Рэагуючы на эпідэмію COVID-19 у краіне, Аляксандар Лукашэнка прыняў на сябе ролю палітыка, якія прымае ўзважаныя і разумныя рашэньні ў параўнаньні з тым, што ён падае беларусам як «панічную рэакцыю» Расеі.
Да такой высновы прыходзіць Эмілі Фэрыс, аналітык Цэнтру аналізу эўрапейскай палітыкі (CEPA), які знаходзіцца ў Вашынгтоне.
Паводле Фэрыс, спэцыфічная рэакцыя Лукашэнкі на эпідэмію і яго выказваньні маюць на мэце тры галоўныя рэчы:
- пераканаць беларускіх грамадзян, што закрыцьцё межаў Расеяй скіравана на шкоду эканамічным інтарэсам Беларусі;
- сьпіхнуць на Расею віну ня толькі за праблемы з барацьбой з каранавірусам у Беларусі, але і намякнуць, што каранавірус у Беларусь занесьлі расейцы;
- паставіць сябе ў ролю непахіснага абаронцы беларускіх інтарэсаў перад сёлетнімі прэзыдэнцкімі выбарамі.
«Лукашэнку ня трэба хвалявацца за вынікі выбараў. Але ён хоча, каб у спаборніцтве было хоць падабенства легітымнасьці. Сапраўдная палітычная праблема для яго — знайсьці карысны рэквізыт [для выбарчай пастаноўкі]», — лічыць Эмілі Фэрыс.