Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп прыгразіў, што можа перапыніць працу Кангрэсу з прычыны незацьверджаных кандыдатур на высокія пасады.
Па словах Трампа, ён расчараваны тым, што заканадаўцы не сьпяшаюцца ўхваліць унесеныя ім прапановы, уключаючы кандыдатуру на пасаду кіраўніка фэдэральнага агенцтва, якое курыруе ў тым ліку такія мэдыя, як «Голас Амэрыкі» і Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода. Абедзьве карпарацыі атрымліваюць сродкі ад падаткаплатнікаў ЗША.
Заява Трампа прагучала на фоне нядаўніх абвінавачаньняў на адрас «Голасу Амэрыкі» з боку Белага дома. Прэзыдэнцкая адміністрацыя сьцьвярджае, што кампанія распаўсюджвае кітайскую прапаганду, зьвязаную з пандэміяй каранавірусу.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
«Сэнату варта або выканаць свае абавязкі і прагаласаваць па ўнесеных мною кандыдатурах, альбо яго праца афіцыйна будзе прыпыненая, каб я змог зрабіць прызначэньні паміж сэсіямі», сказаў Трамп. Гаворка ідзе пра ўжываньне канстытуцыйнага мэханізму, які дазваляе прэзыдэнту абвясьціць перапынак у пасяджэньнях Кангрэсу і самому зрабіць прызначэньні, абмінаючы ўхвалу большасьцю чальцоў Сэнату, які цяпер кантралююць рэспубліканцы — аднапартыйцы Трампа.
Ніводзін кіраўнік Белага дома да гэтага часу гэты мэханізм не выкарыстоўваў. Прэзыдэнт надзелены гэтым правам у адпаведнасьці з разьдзелам 3 артыкула 2 Канстытуцыі ЗША.
У заяве лідэра сэнацкай большасьці Мітча Маконэла гаворыцца, што ў той час, як сам ён паабяцаў знайсьці спосаб ухваліць кандыдатуры, крытычна важныя для барацьбы з каранавірусам, правілы Сэнату абавязваюць атрымаць згоду ад лідэра дэмакратычнай меншасьці Чака Шумэра.
Дональд Трамп асабліва вылучыў прамаруджваньне ў прызначэньні Сэнатам рэжысэра-дакумэнталіста Майкла Пэка на пасаду кіраўніка Амэрыканскага агенцтва па глябальных мэдыя. «Яго кандыдатура засела ў камітэце на два гады, не дазваляючы нам кіраваць „Голасам Амэрыкі“, а гэта важна», — заявіў прэзыдэнт ЗША, назваўшы «агідным» тое, што ён чуе ад «Голасу Амэрыкі».
Дырэктарка «Голасу Амэрыкі» Аманда Бэнэт адпрэчыла ранейшую крытыку Белага дома, падкрэсьліўшы, што фінансаванае грамадзтвам незалежнае мэдыя свабоднае ў тым, каб расказваць пра ўсе бакі праблемы, і ўпаўнаважана рабіць гэта паводле закону.
Замежнае тэлерадыёвяшчаньне і міжнародныя мэдыякарпарацыі ЗША, згодна з законам, ня маюць права распаўсюджваць і рэклямаваць сваю прадукцыю і матэрыялы аўдыторыі ўнутры саміх Злучаных Штатаў.