Аляксандар Лукашэнка ня бачыць падставаў для пераносу рэспубліканскага суботніку 25 красавіка. Калі будзе так, як цяпер, то «прарвёмся», заявіў ён.
Паводле Лукашэнкі, людзі ўсё роўна працуюць у пятніцу, і калі яны прыйдуць яшчэ ў суботу, гэта ні на што не паўплывае, цытуе яго БелТА.
«Калі я прымаў гэтае рашэньне, адназначна быў за суботнік. Той, хто працуе, — яны адпрацуюць. Мы, чыноўнікі, вядома, свой заробак таксама пералічым у фонд суботніку, таму што гэта сьвятая справа», — сказаў Аляксандар Лукашэнка.
Ён удакладніў, што сам 25 красавіка плянуе правесьці суботнік у адным з раёнаў, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
«Я ў гэты час некалькі дзён буду жыць на поўдні, і там мы што-небудзь знойдзем. Які-небудзь лес пасадзім», — і дадаў, што канкрэтны населены пункт яшчэ не абраны.
Лукашэнка запэўніў, што калі сытуацыя з каранавірусам абвострыцца і будуць неабходныя захады дзеля ізаляцыі людзей і адмены масавых мерапрыемстваў, такія крокі будуць прынятыя. Пакуль у гэтым няма неабходнасьці, лічыць ён.