Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парад замест лекаў


Рэпетыцыя вайсковага параду ў Менску \
Рэпетыцыя вайсковага параду ў Менску \

Беларускія вэтэраны ня маюць адзінства ў стаўленьні да мэтазгоднасьці параду на Дзень перамогі.

Кіраўнікі Беларускай арганізацыі вэтэранаў выказаліся за правядзеньне ў Менску параду на 9-е мая.

Але — ці рэпрэзэнтуе арганізацыя пазыцыю ўсіх вэтэранаў вайны?

Нагадаем, што ў 95-м фармальнымі ініціцыятарамі рэфэрэндуму аб зьмене дзяржаўнай сымболікі, статусу беларускай мовы, інтэграцыі з Расеяй і праве прэзыдэнта распускаць парлямэнт былі дэпутаты-вэтэраны, якія зьвярнуліся з адпаведным лістом Лукашэнкі. Натуральна, усе яны былі камуністамі.

Тады афіцыйныя СМІ ні слова не сказалі пра пазыцыю іншых удзельнікаў вайны — былога камандзіра ўзвода палкавой артылерыі, народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава, былога партызана брыгады Канстанціна Заслонава, доктара філязофскіх навук Мікалая Крукоўскага, былога марака Ціхаакіянскага флёту, удзельніка вайны зь Японіяй пісьменьніка Артура Вольскага.

А яны выступілі катэгарычна супраць рэфэрэндуму, заявіўшы, што ён расколе нацыю, беларускую мову выцісьне ў гета, а саму краіну паставіць пад пагрозу анэксіі Расеяй. Што і адбылося.

96-гадовая Валянціна Баранава з Горадні ставіць пад сумнеў мэтазгоднасьць параду: «Як мы можам рызыкаваць жыцьцём людзей? Урэшце, не сышоўся ж клін толькі на гэтым 9 траўня!».

94-х гадовы былы партызан, а затым камандзір сапёрнага ўзводу на 4-м Украінскім фронце, кавалер баявых ордэнаў, у тым ліку ордэна Баявога чырвонага сьцяга Фелікс Шкірманкоў прапануе сродкі на парад пусьціць на патрэбныя мэдыкамэнты.

94-х гадовы Міхаіл Вайман з Магілеву, удзельнік вайны з Японіяй, таксама лічыць, што ад правядзеньня параду варта адмовіцца.

Ня ведаю, ці пачуе іх галасы Лукашэнка.

У 95-м да голасу Быкава ён прыслухацца не пажадаў.

Сёньняшнім 90-гадовым вэтэранам хапіла перажываньняў на вайне. Можа быць, варта пазбавіць іх ад трывогі за ўнукаў і праўнукаў, за тых, хто сёньня носіць вайсковую форму?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG