22 красавіка прыкладна палова часу ў выпусках навінаў на дзяржаўных тэлеканалах была прысьвечана тэме каранавірусу.
На дзяржаўным тэлеканале «Беларусь-1» былі толькі «станоўчыя навіны»: пра адкрыцьцё новай лябараторыі ў Ратамцы, дзе праводзяць тэсты на COVID-19; пра робат-цеплавізар у Нацыянальным аэрапорце; пра флэшмоб дэсантнікаў; грашовую дапамогу беларусаў на барацьбу з каранвірусам; пра тое, што тэсты на антыцелы зьявяцца ў канцы красавіка.
Таксама паказалі інтэрвію зь Дзьмітрыем Нікіціным, акушэрам-гінэколягам 6-й гарадзкой клінічнай лякарні Менску, дзе цяпер знаходзіцца 16 інфікаваных жанчын. Частка зь іх ужо нарадзілі здаровых дзяцей, частка ў чаканьні.
Былі агучаныя лічбы афіцыйныя лічбы Мінздароўя: «Зарэгістраваны 7281 чалавек са станоўчым тэстам на каранавірус, 58 памерлі з шэрагам хранічных захворваньняў з выяўленай каранавіруснай інфэкцыяй».
Ніводнага слова не прагучала ні пра сьмерці мэдычных работнікаў (фэльчаркі з Буда-Кашалёва і мэдсястры з Докшыцаў), ні пра сьмерці іншых людзей.
Не было паведамленьняў пра ўспышкі захворваньняў у Лунінцы і Пінску, Докшыцах, Паставах і іншых рэгіёнах.
Не расказалі на БТ ні пра шпіталізацыю 40 чалавек з Жыровіцкага манастыра і духоўнай сэмінарыі, ні пра карантын у менскім Сьвята-Елісавецінскім манастыры. У канцы мінулага тыдня на АНТ быў паказаны сюжэт, як сёстры Сьвята-Елісавецінскага манастыра разам з дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў развозяць велікодныя пірагі — безь ніякіх сродкаў засьцярогі.
Не расказалі дзяржаўныя тэлеканалы пра 29 інфікаваных музыкаў з харавой капэлы імя Рыгора Шырмы, пра выпадкі каранавірусу ў школах і садках.
Прамаўчалі, што заразіліся і спартоўцы — хакеіст каманды Лукашэнкі Дзьмітрый Мялешка (яны разам гулялі ў хакей 11 красавіка, і Аляксандар Лукашэнка зьяўляецца «кантактам другога ўзроўню»), і самбіст Уладзімер Япрынцаў, які пару гадоў таму быў у найбліжэйшым атачэньні кіраўніка дзяржавы.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.