Такая абвестка была на дзьвярах крамы «Амі мэбля». Пазьней яе зьнялі, бо пакупнікі былі незадаволеныя.
На ўваходзе ў менскую краму «Амі мэбля» (Маякоўскага, 18) супрацоўнікі павесілі абвестку, што пакупнікі «зь яўнымі прыкметамі захворваньня (кашаль, чханьне, насмарк) у краме не абслугоўваюцца».
Пазьней гэтую абвестку зьнялі з прычыны скаргаў пакупнікоў.
«Мы павесілі такую абвестку, каб сябе найперш засьцерагчы, бо пальчатак, масак не хапае, у аптэцы іх няма. Да таго ж з суседняга дома забіралі чалавека ў „капсуле“. Таму гэта была ініцыятыва калектыву, — сказалі ў краме. — Але праз пэўны час абвестку зьнялі. Пакупнікі пачалі абурацца, бо гэта ж грамадзкае месца. Таксама мы знайшлі маскі».