таго ж гэта мае бацькі, я не магу імі камандаваць. Відавочна, што людзі маюць зьверху вельмі дакладны пасыл прэзыдэнта, што нічога страшнага не адбываецца. Мой тата прыслухоўваецца да таго, што ў навінах па тэлевізіі кажуць. «Гэта ўсё тэорыі. Ня так ужо і небясьпечна», — казалі мне бацькі.

Усяночная ў храме «Абраза Божай Маці ўсіх тужлівых радасьці», што на праспэкце Прытыцкага ў Менску. Ілюстрацыйнае фота
Усяночная ў храме «Абраза Божай Маці ўсіх тужлівых радасьці», што на праспэкце Прытыцкага ў Менску. Ілюстрацыйнае фота

Спадарыня Юлія расказвае, што на Вялікдзень бацькі пайшлі ў царкву. Адразу пасьля сьвятаў з гэтай царквы забралі ў шпіталь некалькіх сьвятароў, але бацькі не расказалі пра гэта дзецям. Бацька Юліі ў гэты час хадзіў у паліклініку па рэцэпты. Пытаюся ў жанчыны, ці зьмянілася стаўленьне бацькоў да каранавіруснай пагрозы, калі яны заразіліся? «Ня ведаю. Тата на ШВЛ, маму стараемся не хваляваць, пытаньняў такіх не задаём», – адказвае жанчына.

«Якраз у гэты час памерла мая сьвякроў. За дзень да яе пахаваньня тэлефаную бацькам і адчуваю, што адбываецца нешта дзіўнае. Бацька кажа, што маці пайшла ў аптэку па асьпірын, а ў яго другі дзень тэмпэратура 38 і слабасьць, але ён думае, што гэта нэўралёгія, таму, калі пройдзе эпідэмія, пойдзе да нэўроляга. Ледзь угаварыла выклікаць участковага лекара, які прыйшоў увечары на наступны дзень, выпісаў антыбіётыкі і сказаў, што ў лёгкіх усё чыста. На наступны дзень пасьля пахаваньня сьвякрові высьветлілася, што і маці мае высокую тэмпэратуру. Такім чынам бацька – тыдзень з тэмпэратурай, маці – тры дні, і абое катэгарычна забараняюць выклікаць дактароў. Як малыя дзеці».

«Калі б не было месцаў у шпіталі, то давялося б даглядаць бацькоў у “скафандрах”»

Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Спадарыня Юлія і яе сястра вырашылі даглядаць бацькоў самі, бо немагчыма пакінуць хворых людзей без дагляду, а ад шпіталізацыі яны адмаўляліся. Але ж ім трэба было самім абараніцца ад заражэньня.

«Сястра прапанавала надзець мэдычныя касьцюмы. Гэты было 1 траўня. Яна знайшла, дзе іх шыюць. Прыехалі, і там за гадзіну пашылі касьцюм майго памеру. Мы ўзялі пяць касьцюмаў, маскі, бахілы. Я купіла пальчаткі. Узяла ў мужа акуляры для працы з мэталам. Пакуль сам не надзенеш ахоўны касьцюм і не паходзіш у ім, не зразумееш, што гэта такое. Нічога не чуваць і не відаць, акуляры запацяваюць, касьцюм шамаціць. Горача, як у поліэтыленавым пакеце. Увесь мокры, усё ліпне. Рэальна жахліва. Калі зайшла да бацькоў у кватэру, бацькі сказалі: «Ты ня зможаш у гэтым тут жыць». «А што мне застаецца? Без “скафандра” хадзіць ня буду». Калі б не было месцаў у шпіталі, то давялося б даглядаць іх вось так, у “скафандрах”».

Паводле ІТ-мэнэджаркі, сыстэма працы з каранавірусным хворымі вельмі дакладная.

«Ёсьць альгарытм, і я бачу, як ён выконваецца. Мы выклікалі “хуткую”. Калі я сказала дыспэтчарцы, што бацькі хадзілі ў царкву, яна адразу адказала: «Усё зразумела». Прыехала брыгада. Мы ў двары чакалі іх у касьцюмах. Выходзіць з «хуткай» неэкіпіраваная доктарка і пытаецца: “А хто вы?” «Дочкі мы», – і расказалі ўсю гісторыю. Доктарка надзела такі ж скафандар і пайшла да бацькоў у кватэру адна. Фэльчар і кіроўца чакалі ўнізе. Вярнулася і кажа, што будуць шукаць, куды можна будзе іх пакласьці. У выніку павезьлі ў прыёмны пакой 3-й лякарні. Параіла нам паехаць за імі, прыпаркавацца каля лякарні і чакаць званка, калі іх шпіталізуюць. А палове на першую ночы іх паклалі. Раніцай маці пазваніла і сказала, што бацьку адразу далі кісларод».

Як і ўсе родныя шпіталізаваных праз каранавірусную інфэкцыю хворых, Юлія наракае на адсутнасьць інфармацыі зь лякарні.

«Разумееце, выходныя, даведка не працуе. Раней была сыстэма пастоў, ардынатарскіх, можна было пазваніць у аддзяленьне. Цяпер гэтага нічога няма. Я разумею, чаму так зрабілі. Калі ты ва ўсёй гэтай ахоўнай амуніцыі, то да тэлефона падыйсьці ня можаш. Мабільны таксама ня можаш браць. Зайшоў у «брудную зону» - і заставайся там, якія тэлефоны? Такі рэжым. Я гэта разумею. Але вельмі цяжка пераносіць невядомасьць.

Нам пашанцавала: мы знайшлі знаёмых і даведаліся, што бацька ў цяжкім стане, яго перавялі ў рэанімацыю. З мамай усё нармальна, у тым сэнсе што рэанімацыя ёй не патрэбна. Бацька дагэтуль ляжыць на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, ягоны стан вельмі цяжкі».

Чаму і як шукаюць донараў плязмы

Спадарыня Юлія разьмясьціла на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” заклік дапамагчы знайсьці донараў плязмы для бацькі. Гэта была ініцыятыва не дактароў, а яе і сястры.

«Вельмі складана зьмірыцца з тым, што нічога няможна зрабіць. Мы ініцыявалі пошукі донара плязмы на выпадак, калі спатрэбіцца. Але гэта не зусім слушна, так ня робіцца. Хаця, калі разьмяшчалі пост, мы пра гэта ня ведалі. Уся інфармацыя пра донараў ёсьць у РНПЦ трансфузіялёгіі ў Менску. Але людзей, якія падыходзяць, каб быць донарам, вельмі мала. Ёсьць вельмі шырокі сьпіс умоваў, каб чалавек падышоў. На мой пост сталі рэагаваць людзі, мне расказалі гісторыю, калі знайшлі донара з 4-й групай крыві, чакалі, пакуль 14 дзён пройдзе, здалі аналізы, а тэст паказаў наяўнасьць актыўных вірусаў.

Аналіз на антыцелы да вірусу ў нас ня робяць, яшчэ не акрэдытаваныя, таму можна абапірацца толькі на афіцыйную гісторыю хваробы. І пераліваць плязму – гэта не панацэя, дапаможа ня кожнаму і не заўсёды. Павінны быць паказаньні. На жаль, усё, што могуць зрабіць дактары, можна пералічыць на пальцах адной рукі. Антывіруснай тэрапіі супраць гэтай інфэкцыі яшчэ не знайшлі.

Усім спачатку прызначаюць антыбіётыкі: хоць інфэкцыя не бактэрыяльная, але антыбіётыкі паляпшаюць клінічную карціну, таму іх прызначаюць усім, так робяць ва ўсім сьвеце. Калі стан цяжкі, даюць кісларод, прызначаюць антыкаагулянты. Далей ёсьць варыянты, іх няшмат, для іх прызначэньня патрэбна кансультацыя інфэкцыяніста. Вы можаце папрасіць, каб запрасілі на кансультацыю інфэкцыяніста, калі вашы блізкія ў цяжкім стане, у рэанімацыі. Мы так і зрабілі. Інфэкцыяніст прыйшоў і сказаў, што ўсё робіцца слушна і больш зрабіць нічога нельга. Лекаў ад гэтага няма».

«А людзі за гэта плацяць жыцьцём»

Рэпетыцыя параду да 9 траўня ў Менску. Вайсковыя аўтобусы ў парку каля стэлы.
Рэпетыцыя параду да 9 траўня ў Менску. Вайсковыя аўтобусы ў парку каля стэлы.

Спадарыня Юлія лічыць, што павінна быць вельмі сур'ёзная прапаганда, накіраваная на тое, каб людзі берагліся.

«Мяне абурае гэтая пазыцыя «гаранта» нашага, што “я не магу скасаваць парад, таму што ўсе падумаюць, што я спалохаўся”. А людзі за гэта плацяць жыцьцём, каб ніхто нічога не падумаў пра нашага прэзыдэнта. Няма мэтанакіраванага рашэньня – забараніць сходы, футбол, скасаваць суботнік і парад; насіце маскі, трымайце дыстанцыю. Няма мэтанакіраванай прапаганды асьцярожных паводзінаў. Гэта комплекс захадаў, і калі яго няма, пачынаецца гісторыя, як з маімі бацькамі.

З-я лякарня – гэта цудоўныя дактары-афтальмолягі, найлепшыя ў краіне. Цяпер афтальмолягі, кардыёлягі ды іншыя дактары лечаць COVID-19. Іх усіх перавучылі. Гэта вялізарная праца – перакваліфікаваць столькі людзей. І тым хто здаровы, нядрэнна б задумацца, што тваю пнэўманію будзе лячыць афтальмоляг, і ў рэанімацыі будзе з табой студэнт, таму што больш нікога няма. Мэдыкі заражаюцца, хварэюць, паміраюць, нават пры наяўнасьці сродкаў засьцярогі, таму што вельмі вялікая вірусная нагрузка. Асабліва на рэаніматолягаў. Мэдыкі хварэюць і паміраюць, а на іх месца новых не народзяць так хутка. Рэаніматоляга хутка не навучыш. А людзі гэтага не разумеюць, і да іх гэтага не даносяць улады. Таму яны паводзяць сябе легкадумна і могуць захварэць, як і мае бацькі».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG