Францускія навукоўцы з Унівэрсытэту Правансу ў Марсэлі апублікавалі папярэднія вынікі дасьледаваньня ўплыву нагрэву на новы каранавірус, які выклікае хваробу COVID-19. Дасьледаваньне яшчэ не прайшло рэцэнзаваньне, таму зьвесткі нельга лічыць на 100% надзейнымі.
Навукоўцы пішуць, што ўзялі аналізы зь вірусам SARS-CoV-2 ад хворых пацыентаў зь нямецкай лябараторыі, трымалі яго ў стэрыльных прабірках і ў клетках пячонкі малпы, спрабавалі забіць вірус рознымі спосабамі нагрэву. Пры 15-хвілінным нагрэве да 92°C атрымалася істотна скараціць колькасьць жывых адзінак вірусу — на 99,9999%.
У дасьледаваньні спрабавалі таксама награваць вірус да 56°C цягам 30 хвілінаў і да 60°C цягам гадзіны. Але высьветлілася, што нават пасьля гэтага некаторыя штамы былі здольныя размнажацца, калі знаходзіліся ня ў чыстым асяродзьдзі, а ў нестэрыльных прабірках з жывёльнымі клеткамі.
Хоць гэтае дасьледаваньне не прайшло рэцэнзаваньня іншымі навукоўцамі, а іншых надзейных пра тэмпэратуры і новы каранавірус не праводзілася, Сусьветная арганізацыя здароўя па-ранейшаму папярэджвае: ні знаходжаньне ў цяпле, ні на марозе, ні ў гарачай ваньне не забівае вірус у чалавечым целе.
«Вашая звычайная тэмпэратура цела застаецца каля 36,5–37°С, незалежна ад тэмпэратуры ванны ці душу», — падкрэсьлівае WHO. А пры такой тэмпэратуры цела вірус SARS-CoV-2 выжывае, размнажаецца і перадаецца іншым.
Чаму мы пра гэта пішам
Аляксандар Лукашэнка 19 сакавіка на нарадзе аб эпідэміялягічнай сытуацыі заявіў, што новы каранавірус нібыта гіне ў лазьні.
«Я некалі абмовіўся аб тым, што людзям трэба, каб змагацца з рознымі вірусамі, у тым ліку і з гэтым, часьцей хадзіць у сухую лазьню, — казаў кіраўнік Беларусі. — Паколькі COVID-19 ня любіць высокіх тэмпэратураў і пры плюс шасьцідзесяці, як мяне праінфармавалі спэцыялісты, гіне».
На той момант не было дасьледаваньняў, якія б паказвалі, што вірус SARS-CoV-2 гіне пры пэўнай тэмпэратуры. Вядома толькі, што падобны (але не цяперашні) вірус SARS хутчэй (але не адразу і ня цалкам) гіне пры тэмпэратурах звыш 56°С (аднак ня ў целе чалавека, вакол якога такая тэмпэратура паветра, а пры непасрэдным нагрэве саміх вірусных часьцінак).
Доктар-рэаніматоляг Зьміцер Салошкін казаў Свабодзе, што ў паветры гарачай лазьні вірус сапраўды можа хутка загінуць — але не загіне ў целе хворага.
«Нават калі вы седзіце ў саўне, тэмпэратура цела застаецца стабільнай, — тлумачыў Салошкін. — Так што носьбіт гэтага вірусу, і пасядзеўшы ў саўне, выйдзе і зноў будзе кашляць і распаўсюджваць вірус. Саўна за кошт тэмпэратуры можа хіба што „аўтаматычна“ праводзіць дэзынфэкцыю, але ў целе чалавека нельга дасягнуць такой тэмпэратуры».
Аляксандар Лукашэнка прапаноўваў і іншыя сумнеўныя «сродкі» супраць каранавірусу: гарэлку (WHO асобна абвяргала тры міты пра алькаголь і каранавірус), трактары, хакей, тлустую ежу, козаў... Намесьніца міністра аховы здароўя Алена Богдан расказала, што «адзін з нашых спэцыялістаў» параіў ёй «дыхаць хрэнам», каб абараніцца ад вірусу.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.