Любы ахвотны можа дапамагчы тым, хто знаходзіцца на перадавой у барацьбе з COVID-19, і стаць уладальнікам аднаго з больш як 100 унікальных лотаў, бязвыплатна прапанаваных вядомымі мастакамі.
Ініцыятарамі кампаніі выступілі мастак Руслан Вашкевіч і арт-ідэоляг Аліна Саўчанка. Атрыманыя сродкі будуць адрасна накіраваныя на дапамогу мэдыкам.
«Удзельнікі аўкцыёну „Дзякуй!“, мы ўсе — і мастакі, і пакупнікі, і арганізатары — змогуць выказаць плённую падзяку тым, хто змагаецца за нашы жыцьці — мэдработнікам. Ідэя ў тым, каб зрабіць дапамогу максымальна мэтавай: мы апэратыўна адрэагуем на канкрэтныя запыты беларускіх клінік, грошы будуць выдаткаваныя на першачарговыя патрэбы лекараў і пацыентаў», — адзначыў Руслан Вашкевіч.
У аўкцыёне бяруць удзел звыш 100 сучасных беларускіх мастакоў. Сярод лотаў — жывапіс, акварэль, графіка, скульптура, фатаграфія, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Аўкцыён стартуе а 10-й гадзіне 15 красавіка і працягнецца 7 дзён, да раніцы 22 красавіка.
Каб паўдзельнічаць у аўкцыёне, трэба зайсці на пляцоўку аб’яваў «Куфар» і націснуць на ўкладку «Дзякуй!». На старонцы зьявяцца працы мастакоў. Каб зрабіць стаўку, неабходна напісаць асабістае паведамленьне прадаўцу на старонцы лота. Пераможа ў таргах той, хто зробіць самую высокую стаўку на момант заканчэньня аўкцыёну. Калі два пакупнікі дашлюць аднолькавыя стаўкі, выйграе той, хто адправіў паведамленне першым.
Стартавая цана заяўленых лотаў вызначана такім чынам, каб прыцягнуць як мага больш патэнцыйных удзельнікаў з рознымі фінансавымі магчымасьцямі — ад 10 да 5000 рублёў.
За сродкі ад аўкцыёну набудуць або вырабяць маскі, акуляры, рэсьпіратары, халаты, плашчы, пульсаксымэтры, канцэнтратары кіслароду, а таксама арганізуюць паўнавартаснае харчаваньне для работнікаў мэдустановаў і станцый хуткай дапамогі.