Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мой тата ў рэанімацыі на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх», — дачка хворага на каранавірус


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

«Цяпер тата ў інфэкцыйным шпіталі ў скрайне цяжкім стане на ШВЛ, — кажа дзяўчына N. — І тое, што кажуць, што ў нас няма пацыентаў з каранавірусам на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх (ШВЛ), — гэта няпраўда. Прынамсі пасьля гэтай пятніцы».

УЖЫВУЮ Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

Радыё Свабода пагаварыла зь дзяўчынай, якая сама знаходзіцца ў 4-м менскім шпіталі як кантакт першага ўзроўню. Яна кажа, што яе бацька мае пацьверджаны тэст на каранавірус і знаходзіцца ў рэанімацыі менскага інфэкцыйнага шпіталю на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.

«Калі вы бачылі ў інтэрнэце артыкулы пра тое, што пацыента з каранавірусам перавозяць у інфэкцыйны шпіталь, то гэта мой тата быў у гэтым купале, — кажа дзяўчына.

Хвораму менчуку 60 гадоў. Дачка распавядае, што ў яго быў нармальны стан здароўя, без хранічных захворваньняў, ён ня п’е і ня курыць.

«27 лютага ён прыйшоў з працы, вельмі зьмерз. І адчуваў, што прастудзіўся. Тэмпература была 38, ён прыняў гарачую ванну і адразу лёг спаць, выпіў нешта кшталту колдрэксу. Дзён пяць не хадзіў на працу, проста адлежваўся, а пасьля зноў пайшоў на працу. Усё было добра», — расказвае дзяўчына.

Але 12 сакавіка ён зноў адчуў сябе кепска. Тэмпература не спадала, сям’я выклікала доктара.

«Доктар прыехаў, сказаў больш піць вадкасьці і зьбіваць тэмпературу парацэтамолам. Доктар, дарэчы, быў без бахіл сваіх, мы яму прапанавалі пакеты на ногі, і ён пагадзіўся, — кажа дачка. — Бацьку лепш не рабілася, тэмпература ўвесь час 38».

17 сакавіка, кажа дзяўчына, бацьку выклікалі хуткую і адвезьлі ў 3-ці шпіталь.

«Яму зрабілі аналізы, і здымак паказаў прыкаранёвую пнэўманію, і яго паклалі ў пульманалёгію. На каранавірус таксама тады бралі аналіз, і ён быў адмоўны, — расказвае яна. — На наступны дзень тэмпзратура апусьцілася да 37, але праз два дні зноў паднялася. Калі мы размаўлялі ў той вечар, ён дыхаў так, нібыта толькі прабег крос. І пачаў кашляць, хоць доктар раней казаў, што ў лёгкіх нічога няма».

Далей становішча бацькі толькі пагаршалася, кажа дзяўчына.

«У панядзелак 23 сакавіка маці прыехала ў шпіталь і пачала дамагацца, каб зь ім нешта рабілі. Казала: „Я бачу, што мы здавалі яго ў лепшым стане, а цяпер ягонае становішча нашмат горшае“. Там пачалі мітусіцца, хацелі адправіць яго на рэнтген, але так і не давезьлі, а адразу адправілі ў рэанімацыю, бо яму было вельмі кепска. Там далі кіслародную падушку падыхаць», — расказвае яна.

Ужо ўвечары, кажа дзяўчына, бацька быў на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. У яго таксама ўзялі аналіз на каранавірус.

«Нам пра гэта нічога не казалі. Як нам ужо сказалі праз нашых знаёмых, вынік быў „паміж каранавірусам і сьвіным грыпам“. Тады ўзялі зноў аналіз, каб зразумець, што гэта. У пятніцу 27 сакавіка нам пацьвердзілі, што ў яго каранавірус», — расказвае дзяўчына. Яна мяркуе, што сям’і нічога не паведамілі пра прамежкавы аналіз, бо ён ня быў адназначным.

У пятніцу 27 сакавіка ўвечары дахаты ім пазванілі з «раённай санслужбы».

«Сказалі, каб мы зьбіраліся ў шпіталь, удакладнілі, хто з намі жыве. Мама мая адмовілася ад шпіталізацыі, бо з намі жыве яшчэ татава мама, ёй 93 гады, і яна ў ляжачым стане, даглядаць за ёй няма каму. У мамы ўзялі падпіску, што яна ня будзе выходзіць два тыдні з дома. У суботу з нашай звычайнай паліклінікі прыехалі і ўзялі аналізы ў мамы і ў бабулі, — кажа дзяўчына. — А мяне і майго маладога чалавека прывезьлі ў 4-ы шпіталь, зрабілі кардыяграму, біяхімію крыві, тэст на каранавірус і флюараграфію».

Ужо ў рэанімацыі мужчыну, паводле дачкі, зрабілі УГД ног і выявілі трамбафлебіт, а камп’ютарная тамаграфія лёгкіх выявіла ў іх тромбы. Дзяўчына кажа, што відавочных праяваў варыкознай хваробы ў бацькі раней не было, а рабіць УГД яны раней ня бачылі падставаў.

Пацьверджаны аналіз на каранавірус мае і цётка дзяўчыны — родная сястра мужчыны, які цяпер у рэанімацыі. Перад шпіталізацыяй яе дачка дала інтэрвію каналу Народны рэпартэр.

«У яе цукровы дыябэт, і ў яе здарылася мазгавая недастатковасьць, нейкі збой у разумовай дзейнасьці. Выклікалі хуткую, прывезлі ў 3-ці шпіталь, паставілі бранхіт і адправілі дахаты, — кажа дзяўчына. — Яе становішча пагоршылася моцна. А ў пятніцу прыйшоў яе станоўчы аналіз на каранавірус. Яе забралі ў гэтым купале і ўсю яе сям’ю — дачку з мужам і дзіцём і другую дачку з двума дзецьмі таксама адправілі ў шпіталі на карантын».

Дзяўчына кажа, што яна цяпер у 4-м шпіталі ў двухмясцовай палаце ў блёку на 2 палаты.

«У суседняй палаце ляжыць жанчына з пнэўманіяй, мы зь ёй дакранаемся ў туалеце і ваньне да ўсяго разам, — турбуецца яна. — Нам гэта ўсё страшна».

N. распавядае, што ў ноч, калі іх прывезьлі ў шпіталь, перад імі былі шпіталізаваныя 64 чалавекі. На наступную раніцу ўвесь іхны паверх быў запоўнены, таму яе стрыечную сястру зь дзецьмі паклалі на іншым паверсе. Усё гэта — кантакты першага ўзроўню.

«Дактары ўсе ў ахоўных касцюмах, але яны не аднаразовыя, тут стаяць кварцавыя лямпы, і вакол вісяць гэтыя касьцюмы, — расказвае дзяўчына пра ўмовы ў шпіталі. — Напэўна, яны іх дэзынфікуюць і надзяваюць зноў».

У які момант бацька захварэў на каранавірус, сям’я ня ведае.

«На працы ён апошні раз быў 12 сакавіка. І першы аналіз на каранавірус быў адмоўны, — разважае дзяўчына. — У нас ёсьць падазрэньні, што ён заразіўся ўжо ў шпіталі. Але зь іншага боку, калі ён быў адзіны, каго перавезьлі з 3-га шпіталю ў інфэкцыйны, атрымліваецца, што заразны быў менавіта ён».

Яна не выключае, што аслаблены пасьля першай хваробы, бацька мог падхапіць каранавірус недзе ў горадзе.

У рэанімацыйным аддзяленьні менскага інфэкцыйнага шпіталю Радыё Свабода паведамілі, што не даюць камэнтароў. Атрымаць камэнтар у Міністэрстве аховы здароўя пакуль не ўдалося.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG