Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрымалі галоўнага рэдактара «Ежедневника» Сяргея Сацука

абноўлена

Сяргей Сацук, архіўнае фота
Сяргей Сацук, архіўнае фота

У Менску 25 сакавіка супрацоўнікі праваахоўных органаў затрымалі галоўнага рэдактара онлайн-выданьня «Ежедневник» Сяргея Сацука.

АБНОЎЛЕНА: пасьля 22-й гадзіны Беларускай асацыяцыі журналістаў стала вядома, што Сяргей Сацук затрыманы ў якасьці падзраванага Дэпартамэнтам фінансавых расьсьледаваньняў.

Жонка журналіста Жанна Сацук расказала, што Сяргей цяпер знаходзіцца ў Дэпартамэнце фінансавых расьсьледаваньняў (Кальварыйская,17). Там ёй адмовіліся даць інфармацыю, на якой падставе затрыманы Сяргей.

«Дзяжурны сказаў, што ня мае ніякай інфармацыі. Прапанавалі пад’ехаць брату, калі ён прыедзе, яму ўсё патлумачаць. Брат там будзе недзе ў 17.40. Брату нібыта аддадуць дакумэнты і ключы ад аўтамабіля. І сказалі, што яму дэталёва патлумачаць, за што Сяргей затрыманы», — сказала карэспандэнту Свабоды Жана Сацук.

Затрыманьне адбылося пасьля 15-й гадзіны, калі Сяргей з жонкай падʼехалі да крамы будаўнічых матэрыялаў у вёсцы Вялікае Сьціклева.

«Падышлі два маладзёны ў цывільным, прадставіліся прадстаўнікамі Камітэту дзяржкантролю і запрасілі яго ў сваю машыну, і павезьлі. Прычыны затрыманьня мне не сказалі», — сказала Жанна.

Каля 18-й гадзіны брат журналіста Аляксандар наведаў Дэпартамэнт фінансавых расьследаваньняў, аднак за што затрыманы Сяргей Сацук, яму не паведамілі. У той жа час яму выдалі ўсе дакумэнты Сяргея, якія былі ў таго пры затрыманьні. На пытаньне да сьледчых пра прычыны затрыманьня Аляксандра адказалі, што калі Сяргей выйдзе, ён сам усё раскажа.

Аляксандар выказваў думку, што, магчыма, за Сяргеем сачылі да затрыманьня. Ён сказаў «Эўрарадыё», што, паводле супрацоўніка ДФР, журналіста затрымалі за хабар.

«Я магу выказаць здагадку, што гэта зьвязана зь Беларускім тэлебачаньнем, там было агучана, што Сяргей нібыта ўзяў пяць тысяч», — сказаў Аляксандар Сацук.

Сам Сяргей Сацук за апошні час не выказваў аніякіх падазрэньняў наконт свайго магчымага затрыманьня. У той жа час родныя згадваюць, як паўгода таму на БТ выйшаў рэпартаж пра тое, што Сяргей Сацук і «Ежедневник» публікуюць заказныя рэпартажы. Тады нібыта, па словах Аляксандра і самога Сяргея Сацука, яму пагражалі, што яго або заб’юць, або падарвуць.

Цяпер у Сяргея Сацука ёсьць дзяжурны адвакат, і сямʼя чакае інфармацыі ад яго.

Сяргей Сацук вядомы сваімі журналісцкімі расьсьледаваньнямі, адно зь іх — пра пастаўкі ў Беларусь незарэгістраванай вакцыны «Эўпэнта».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG