Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Драгічынскім раёне на пахаваньні была жанчына з каранавірусам. Ізалявалі праваслаўнага бацюшку


Ілюстрацыйнае фота. Шпіталізацыя пацыента з каранавіруснай інфэкцыяй
Ілюстрацыйнае фота. Шпіталізацыя пацыента з каранавіруснай інфэкцыяй

Настаяцеля праваслаўнай царквы ў Брашавічах Драгічынскага раёну айца Віктара ізалявалі ў Безьдзежскую ўчастковую бальніцу.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Айцец Віктар сказаў карэспандэнту Свабоды, што 5 красавіка хаваў старую жанчыну. Яна памерла ў Менску, і дачка прывезла яе пахаваць на вясковых могілках. Пазьней у дачкі выявілі COVID-19.

«Пасьля таго як яна зьехала з Драгічына ў Менск, патэлефанавалі і сказалі, што мы знаходзіліся ў кантакце і што трэба здаць мазок і ізалявацца на ўсялякі выпадак. І нас пакуль забралі ў Безьдзеж», — сказаў сьвятар.

Айцец Віктар пакуль ня ведае, які ў яго вынік тэсту на каранавірус. Яго і яшчэ трох сваякоў памерлай, якія былі на хаўтурах, узялі ў лякарню раніцай 12 красавіка і ў той жа дзень зрабілі тэсты.

«Нас прывезьлі ў бальніцу, паказалі, вось ваша палата. Мэдработнікі былі поўнасьцю ў экіпіроўцы, у акулярах, масках. У палаце прыбіральня, умывальнік. Сказалі не выходзіць нікуды, нават на калідор. Лякарня ўжо, відаць, падрыхтаваная для падобнага выпадку. Чакаем вынікаў».

Галоўны ўрач драгічынскай бальніцы Аляксандар Пратасевіч сказаў карэспандэнту Свабоды, што ў раёне пакуль не зарэгістравана ніводнага выпадку каранавірусу. За станам айца Віктара і іншых шпіталізаваных у Безьдзежскую ўчастковую бальніцу вядзецца назіраньне. Як атрымалася, што яны сталі кантактнымі, Аляксандар Пратасевіч не патлумачыў.

«Вынікі тэстаў будуць вядомыя хутка. Частка інфармацыі ў нас ужо ёсьць, станоўчых няма. Але іх усё роўна павінны назіраць да 14 дзён», — сказаў ён.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG