Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэтаксама, толькі крыху горш», — пісьменьнік Мішэль Уэльбэк пра тое, якім будзе сьвет пасьля COVID-19


Мішэль Ўэльбэк
Мішэль Ўэльбэк

Радыёстанцыя France Inter разьмясьціла на сваім сайце ліст Мішэля Ўэльбэка. «Самы вядомы ў сьвеце францускі аўтар з часоў Жан-Поля Сартра і Альбэра Камю» разважае ў ім пра тое, якой стане штодзённасьць пасьля эпідэміі COVID-19 і карантыну.

«Сумны і банальны вірус»

«Трэба гэта прызнаць: большасьць электронных лістоў, адпраўленых у апошнія тыдні, у першую чаргу мелі на мэце праверыць, ці суразмоўца не памёр і ці не пры сьмерці ён», — так пачынаецца ліст Уэльбэка. Затым ён адзначае, што як толькі аўтару ліста ўдаецца пераканацца ў добрым здароўі адрасата, размова ўсё роўна перацякае ў іншае — «цікавейшае» — рэчышча, не зьвязанае з эпідэміяй. І гэта, на яго думку, непазьбежнае разьвіцьцё падзей, бо сам вірус сумны. COVID-19 аўтар называе «банальным вірусам» з «размытымі характарыстыкамі», «вірусам бязь якасьцяў».

«Удар па чалавечых стасунках»

«Пасьля карантыну мы не прачнёмся ў новым сьвеце. Ён будзе такі самы, толькі крыху горшы», — піша Ўэльбэк. Ён тлумачыць, што «ні на паўсэкунды ня верыць у заявы накшталт „нішто ня будзе такім, як раней“». «Наадварот, усё будзе дакладна, як раней», — лічыць ён. На яго думку, няма нічога дзіўнага і новага, да прыкладу, у тым, што Францыя спраўляецца з санітарным крызісам лепш за Гішпанію ці Італію, але горш за Нямеччыну. Пісьменьнік адзначае, што пандэмія проста зноў нагадала ўжо вядомы факт: Захад ня можа вечна заставацца самым багатым, разьвітым і непахісным.

Галоўным наступствам эпідэміі Ўэльбэк лічыць паскарэньне большасьці працэсаў, якія ўжо і так адбываюцца ў грамадзтве. Галоўны зь іх — скарачэньне асабістых кантактаў паміж людзьмі. Усе тэхналягічныя дасягненьні апошніх дзесяцігодзьдзяў, ад сацыяльных сетак і праграм для дыстанцыйнай працы да бескантактавай аплаты пакупак у краме, вялі да таго, каб людзі ўсё радзей і радзей узаемадзейнічалі адно з адным.

«Яшчэ ніколі сьмерць не была такой непрыкметнай»

У сваім лісьце Мішэль Уэльбэк таксама ўступае ў спрэчку з тымі, хто сьцьвярджае, быццам грамадзтва за час пандэміі нарэшце ўспомніла пра існаваньне сьмерці і адчула яе сталую прысутнасьць. На яго думку, нягледзячы на тое, што амаль 25 тысяч чалавек у Францыі памерлі ад наступстваў заражэньня COVID-19, «яшчэ ніколі сьмерць не была такой непрыкметнай», як цяпер. Ён спасылаецца на сытуацыю ў дамах для старых у Францыі, жыхары якіх паміраюць у адзіноце ў сваіх пакоях, і пра гэта часьцяком так і не становіцца вядома. «Ахвяры лічацца ў адзінках у штодзённай статыстыцы сьмерцяў», — піша Ўэльбэк.

Карантын і пісьменьніцтва

Уэльбэк успамінае словы іншага вядомага францускага аўтара, Фрэдэрыка Бэгбэдэра. Бэгбэдэр, камэнтуючы тое, як карантын адбіўся на ягоным ладзе жыцьця, адзначыў, што асаблівых пераменаў у штодзённасьць пісьменьніка рэжым ізаляцыі ўнесьці ня можа — сацыяльныя кантакты аўтара і без таго абмежаваныя і жыве ён у атачэньні кніг.

Мішэль Уэльбэк згодны з гэтым выказваньнем, аднак уносіць у яго папраўку — лад жыцьця сапраўды мяняецца слаба, але тварыць у чатырох сьценах практычна немагчыма.

«Спрабаваць пісаць, калі няма магчымасьці на працягу дня пайсьці на шматгадзінны шпацыр у бесьперапынным тэмпе, проціпаказана: назапашанае нэрвовае напружаньне не знаходзіць выхаду, думкі і вобразы працягваюць хваравіта круціцца ў галаве няўдалага аўтара, які хутка становіцца раздражняльным, а магчыма, і вар’яцее», — тлумачыць Уэльбэк.

Нарэшце, ці падштурхне эпідэмія аўтараў да стварэньня новых твораў, як гэта было пасьля эпідэміі чумы? Уэльбэк у гэтым сумняваецца. Таму што, зь яго пункту гледжаньня, у адрозьненьне ад эпідэміі чумы, пасьля COVID-19 ня варта чакаць калясальных перамен.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG