Беларусь абяцае запрасіць спэцыялістаў Сусьветнай арганізацыі здароўя (САЗ, WHO) для ацэнкі працы сыстэмы аховы здароўя ў краіне.
Як заявіла 31 сакавіка старшыня Савету Рэспублікі Натальля Качанава, гэта робіцца, каб «грамадзяне былі ўпэўненыя, што ўлада нічога ня ўтойвае і не спрабуе прыгладзіць сытуацыю»
Свабода сабрала сем пытаньняў, якія САЗ, на думку нашых чытачоў, мусіць задаць уладам Беларусі.
Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
1. Сусьветная арганізацыя здароўя стварыла коды для каранавірусу, якія раіць выкарыстоўваць для запісу прычыны сьмерці у адпаведных пасьведчаньнях — U07.1 (для выпадкаў, пацьверджаных лябараторым тэстам) і U07.2 (для выпадкаў, пацьверджаных выключна на аснове клінічнага або эпідэміялягічнага дыягназу).
Ці выконвае служба аховы здароўя ў Беларусі рэкамэндацыю Сусьветнай арганізацыі здароўя на гэты конт?
2. У многіх краінах улады разгарнулі вялікія інфармацыйныя кампаніі дзеля змаганьня з каранавірусам. У СМІ, у грамадзкай прасторы, на транспарце, у аб’ектах, якім дазволена працаваць падчас карантыну, зьмяшчаюць парады, што рабіць, каб абмежаваць пашырэньне вірусу.
Чаму беларускія тэлевізія і афіцыйныя выданьні дагэтуль не вядуць такой кампаніі? Чаму інфармацыі пра каранавірус няма ў месцах грамадзкага карыстаньня?
3. Адна з найбуйнейшых групаў рызыкі падчас пандэміі — людзі сталага веку. У некаторых краінах, каб абмежаваць іх перамяшчэньні і ня даць заразіцца каранавірусам, улады арганізавалі дапамогу валянтэраў і ўвялі акрэсьленыя гадзіны, калі людзі сталага веку могуць наведваць крамы.
Што робіцца ў Беларусі, каб абараніць сталых людзей ад COVID-19?
4. Статыстыка выяўленых выпадкаў COVID-19 выглядае вельмі незвычайна на фоне іншых эўрапейскіх краінаў з блізкай колькасьцю насельніцтва. Дактары ў сацыяльных сетках паведамляюць, што ім нібыта забараняюць пазначаць у дыягназах ня толькі каранавірусную інфэкцыю, а нават пнэўманію.
Чаму замест таго, каб даць насельніцтву максымальна шырокую інфармацыю пра становішча, Міністэрства аховы здароўя перастала публікаваць штодзённую статыстыку выяўленых выпадкаў, а з канца сакавіка перастала паведамляць агульную колькасьць і колькасьць новых выяўленых выпадкаў COVID-19?
5. Меры фізычнага дыстанцыяваньня могуць запаволіць вірус настолькі, каб сыстэма аховы здароўя магла справіцца з колькасьцю хворых.
Якія абмежаваньні ў гэтым пляне зробленыя ў Беларусі?
6. САЗ лічыць, што ўвод карантыну на пачатку эпідэміі запавольвае пашырэньне COVID-19. Усе краіны паслухаліся САЗ, а Беларусь гэтага не зрабіла.
Зь якіх прычын Беларусь дагэтуль адмаўляецца ўводзіць карантын?
7. Кіраўнік Беларусі заявіў публічна, што каранавірус можна лячыць трактарам, гарэлкай, лазьняй і гульнёй у хакей (бо мароз нібыта забівае вірус).
Ці праводзіла Міністэрства аховы здароўя кампанію зьняпраўджаньня антынавуковых заяваў Аляксандра Лукашэнкі?
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ