Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто падставіў міністра Хрэніна публікацыяй пра Курапаты


Курапаты
Курапаты

Газэта Міністэрства абароны апублікавала артыкул «Куропаты — наглая ложь "свядомых"», у якім аўтар спрабуе давесьці, што ва ўрочышчы ляжаць ахвяры ня сталінскага тэрору, а гітлераўцаў.

Няма сэнсу спрачацца з публікацыяй — тое, што ў Курапатах расстрэльвалі НКВДзісты ў 1937-41 — даказана і ўрадавай камісіяй, створанай адразу пасьля адкрыцьця Курапатаў Пазьняком у 1988-м, і Генэральнай пракуратурай (прычым неаднаразова цягам апошніх трох дзесяцігодзьдзяў).

У мяне ў руках энцыкляпэдычны даведнік «Беларусь», які выйшаў у дзяржаўным выдавецтве «Беларуская энцыкляпэдыя» у канцы 1995 году (Лукашэнка ўжо больш як год быў ва ўладзе).

На старонцы 411 чытаем: «Курапаты, урочышча пад Менска, дзе ў 1937-41 органы НКУС БССР праводзілі масавыя расстрэлы цывільных грамадзян».

А на старонцы 412 працяг: «...паводле папярэдніх падлікаў, у Курапатах магло быць расстраляна ад 30 да 100 тысяч чалавек».

І можна было б не зьвяртаць асаблівай увагі на публікацыю, калі б яна мела чыста псэўданавуковы характар (ці мала дзівакоў, якія лічаць, што зямля — плоская, альбо што амэрыканцы не былі на Месяцы).

Тым, хто зноў і зноў ініцыюе міфы пра ахвяраў гітлераўцаў у Курапатах, лічбы і факты не істотныя. Ім трэба паставіць пад сумнеў памяць пра Курапаты, з адкрыцьця якіх пачалася тая хваля нацыянальнага Адраджэньня, якая ў выніку прывяла да Незалежнасьці.

Вось у гэтым — галоўнае.

У загалоўку артыкула слова «сьвядомыя» ўзятае ў двукосьсе і падаецца са зьдзекам.

Што такога дрэннага ўгледзела ў паняцьці «сьвядомасьць» газэта Міністэрства абароны?

Чаму яна лічыць сьвядомасьць нечым сумнеўным?

Грамадзянская, нацыянальная, гістарычная сьвядомасьць — гэта тое, чым цэмэнтуецца дзяржава. І калі нехта выступае супраць гэтай сьвядомасьці — значыць (па лёгіцы) ён супраць дзяржавы.

Канкрэтызую: супраць незалежнасьці гэтай дзяржавы.

І давайце выбудуем лягічны ланцуг.

Калі газэта Міністэрства абароны такое публікуе — значыць міністэрства супраць нацыянальнай сьвядомасьці? Супраць незалежнасьці Беларусі? Значыць, войска ня будзе абараняць Беларусь? У выпадку, калі пойдуць танкі — напрыклад, з усходу?

Толькі давайце адкінем тэзы кшталту «гэты артыкул можна быць прыватнай думкай прыватнага аўтара». Мы цудоўна ведаем, што ў газэце міністэрства абароны ня могуць зьявіцца ніякія «прыватныя меркаваньні» — і нават узгадкі пра гістарычныя факты, калі яны не супадаюць з курсам на інтэграцыю з Расеяй, дзе скончвалі акадэміі большасьць афіцэраў міністэрства. Скажам, нельга ўявіць публікацыі пра злачынную ролю Суворава ў Беларусі, ці перамогу князя Астроскага ў бітве з маскоўскім войскам пад Воршай. Выверанасьці ідэйнай лініі міністэрства маглі б пазайздросьціць паплечнікі генэрала Епішава — начальніка Галоўнага палітупраўленьня ў часы Леаніда Ільіча Брэжнева.

Ці, усё ж, я памыляюся, і гэтая публікацыя — сапраўды выпадковасьць, прыкрая памылка (з кім не здараецца)? Альбо — нейкі зласьлівец адмыслова, як казалі ў нашым дывізіёне, падставіў міністэрства і міністра Хрэніна? А насамрэч і афіцэрскі склад, і сам міністар — за нацыянальную сьвядомасьць, за незалежнасьць, за Беларусь?

Я ня ведаю, хто канкрэтна замаўляў гэты артыкул. Але ведаю чалавека, які ў сваіх публічных выступах таксама ўжывае слова «сьвядомыя» з абразьлівым адценьнем. І вы яго цудоўна ведаеце.

Гэты чалавек не сыходзіць з экранаў тэлевізараў вось ужо 26 гадоў — мы бачым рэпартажы пра яго на нарадах, на стадыёнах, на фэрмах, на канцэртах, на хакейных матчах, паўсюль.

Але ў Курапатах за гэтыя 26 гадоў мы яго ня бачылі ніколі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG